Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейным фанатам у Менску няма дзе жыць


шматфункцыянальны комплекс «Кемпінскі»
шматфункцыянальны комплекс «Кемпінскі»

Меней чым за пяць месяцаў да пачатку хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, які ўпершыню правядзе Менск, выявілася: сетка гатэляў, на разьмяшчэньні гасьцей у якіх улады разьлічвалі зарабіць немалыя грошы, паўтарае лёс спартовых аб’ектаў-даўгабудаў.

Плянавалася, што працы па ўзьвядзеньні і рэканструкцыі гатэляў ў скрайнім выпадку мусілі быць завершаныя да лютага гэтага году. Аднак, як вынікае са справаздачы Камітэту дзяржаўнага кантролю, з паўтара дзясятка гатэляў, вызначаных для прыёму афіцыйных асобаў, удзельнікаў і заўзятараў, палова ня будзе здадзеная ў тэрмін.

Прычыны, на якія спасылаюцца забудоўшчыкі, традыцыйныя — адсутнасьць сродкаў і працоўных рук. Між тым, шэраг кампаній-падрадчыкаў атрымалі пад амбітныя праекты беспрэцэдэнтныя падатковыя ільготы, ласыя кавалкі ў цэнтры сталіцы і адтэрміноўку плацяжоў па буйных крэдытах.

Найбольш яскравы прыклад — шматфункцыянальны комплекс «Кемпінскі», які, згодна з прэзыдэнцкім указам, кампаніі «Эліт Эстрэйд» і «Трайпл», падначаленыя праўладнаму бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, меліся здаць яшчэ да канца 2013 году. Аднак у падрыхтаваным Менгарвыканкамам пераліку гатэляў да чэмпіянату сьвету па хакеі «Кемпінскі» нават ня згадваецца.

Гэта пры тым, што абумоўленыя афіцыйным дакумэнтам умовы будаўніцтва вызначаюць для Чыжа і яго кампаньёнаў беспрэцэдэнтныя ўмовы: пазбаўленьне ад аплаты шэрагу падаткаў і збораў, выдзяленьне дадатковых 7 мільярдаў рублёў зь бюджэту, хуткае афармленьне замежных рабочых і г.д. Гэта ня лічачы таго, што ўласна пабудова, якая паўстала на месцы помніка архітэктуры ХІХ стагодзьдзя — першай гарадзкой электрастанцыі — парушыла ўсе магчымыя нормы заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Іншае пытаньне — ці насамрэч у дадзеным выпадку перасьледавалася мэта збудаваць 5-зоркавы гатэль да хакейнага першынства? Дый заўзятары, як сьведчыць досьвед, аддаюць перавагу ўсё ж нумарам па больш даступных коштах.

Заслужаны архітэктар Беларусі Юры Градаў не хавае абурэньня ад таго, што з падачы горадабудаўнікоў гэты гатэль зараз дамінуе ня толькі на асобным участку праспэкту Незалежнасьці, а над усёй сталіцай:

«Гэты будынак, які каля цырка проста бяльмом сеў на вачах сталіцы, мяне
Тая спаруда ня толькі цэнтральны праспэкт сталіцы сапсавала, а ўвесь наш горад!
раздражняе да неймавернасьці. Тая спаруда ня толькі цэнтральны праспэкт сталіцы сапсавала, а ўвесь наш горад! Праспэкт Незалежнасьці дагэтуль лічыўся ўнікальным творам, які трэба ахоўваць. Калі нічога не блытаю, праспэкт хацелі нават у сьпіс ЮНЭСКА ўключаць. І вось на табе — такую блямбу ўставілі. Ну, няўжо можна так зьдзекавацца з гарадзкой архітэктуры, яе помнікаў? Патрэбна мець праект канцэптуальнага разьвіцьця горада. А ў нас, на жаль, ідзе штучнае праектаваньне горада, калі вось так нешта ўсоўваюць, ні з кім нават не параіўшыся».

Паўсталі праблемы і ў іншых гатэльных комплексаў, якія разам з «Кемпінскі» мусілі стаць «упрыгожаньнем горада». Гатоўнасьць гатэляў «Славянскі», «Сьвіслач», «Беларусь», наступных ліній комплексаў «Вікторыя-Алімп» і «Вікторыя-2» складае ўсяго 60-70%. Аднак ёсьць і свае «чэмпіёны»: гатэль «Пэкін» і комплекс на праспэкце Пераможцаў на месцы інтэрнату БДУ будавацца так і не пачалі. Каб зрушыць справу з мёртвай кропкі, трэба тэрмінова кідаць сілы хоць бы на тыя аб’екты, якія рэальна давесьці да ладу за пару месяцаў. Аднак паўстае іншае пытаньне — працоўная сіла.

Дарогу беларускім будаўнікам перайшоў алімпійскі Сочы і цяпер перад уладамі стаіць задача аднекуль прыцягнуць ня меней за 2-3 тысячы гастарбайтэраў, паколькі на некаторых будоўлях задзейнічаная толькі трэцяя частка ад колькасьці, вызначанай нарматывамі. Прараб Аляксандар Валчынскі кажа, што Беларусь сутыкнулася з праблемай, якую можна вырашыць выключна праз запрашэньне замежнай сілы. На яго думку, ва ўмовах цэйтноту сытуацыю могуць выправіць хіба што азіяты, якіх апошнім часам на беларускіх будоўлях усё болей — віетнамцы, кітайцы, нават паўночныя карэйцы і бангладэшцы:

«Тое, што не стала хапаць працоўных рук, атрымалася ў выніку ланцуговай рэакцыі: як з Расеі прафэсіяналы выяжджаюць на Захад і іх месцы займаюць беларусы, так цяпер мы вымушаныя кагосьці шукаць здалёк. Свае ж зьехалі!
няма каму працаваць, даводзіцца цягнуць віетнамцаў, карэйцаў
Працоўных тупа не хапае, проста не хапае. гэта ж не той выпадак, калі можна махнуць рукой — няма, ды і добра, зэканомім на чалавеку. У кожнага свой фронт працы, які трэба выканаць. Таму хоць бы хто ды працаваў. Фактычна нам няма розьніцы, з кім працаваць, але дажыліся да таго, што ўжо няма каму. Хто будзе працаваць, асабліва, калі такія вялізныя аб’ёмы? Няма асабліва каму. Вось і даводзіцца цягнуць віетнамцаў, карэйцаў».

Паводле Камітэту дзяржкантролю, блізу дзясятка гатэляў, якія ўзводзіліся з нуля ці рэканструяваліся, лічыліся на балянсе інвэстараў. Бальшыня замарожаных аб’ектаў прыпадае якраз на долю прыватнікаў, зь якіх беларускія ўлады маюцца запытаць за іміджавыя і матэрыяльныя страты. Памер прэфэрэнцыяў забудоўшчыкам перавышае 50 мільярдаў рублёў, якія павінны вярнуцца ў бюджэт. Аднак нават у выпадку спагнаньня стратаў колькасьць гатэляў ад гэтага не павялічыцца.

Куды сяліць прадстаўнічыя дэлегацыі — пытаньне, што паўстае рубам. Хіба што ў «Дразды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG