Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня мой Дэпардзьё, ня мой Бязрукаў, ня мой Сьпівакоў...

абноўлена

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Цяпер кожны расейскамоўны за мяжой, які нават не падтрымлівае Пуціна ў Крыме, можа разглядацца як акупант, як расейскі імпэрыяліст.

Летась я напісала тэкст «Мой Дэпардзьё» пра актора Жэрара Дэпардзьё, які тады адмовіўся ад францускага грамадзянства і пагадзіўся прыняць расейскае. Асноўная думка была — для мяне больш важная творчасьць актора, якая застанецца ў гісторыі сусьветнага кіно, а не яго грамадзкія ўчынкі, якія я не падтрымліваю, але буду разглядаць любімага актора ў кантэксьце яго творчасьці. Думка была даволі кантравэрсійная і выклікала вялікую дыскусію на сайце Свабоды. Дэпардзьё быў адносна далёка і тады не было вайны.

Цяпер бы я такога тэксту не напісала. Ані пра Дэпардзьё, ані пра любога з дзеячаў расейскай культуры, якія падпісалі ліст у падтрымку дзеяньняў Пуціна ў Крыме. У Фэйсбуку кожны другі з маіх сяброў у стужцы назваў гэты сьпіс дошкай ганьбы.



Калі казаць пра пэрсаналіі, то ад Лешчанкі, Бабкінай ці Газманава нічога іншага я і не чакала, але некаторыя імёны прымусілі прызадумацца — музыкі Юры Башмет і Ўладзімер Сьпівакоў, актор Аляксей Баталаў ці рэжысэр Павал Лунгін, якія падаваліся прыстойнымі людзьмі.

З савецкай гісторыі мы ведаем, як ставіліся подпісы пад такімі зваротамі ў падтрымку ці з асуджэньнем. У часы Сталіна адмова падпісаць падобны ліст магла каштаваць жыцьця. У пазьнейшыя больш мяккія часы ў такі сьпіс маглі занесьці і бяз згоды творцы, як было з Васілём Быкавым. Але цяперашнім падпісантам не пагражае турма, яны забясьпечаныя, пасьпяховыя людзі, іх кар’ера, як падавалася, не залежала ад ляяльнасьці цяперашнім уладам Расеі. Значыць падпісвалі шчыра, і яны сапраўды падтрымліваюць вайну.

Думка, якая цяпер дамінуе ў маёй ФБ стужцы — усе расейцы паводле мэнтальнасьці імпэрыялісты, падаецца тут найбольш вытлумачальнай. Хаця, канечне, ня ўсе.

Але я цяпер ніколі цяпер не напішу, што для мяне няважны подпіс актора Сяргея Бязрукава пад лістом у падтрымку Пуціна, а больш важна, як ён сыграў ролю Сяргея Ясеніна, які быў забіты тымі самымі спэцслужбамі, пераемнікам якіх зьяўляецца цяперашняя ўлада ў Крамлі.

Апошнія месяцы я цалкам спыніла глядзець расейскія тэлеканалы, і ня толькі навіны, але фільмы і перадачы. Я проста вырашыла байкатаваць. Як прыватная асоба. Як журналістка, я чытаю ў інтэрнэце стужкі расейскіх інфармацыйных кампаній, каб мець уяўленьне пра розныя пункты гледжаньня, як чытаю навіны сусьветных, беларускіх, украінскіх СМІ. А вось тэлебачаньне глядзець спыніла, каб раптам, уключыўшы, не пабачыць твару Лешчанкі ці Кабзона. Не хачу іх ані бачыць, ані чуць нават выпадкова.

Я маю дыск з фільмамі рэжысэра Ўладзімера Бартко «Майстар і Маргарыта» і «Сабачае сэрца» (геніяльнае кіно, дарэчы), але паверце, цяпер не хачу іх пераглядаць, бо рэжысэр Бартко падпісаў зварот, і актор Бязрукаў, які грае Іешуа, падпісаў. Адзінае, што мне радасна, што ўжо ня зможа падпісаць, а можа і ніколі б не падпісаў такі зварот у падтрымку Пуціна Яўген Еўсьцігнееў, які граў Філіпа Філіпавіча.

Ведаю, што ёсьць прыстойныя і сумленныя творцы ў Расеі — Лія Ахеджакава, Юрый Шаўчук, Андрэй Макарэвіч, Сяргей Юрскі, Эльдар Разанаў і шмат іншых, якія адкрыта асуджаюць анэксію Крыма.



Але ліст, якія разам з вядомымі акторамі падпісалі і кіраўнікі расейскіх музэяў і тэатраў, накладае такую пляму на ўсю расейскую творчую інтэлігенцыю, што адмыцца ад яе можна толькі адкрыта заявіўшы пра сваю нязгоду. А гэта зробіць далёка ня кожны.

Ці ўсьведамляюць цяпер гэтыя падпісанты, якую, магчыма, непапраўную шкоду, яны наносяць з дня ў дзень іміджу ня толькі Расеі і расейцаў, і без таго не надта добрага ў сьвеце, але і ўсёй расейскай культуры? І што цяпер кожны расейскамоўны за мяжой, які нават не падтрымлівае Пуціна ў Крыме, можа разглядацца як акупант, як расейскі імпэрыяліст. І ня толькі на ўзроўні шараговага чалавека, але і на узроўні элітаў.

Я прызнаю сваю памылку. Ня мой Дэпардзьё, і ня мой Бязрукаў, ня мой Башмет, ня мой Сьпівакоў...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG