Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БКК не вядзе перамоваў пра ўзнаўленьне супрацоўніцтва з «Уралкаліем»


Пра гэта паведамілі Радыё Свабода ў прэс-службе кампаніі.

«БКК не адкідае ніводнай цікавай прапановы наконт супрацоўніцтва, якая нам паступае. Але на дадзены момант перамовы пра ўзнаўленьне супрацоўніцтва не ідуць. І сустрэча, якая адбывалася ў Маскве, не закранала пытаньняў бягучай сытуацыі на рынку. Са свайго боку магу паведаміць, што, паводле маёй інфармацыі, мы такой ініцыятывы не праяўлялі», — сказала прадстаўніца прэс-службы.

3 лютага стала вядома пра сустрэчу кіраўніцтва ААТ «Уралкалій» і Беларускай калійнай кампаніі ў Маскве. Меркавалася, што размова можа ісьці пра магчымасьць узнаўленьня супрацоўніцтва.

У канцы ліпеня «Ўралкалій» адмовіўся ад экспарту праз сумеснага зь беларускім бокам трэйдэра — Беларускую калійную кампанію.

Празь месяц у Менску пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам быў арыштаваны гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр.

Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Беларускі бок лічыць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанесьлі шкоду ў памеры 100 млн даляраў.

Да гэтага бізнэсовец амаль тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ Беларусі і на кансьпіратыўнай трохпакаёвай кватэры спэцслужбаў у Менску, а пасьля экстрадыцыі ў Расею амаль тры тыдні правёў у маскоўскім сьледчым ізалятары № 5.

Басманны суд Масквы падоўжыў тэрмін сьледзтва па справе былога гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра да 14 красавіка.
XS
SM
MD
LG