Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лія Ахеджакава: Не магу здрадзіць Украіне


Лія Ахеджакава.
Лія Ахеджакава.

Расейская акторка Лія Ахеджакава кажа, што баіцца абмяркоўваць украінскі крызіс зь сябрамі, каб не пасварыцца і не «застацца ворагамі на ўсё жыцьцё». Ахеджакава сярод іншых 120 расейскіх кінематаграфістаў паставіла подпіс пад зваротам, які асуджае інтэрвэнцыю расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

«Людзі вельмі люта ўспрымаюць і той, і іншы бок. Нас Сэвастопаль раскалоў», — адзначыла акторка.

У звароце, пад якім сярод іншых падпісалася Лія Ахеджакава, ад імя расейскіх кінематаграфістаў гаворыцца: «Вы справядліва кажаце аб беспрэцэдэнтнай антыўкраінскай кампаніі, разьвязанай расейскімі дзяржаўнымі каналамі і аб народным паўстаньні супраць ганебнага рэжыму Януковіча. Мы, як і вы, катэгарычна супраць хлусьні ў асьвятленьні лёсавызначальных для Ўкраіны падзеяў і тым больш супраць расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. Нас занадта шмат зьвязвае, каб мы паверылі прапагандзе. Таму адказваем ляканічна і недвухсэнсоўна: не сумнявайцеся ў нас. Мы на баку праўды і мы з вамі!».

Ахеджакава кажа, што нягледжячы на наступствы ў выглядзе абразаў, якія яна атрымлівае праз Інтэрнэт, яна ня можа здрадзіць Украіне:

«Спачатку мяне ахопліваў жах ад гэтых абразаў, але падзеі разьвіваліся такім чынам, што мне лепш быць на гэтым баку. Хай абражаюць, хай кідаюць у мяне камяні, але я асабіста Ўкраіне ня здраджу! Ні пад якім выглядам, нават калі мяне будуць так жорстка абражаць і зьневажаць. Я падпісала зварот толькі для таго, каб мае калегі ва Ўкраіне ня думалі, што я такая ж, як і тыя, хто займаецца гэтай страшнай прапагандай. „Хлопцы, мы з вамі!“ — І ўсё. А зрабіць нічога нельга. Запрацавала страшная машына. Наперадзе ідзе прапаганда, за ёй ідзе карысьлівасьць і сквапнасць. За імі — уладалюбства і халуйства».

Увечары ў аўторак Міністэрства культуры Расеі апублікавала ліст 86-ці вядомых дзеячаў культуры ў падтрымку пазыцыі прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ва ўкраінскім пытаньні.

Ліст супраць увядзеньня войскаў ва Ўкраіну падпісала каля 150 чалавек, і збор подпісаў працягваецца. У звароце, падрыхтаваным аб’яднаньнем, альтэрнатыўным Саюзу кінэматаграфістаў Расеі, выказваецца пратэст «супраць хлусьні ў асьвятленьні лёсаносных для Ўкраіны падзеяў і супраць расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ў Расею». Сярод вядомых людзей, чый голас прагучаў у падтрымку Ўкраіны, Лія Ахеджакава, Эльдар Разанаў, Аўдоцьця Сьмірнова, Алена Коранева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG