Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уралкалій» вернецца ў Беларусь толькі на сваіх умовах — Злотнікаў


Адзін з офісаў кампаніі «Уралкалій»
Адзін з офісаў кампаніі «Уралкалій»

Група ОНЭКСИМ Міхаіла Прохарава і кампанія «Ўралхім» Дзьмітрыя Мазепіна набылі ў стратэгічнага акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава больш за 41% кампаніі (21,75% акцыяў ОНЭКСИМ і 19,99% «Уралхіма»).

Кіраўніком новага актыву прызначаны выхадзец з «Уралхіма» Дзьмітры Осіпаў, які будзе выконваць гэтыя функцыі прынамсі да вырашэньня лёсу цяперашняга гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Абвінавачаны беларускімі ўладамі ў нанясеньні буйной матэрыяльнай шкоды, Баўмгертнэр тры месяцы адседзеў у Менску ў СІЗА КДБ і пад хатнім арыштам. У выніку складаных перамоваў яго дэпартавалі ў Расею. Пасьля непрацяглага знаходжаньня ў адным з маскоўскіх сьледчых ізалятараў цяпер ён пераведзены пад хатні арышт у сваю маскоўскую кватэру, яму замацаваны электронны бранзалет. Паколькі незразумела, калі Баўмгертнэр здолее прыступіць да выкананьня прафэсійных абавязкаў, ягоныя функцыі будзе выконваць Осіпаў.

Ці пераўтворыцца асоба Баўмгертнэра ў «адыграны матэрыял»? Меркаваньне на гэты конт Свабодзе выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Пакуль цяжка пра нешта казаць, але, наколькі я разумею, „Ўралкалій“ ня быў структурай, якая падпарадкоўвалася прэзыдэнту Пуціну і ягонай камандзе. Таму яны ня вельмі і абаранялі Баўмгертнэра ці „Ўралкалій“ увогуле. Перасьлед Баўмгертнэра спачатку ў Беларусі, а потым і ў Расеі для Пуціна і ягонай каманды, якія на самой справе кіруюць у Расеі асноўнымі працэсамі, не такая ўжо значная справа. Як і магчымая страта ўласна Баўмгертнэра на расейскім рынку ў якасьці бізнэсоўца».

Карэспандэнт: «Ці можа паспрыяць зьмена ўласьніка „Ўралкалія“ наладжваньню адносінаў зь „Беларуськаліем“ і „Беларускай калійнай кампаніяй“? Менск абвінаваціў Баўмгертнэра ў нанясеньні матэрыяльнай шкоды беларускаму бюджэту ў памеры 100 мільёнаў даляраў. Якая верагоднасьць забыцца на старыя крыўды пасьля паэтапнага выцісканьня з „Уралкалія“ ранейшага акцыянэра, паколькі Аляксандар Лукашэнка ня раз падкрэсьліваў: уся праблема калійнай справы — менавіта ў Керымаву».

Злотнікаў: «Ведаеце, бізнэс ёсьць бізнэс. І калі гэта выгадна для абодвух бакоў, яны змогуць аднавіць ранейшыя пагадненьні. Прынамсі тэарэтычная верагоднасьць гэтага існуе. Але як на самой справе будзе — сказаць цяжка, таму што расейцы атрымалі нэгатыўны досьвед працы зь Беларусьсю. З аднаго боку — прыбытак, а зь іншага боку — цяжкія адносіны з адміністрацыяй, зь „Беларуськаліем“ і г.д. Для таго каб нешта зразумець, павінны адбыцца новыя перамовы. І калі Беларусь пойдзе на нейкія саступкі, то можна будзе пра нешта казаць. А саступкі могуць быць якія? Па-першае, што ў новым аб’яднаньні „Ўралкалію“ будзе належаць большая доля — 51% і больш. Гэта азначае, што расейцы будуць цалкам камандаваць у новай структуры. Па-другое, штаб-кватэра новага аб’яднаньня будзе ня ў Менску, а, прыкладам, у Швайцарыі ці ў Расеі. З улікам нейкіх такіх умоваў нешта ўрэшце можа адбыцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG