Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усьлед за моцнымі маразамі, што ўсталяваліся ў апошнія дні на тэрыторыі Беларусі, паболела надзвычайных здарэньняў, найперш — пажараў.

Як паведамляе МНС, толькі цягам апошніх сутак у агні загінулі 3 чалавекі, зьнішчана 4 і пашкоджана 31 пабудова. Часта прычынай становяцца старыя няспраўныя печы, рамантаваць якія няма каму.

У студзені на Гомельшчыне ў агні загінулі 28 чалавек. Прычыны пажараў ня новыя — гэта і неасьцярожнае абыходжаньне з агнём, асабліва ў нецьвярозым стане, і курэньне ў ложку, і, вядома, перапал і няспраўнасьць катлоў, печаў, стаякоў і грубак. Менавіта з-за перапалу печы, як паведамляе рэгіянальная служба МНС, здарыўся пажар у вёсцы Грэбень Жыткавіцкага раёну.

Шмат хто зь вяскоўцаў на Палесьсі пасьля вялікай леташняй паводкі мусіў перарабляць свае стаякі й печы, каб ня мерзнуць у лютыя маразы.

Сутыкнулася з такімі клопатамі і жыхарка вёскі Мардзьвін Петрыкаўскага раёну спадарыня Надзея — у ейнай хаце паводка падмыла падмуркі печы й грубкі, і яны пабраліся трэшчынамі:

«Трохі дзеці падрамантавалі. Не раскідалі, а падрамантавалі. Печкара прывезьлі з Барысава. З Барысава зяць печкара прывёз. Ён усё пазамазваў — і грубку падрамантаваў, і печ падрамантаваў. Ужо дым не ідзе, падвальваю штодня».

Гаспадыня кажа, што ўвосень ажно чацьвёра пажарнікаў прыяжджалі правяраць печы. Дапамогі яна ў іх не прасіла, бо да таго часу і грубка, і печ былі адрамантаваныя. Дый што могуць інспэктары — папярэдзіць ці штраф выпісаць. Печніка добрага яны ж не дадуць, бо тых печнікоў у многіх вёсках, як кажуць, днём з агнём ня знойдзеш.
Пажар у вёсцы Ветачка Рагачоўскага раёну. Гаспадар хаты загінуў

Пажар у вёсцы Ветачка Рагачоўскага раёну. Гаспадар хаты загінуў


На дэфіцыт печнікоў жаліцца і яшчэ адна вяскоўка з Мардзьвіна:

«У нас тых старых печнікоў ужо няма — яны паўміралі. Адзін толькі маладзейшы крыху корпае. Калі няма, але прысьпічыць, то клічуць і яго. Тут адна гаспадыня зь Петрыкава выклікала, дык прыяжджаў і перарабляў летам. Мільён аддала. У нас добры майстра такі быў, то ён як зрабіў нам печ гадоў трыццаць таму, дык яна й сёньня стаіць. Але й яе трэба перарабляць, бо як прарвала дамбу і перла ваду, то яе зрушыла крыху, яна пакалолася. Дзьверцы ў коміне не зачыняюцца добра, і ўсё такое».

Ад няспраўнасьці пячнога ацяпленьня ці зь нейкай іншай прычыны запалала днямі хата ў вёсцы Зялёны Востраў Гомельскага раёну. У агні загінула 58-гадовая пэнсіянэрка. Камісія правярала гэтую хату напрадвесьні 2012 году і канстатавала: корпус печы мае трэшчыны, патрэбны рамонт дымахода. Аднак амаль за два мінулыя гады нічога ў хаце не было зроблена. Ці то гаспадар не зважаў на непаладкі, ці то печніка не знайшоў, цяпер ужо ніхто й ня скажа — незадоўга да пажару гаспадар нечакана памёр.
Пажар у Зялёным Востраве

Пажар у Зялёным Востраве


У Аздэлінскім сельскім савеце, да якога належыць вёска Зялёны Востраў, апавядаюць, што вяскоўцы, асабліва адзінокія, нярэдка просяць печніка:

«Хаця б адзін пячнік на сельскі савет афіцыйна павінен быць, бо адзінокіх грамадзянаў шмат. І калі ў каго штосьці здараецца, яны ідуць у сельскі савет».

Цяпер сельсаветчыкі ў лепшым выпадку шукаюць умельцаў, якія штосьці разумеюць у пячных справах. Інакш людзі самі мусяць знайсьці майстра, бо такіх спэцыялістаў вучэльні амаль не выпускаюць. На Гомельшчыне на гэтую спэцыяльнасьць спрабаваў вучыць будучых будаўнікоў Чачэрскі ліцэй, але справа там заглухла.
Пажар у Бабровічах Калінкавіцкага раёну, гаспадара ўратавалі

Пажар у Бабровічах Калінкавіцкага раёну, гаспадара ўратавалі


Цяпер, як сьцьвярджаюць у абласной управе адукацыі, пячной справе навучаецца толькі група арыштантаў у Мазырскай папраўчай калёніі № 20.

Больш ніхто ў рэгіёне падрыхтоўкай печнікоў не займаецца.

Тым часам у Гомелі з удзелам намесьніка міністра надзвычайных сытуацыяў генэрала Аляксандра Ганчарова створаны каардынацыйны штаб, які павінен змагацца з пажарамі. Генералы дзеля гэтага ёсьць, а печнікоў — бракуе.
XS
SM
MD
LG