Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль палову ЗША накрылі сьнегапады


Архіўнае фота
Архіўнае фота

У 11 штатах Амэрыкі ўведзены рэжым надзвычайнага становішча.

Больш за 1 мільён 200 тысяч спажыўцоў паўднёвых і паўночна-ўсходніх штатаў ЗША засталіся без энэргазабесьпячэньня з-за моцных сьнегападаў.

Большасьць спажыўцоў засталіся без сьвятла ў Джорджыі, Алабаме, Паўднёвай і Паўночнай Караліне. Як адзначаюць прадстаўнікі ўлады гэтых штатаў, на рамонт аварыйных участкаў можа сысьці каля тыдня, паведамляе тэлеканал CBS.

Стыхія значна ўскладніла авіязносіны. Паводле апошніх дадзеных, у ЗША адмененыя больш за 6,6 тысячы авіярэйсаў , яшчэ 6,4 тысячы — адкладзеныя на няпэўны час. Найбольшыя праблемы цяпер адчуваюць паветраныя гавані Атланты (штат Джорджыя), Шарлот (штат Паўночная Караліна), Філадэльфіі (штат Пэнсільванія), Вашынгтона, Нью-Ёрку, Балтымору (штат Мэрылэнд) і Бостана (штат Масачусэтс).

Сытуацыю на аўтамагістралях мясцовыя ўлады ацэньваюць як крытычную.

Тысячы людзей затрымаліся ў шматкілямэтровых заторах. Шэраг аўтатрас закрыты для праезду грузавікоў і фураў, у прыватнасьці, адна з магістраляў, якая злучае Нью-Ёрк з штатам Канэктыкут.

У паўднёвых штатах сытуацыя на дарогах яшчэ горшая. Гэтак, у Паўночнай Караліне і Вірджыніі на асобных аўтастрадах сотні аўтамабілістаў, якія больш за суткі прастаялі ў заторах, проста кінулі свае машыны на дарозе і пешшу пайшлі да суседніх матэляў.

З-за непагадзі загінулі ўжо 16 чалавек, у асноўным у дарожна-транспартных здарэньнях. Гэтак, у штаце Тэхас на сьлізкай дарозе перакулілася хуткая дапамога — загінулі тры чалавекі. У штатах Джорджыя і Місісіпі ў аўтамабілях і на вуліцах знаходзілі замерзлых людзей.

Сьнегапад закрануў 18 штатаў — ад Тэхасу да Мэну. Улады 11 зь іх абвясьцілі аб увядзеньні рэжыму надзвычайнага становішча. У штаце Нью-Ёрк такія меры прынятыя пакуль толькі ў некаторых акругах. Для дапамогі ў ліквідацыі наступстваў стыхіі ў гэтыя рэгіёны накіраваны падразьдзяленьня Нацыянальнай гвардыі ЗША.

У шэрагу раёнаў ужо выпала больш за 50 сантымэтра сьнегу. Па дадзеных сыноптыкаў, у некаторых штатах сьнегапад ўжо зьмяніўся дажджом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG