Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вялікі хакей і п’яніцы не сумяшчальныя


Чэмпіянат сьвету па хакеі, які даручана правесьці Беларусі, чакаюць заўзятары, але ён ужо наводзіць пярэпалах у асяродку так званых асацыяльных элемэнтаў.

Сталічная міліцыя ўзяла на сябе падвышаныя абавязаньні да траўня 2014 году цалкам зачысьціць сталіцу ад алькаголікаў, жабракоў і прастытутак. Знаўцы згадваюць, што прыблізна тое ж адбывалася падчас Алімпіяды 1980 году, калі савецкія ўлады намагаліся пусьціць замежнікам пыл у вочы, вывезшы з Масквы п’яніцаў, спэкулянтаў і «жрыцаў каханьня».

Падпарадкаванае Менгарвыканкаму агенцтва «Мінск-навіны» з спасылкай на праваахоўныя органы піша, што людзі, якія злоўжываюць алькаголем, будуць выпраўляцца на прымусовае лячэньне, не зважаючы на званьні і заслугі. На рашучасьць пагрозаў красамоўна сьведчыць і статыстыка: калі летась у «лекава-працоўныя прафілякторыі» было накіравана блізу 900 чалавек, то сёлета ўжо больш за 1500 без уліку сьнежня. Можна не сумнявацца, што з такім клопатам пра імідж краіны за наступныя паўгода паказьнік узрасьце шматкроць.

Пад пільны кантроль бяруцца прастытуткі, бамжы і папрашайкі, якія, на перакананьне сілавікоў, будуць толькі ганьбіць агульную карціну беларускай стабільнасьці. Зрэшты, не абмінуць увагай беларускія міліцыянты і патэнцыйных заўзятараў, на вялікі наплыў якіх, выглядае, разьліваюць хіба што арганізатары. Прыадчыняецца таямніца, што ва ўсіх гатэлях, гостэлах і інтэрнатах, дзе плянуюць жыць аматары хакею, будзе ўсталяванае кругласуткавае відэаназіраньне. Зразумела, што перадусім з клопатам пра іх «бясьпеку».

Каб забясьпечыць порцыю ўвагі кожнаму, у дапамогу мясцовым міліцыянтам (перадусім, супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьняў кшталту АМАП) будуць выпісаныя калегі з рэгіёнаў. Па прызнаньні праваахоўнікаў, іншагароднія ўжо пачалі адпрацоўваць маршруты, якія давядзецца апрацоўваць сёлета ў траўні.
XS
SM
MD
LG