Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 прычынаў чаму сочынская алімпіяда можа быць самай скандальнай


Зімовая алімпіяда ў Сочы пачнецца 7 лютага. Мяркуецца, што гэтыя гульні будуць каштаваць як найменей 51 мільярд даляраў — яны будуць найдаражэйшымі ў алімпійскай гісторыі. Расея патраціць на іх амаль на 40 мільярдаў даляраў болей, чым Кітай на летнюю алімпіяду 2008 году. Вялікабрытанія патраціла на лёнданскую алімпіяду 2012 году 15 мільярдаў даляраў.

Сочы быў абраны месцам правядзеньня зімовай алімпіяды на 119-й сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў ліпені 2007 году ў Гватэмале. У той час кошт гульняў ацэньваўся на 12 мільярдаў, і нават гэтая сума зьвяла да мінімуму шанцы канкурэнтаў Расеі — Паўдзённай Карэі і Аўстрыі, але за гэты час кошт гульняў вырас больш, чым у чатыры разы.

Брытанскае выданьне «Gardian» адзначае як найменей пяць фактараў, якія робяць сочынскія гульні скандальнымі яшчэ да іх пачатку.

1. Гульні праводзяцца ў субтрапічным марскім курорце

Алімпійскі парк будуецца ў Імэрэтынскай даліне на беразе Чорнага мора, побач разьмяшчаецца алімпійскі стадыён «Фішт» і крытыя аб’екты. Сьнежныя спаборніцтвы будуць праходзіць у горай мясцовасьці Красная Паляна, куды праведзеная шыкоўная чыгунка. Нядаўна ў гарах выпаў сьнег, таму, магчыма, Расеі не давядзецца выкарыстаць вялізную колькасьць штучнага сьнегу, падрыхтаванага на выпадак неспрыяльнага надвор’я.

2. Надзвычайнае марнатраўства і падозраньні ў карупцыі

У артыкуле ў Bloomberg Businessweek Джошуа Яфа падае дэталі 21 кантракту — яны былі раздадзеныя блізкім сябрам Уладзіміра Пуціна, братам Аркадзю і Барысу Ротэнбэргам — на суму 7 мільярдаў даляраў, што складае 14% ад усіх выдаткаў на гульні. Яфа піша, што крымінальных справаў было заведзена няшмат; аднак у чэрвені 2012 Сьледчы камітэт РФ завёў справу супраць падрадчыкаў на будоўлі двух аб’ектаў — алімпійскага срадыёна «Фішт», дзе пройдзе толькі адкрыцьцё і закрыцьцё алімпіяды, і бабслэйнай трасы.

Сьледчыя мяркуюць, што падрадчыкі падвысілі кошты, падаўшы фальшывыя або непацьверджаныя дадзеныя аб праекце. Меркаваныя страты ў дзяржаўным бюджэце складаюць каля 170 мільёнаў даляраў на стадыёне і 75 мільёнаў на бабслэйнай трасе. Аднак у інтэрвію замежным мэдыям 20 студзеня Пуцін заявіў, што ніякіх сьведчаньняў карупцыі не было, хоць і прызнаў, што былі спробы завышэньня коштаў, што, як ён сказаў, магло здарыцца ў любой краіне.

3. Сочы мае вялікае значэньне для чэркескага народу, які зазнаў генацыд з боку Расейскай імпэрыі ў 1864 годзе

На алімпійскі год прыпадае 150-я гадавіна паразы чэркесаў у 1864 годзе пасьля 101 году змаганьня ў жорсткай і крывавай расейска-каўкаскай вайне. Сочы быў месцам апошніх баёў той вайны, з сочынскага порту бальшыня чэркесаў была дэпартаваная ў Асманскую імпэрыю. Сама Красная Паляна была месцам, дзе 12 траўня 1864 году адбыўся парад расейскіх войскаў у гонар перамогі і канца вайны. Сочы быў апошняй сталіцай незалежнай Чэркесіі ад 1861 да 1864 году, сам горад атрымаў назву паводле чэркескай этнічнай групу Шачэ, якая жыла там да 1864 году. Ёсьць меркаваньне, што з набліжэньнем сочынскай алімпіяды ўзмацняецца інфармацыйная вайна, галоўная мэта якой — зьліквідаваць усе сьляды той вайны і генацыду.

4. Праблема ваяўнічых ісламісцкіх рухаў на Каўказе

У Валгаградзе, разьмешчаным у непасрэднай блізкасьці ад Каўказу, летась у кастрычніку адбыўся тэрарыстычны акт, у якім жанчына-сьмяротніца падарвала сябе ў гарадзкім аўтобусе, у выніку чаго загінулі шэсьць чалавек, бальшыня зь іх падлеткі. 29 і 30 сьнежня ў горадзе адбыліся яшчэ два выбухі, першы на гарадзкім вакзале, другі ў тралейбусе, загінула яшчэ 30 чалавек.

Расейскія ўлады ўзялі Сочы ў «жалезнае кола», аднак расьце страх новых тэрактаў ў самім Сочы ці ў яго ваколіцах. Вядучы расейскі экспэрт па спэцслужбах Андрэй Салдатаў цьвердзіць: «Як выглядае, расейскія спэцслужбы не разумеюць, што кантраляваць усіх і ўсё (ідэя, запазычаная ў савецкім мінулым) і прадухіліць тэракт — гэта зусім ня тое самае».

5. Закон супраць «прапаганды гомасэксуалізму»

30 чэрвеня 2013 году Пуцін падпісаў новы закон, які быў зацьверджаны Дзярждумай у максымальна кароткі тэрмін. Ад ліпеня, калі закон уступіў у сілу, «пашырэньне інфармацыі, накіраванай на фармаваньне ў непаўналетніх нетрадыцыйных сэксуальных установак» стала злачынствам. За гэта прадугледжваецца пакараньне штрафам ад 4000 да мільёна рублёў або зьняволеньне на тэрмін да трох месяцаў.

Гэта выклікала міжнародны скандал, шэраг кіраўнікоў дзяржаваў заявілі, што не прыедуць у Сочы на ўрачыстае адкрыцьцё алімпіяды.

19 студзеня ў інтэрвію Бі-Бі-Сі Пуцін сьцьвярджаў, што ў Расеі няма дыскрымінацыі супраць геяў ні на працы, ні ў грамадзтве і што новы закон нікому не нашкодзіў — ягонай мэтай было проста абараніць дзяцей. Ён сказаў: «У мяне самога сярод знаёмых ёсьць некалькі геяў. У нас прыязныя адносіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG