Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сочы-2014: зімовая Алімпіяда на летнім курорце


Пры канцы тыдня ў расейскім Сочы будуць урачыста адкрытыя ХХІІ зімовыя Алімпійскія гульні. Напярэдадні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прызнаўся, што асабіста прымаў рашэньне з выбарам месца, хоць апанэнты і пераконвалі: маўляў, разумней ладзіць спаборніцтвы не на летнім курорце, а ў мясьцінах з больш прадказальным кліматам — балазе, расейская Сыбір вялізная. Але Пуцін настояў на сваім. Пра апошнія дні перад белай Алімпіядай у вільготных субтропіках — Ігар Карней.

Штодня тэлеканал «Эўраньюс» перадае прагноз надвор’я для эўрапейскіх курортаў. Апошнія тыдні на дзясятках базаў стабільна трымаецца мінусавая тэмпэратура. І толькі Красная Паляна, дзе будуць праходзіць усе асноўныя спаборніцтвы на адкрытым паветры, кідаецца ў вочы — там да 10 цяпла. Да канца Гульняў, калі ў рэгіёне фактычна надыдзе вясна, дадасца яшчэ пару градусаў. Арганізатары не хаваюць, што больш спадзяюцца на сьнегавыя гарматы і штучнае пакрыцьцё трасаў.

Апроч таго, гучала нямала нараканьняў на тое, што гіганцкія грошы, выдзеленыя на ўзьвядзеньне аб’ектаў інфраструктуры змарнавалі альбо раскралі. У якіх умовах Сочы рыхтуецца да Алімпіяды — галоўны рэдактар папулярнага парталу blogsochi.ru Аляксандар Валаў:

Аляксандар Валаў
Аляксандар Валаў
«Дастаткова зімна, калі суадносіць з сочынскім кліматам — градусаў 10 цяпла. Скажам так, прахалодна. Што да агульнай карціны, то Алімпійская вёска гатовая, інакш Гульні проста б не адбыліся. Мяркую, што са спартоўцамі праблемаў ня будзе. На самой справе ўсё зроблена на высокім узроўні, усё ўпрыгожана, пальмы стаяць, дарогі парабілі. Адзінае пытаньне, што ў выпадку сур’ёзнага шторму можа падступіць вада. Якія паўгода таму, калі быў такі шторм, вада папросту перахліснула праз набярэжную і падтапіла Алімпійскую вёску. Але пакуль шторму няма, то нібыта няма і падставы турбавацца. Якія прэтэнзіі ня зьнятыя, дык гэта па дамах для валянтэраў і падрыхтоўцы зоны міжнароднай алімпійскай гасьціннасьці. Дамы не дабудаваныя ўвогуле, яшчэ мінімум год іх даводзіць да ладу. Цяпер валянтэраў расьсяляюць па гатэлях. То бок яны, па сутнасьці, зараз зоймуць месцы ў гатэлях, якія маглі заняць госьці Алімпіяды».

Асобнай тэмай для кпінаў стала нядаўняя заява аднаго з куратараў сочынскай Алімпіяды, намесьніка старшыні ўраду Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыя Козака: маўляў, паветра ў Сочы зрабілася ўдвая чысьцейшае, чым на пачатку рэалізацыі алімпійскага праекту ў 2008-м. Усё гэта суправаджаецца здымкам пробнага запалу алімпійскага агню: дым такі, як ад пакрышак на кіеўскім Майдане. Калі так будзе чадзіць і падчас спаборніцтваў, то пра якасьць расейскага газу пара складаць анэкдоты.

Адметнасьць Алімпіяды-2014 — яе палітызацыя. Многія ўсясьветныя лідэры, спаслаўшыся на занятасьць, адмовіліся ехаць на цырымонію адкрыцьця ў Сочы. Рэальнай жа падставай сталі шматлікія прыклады парушэньня правоў чалавека, гамафобіі, абмежаваньня свабоды слова, перасьледу апазыцыі. Гэта ня тычыцца кіраўнікоў, якія з Масквой у цесным хаўрусе — той жа Аляксандар Лукашэнка прыбудзе на Красную паляну, дзе мае рэзыдэнцыю для адпачынку, адным зь першых.

Дзеля будоўлі спартовых аб’ектаў у Сочы і ваколіцах пазносілі адміністрацыйныя і жылыя пабудовы, а тысячы адселеных жыхароў дагэтуль туляюцца па чужых кутках, нават у іншых гарадах. Адна зь іх — беларуска Любоў Голубева, якую з пачаткам татальнай перабудовы разам зь сястрой сілай выкінулі з жыльля на тэрыторыі санаторыя «Беларусь». За сваю актыўнасьць у змаганьні з несправядлівасьцю спадарыня Любоў цяпер рызыкуе ўвогуле застацца бяз працы гіда ў турыстычным агенцтве і без кута ў гатэлі Дагамысу:

«Зараз, як і ўсе тут, рыхтуюся да Алімпіяды. Па ідэі, мне яшчэ павінны зрабіць акрэдытацыю. Зрэшты, ня ведаю, як і што атрымаецца, бо, самі разумееце, у зьвязку з усімі папярэднімі падзеямі, з тым, што я была ўпаўнаважанай па мітынгах у нашым горадзе, — магчыма, яны і не прапусьцяць маю кандыдатуру. Я дакладна ня ведаю, як усё будзе выглядаць на самой справе, самой цікава. Але я спэцыяльна не купляла квіткі на Алімпійскія гульні ў спадзяваньні, што ўсё ж хопіць розуму ня ставіць палкі ў колы. Тым ня меней нічога выключаць нельга: хоць гэта і сьвята спорту, але пэўны палітычны падыход можа мець месца. Таму застаецца толькі пачакаць, як усё будзе складацца. Увогуле шкада, што вы сюды не прыедзеце, бо тое, што тут адбываецца вакол Алімпіяды, журналістам трэба бачыць на ўласныя вочы».

Адно з самых надзённых пытаньняў — бясьпека ўдзельнікаў і гасьцей Алімпіяды. Блізкасьць традыцыйна неспакойнага Каўказу дадае нэрвознасьці ня толькі арганізатарам, але і спартоўцам. Праўда, арганізатары запэўніваюць, што ўсялякія эксцэсы выключаныя, а парадак будуць кантраляваць блізу 100 тысяч паліцэйскіх і супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Людміла Ваўчок
Людміла Ваўчок
Адна з самых тытулаваных беларускіх спартовак, удзельніца паралімпійскай каманды Людміла Ваўчок, у Сочы выправіцца другім эшалёнам — праз тыдзень пасьля заканчэньня асноўнай праграмы Алімпіяды. Спадзяецца, што і алімпійцам, і паралімпійцам забясьпечаць найлепшыя ўмовы для дэманстрацыі высокіх вынікаў. Вялікае інтэрвію зь Людмілай мы плянуем напярэдадні Гульняў, пакуль жа — тэма бясьпекі:

«Я так спадзяюся, што там усе сілы, усе магчымасьці кінутыя якраз на гэта — на бясьпеку людзей. Таму асабіста я не баюся, хоць увогуле спартоўцам перад стартам трэба думаць зусім пра іншае, не пра тэрарыстаў, прынамсі. Увогуле ў мінулым годзе мы там ужо былі, на гэтай трасе трэніраваліся, спаборнічалі, з многімі супрацоўнікамі, якія непасрэдна правяраюць трасу, перазнаёміліся. Прынамсі, зь іхняй працы я зрабіла выснову, што іх асноўная задача — забясьпечыць умовы, каб спартоўцы не турбаваліся наконт нейкага форс-мажору. Таму тут апасеньні больш за самі старты, за ступень гатовасьці».

Беларусь у Сочы будзе прадстаўлена самым нешматлікім складам за ўсю гісторыю выступаў на зімовых Алімпіядах ад абвяшчэньня сувэрэнітэту: 27 удзельнікаў асноўнай праграмы і 14 паралімпійцаў. Мэдалёвыя шанцы беларусаў адпачатку ацэньваюцца як досыць сьціплыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG