Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыжоўка Арэна»: змарнаваныя час і 200 мільёнаў даляраў


«Чыжоўка Арэна» падчас будаўніцтва

«Чыжоўка Арэна» падчас будаўніцтва

Пасьля шэрагу адтэрміновак менскія ўлады нарэшце рапартуюць пра завяршэньне аднаго з самых зацягнутых сталічных даўгабудаў — хакейнай «Чыжоўка Арэны».

Комплекс пачалі ўзводзіць чатыры гады таму адмыслова да чэмпіянату сьвету па хакеі-2014, але тэрміны здачы пераносіліся ці не дзясятак разоў. Аднак больш цягнуць ужо не было куды: Міжнародная фэдэрацыя хакею выказала сваё неразуменьне сытуацыі і прыгразіла арганізатарам усясьветнага першынства штрафнымі санкцыямі.

Адпачатку адкрыць «Чыжоўка Арэну» плянавалася ў сярэдзіне 2011 году, але адказныя чыноўнікі спаслаліся на фінансавы крызіс і атрымалі ад галоўнага аматара хакею ў краіне Аляксандра Лукашэнкі адтэрміноўку да канца 2012-га. Пасьля гэтага аб’ект меркавалася здаць у Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2013-га, потым — у дзень кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада, нарэшце — да канца году. Тым часам кошт аб’екта вырас удвая — ад плянаваных 100 мільёнаў даляраў да амаль што 200 мільёнаў.

Асобным куратарам даўгабуд каштаваў волі. У сярэдзіне лістапада Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне генэральнага дырэктара каманды «Юнацтва» Эдуарда Зотава, які акурат перад арыштам быў звольнены з пасады за нездавальняючыя паказьнікі ўзьвядзеньня «Чыжоўка-Арэны». «Юнацтва», якое зьбіраецца пераехаць у новы палац, мае статус упраўляючай арганізацыі, і ўвесь працэс будаўніцтва — пад кантролем дырэктарату. А ў верасьні пракуратура санкцыянавала арышт шэрагу супрацоўнікаў «Менскпрамбуду» і ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму, якія цягам году кралі будматэрыялы з аб’екту.

Ці заслужыла «Юнацтва» падарунак у выглядзе новага палаца? Экспэрты выказвалі меркаваньне, што вялізны комплекс аб’ектыўна непатрэбны камандзе, матчы якой наведвае ў лепшым выпадку пара сотняў заўзятараў. Ці не разумней перапрафіляваць арэну пад больш пэрспэктыўныя віды спорту? Сваё меркаваньне выказвае хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла:

Андрэй Грум-Гржымайла

Андрэй Грум-Гржымайла

«Задам сустрэчнае пытаньне: перапрафіляваць пад які від спорту? Так, кажуць, што нібыта нядрэнна гандбол разьвіваецца, баскетбол, якія толкам ня маюць даху над галавой. Не магу нічога казаць наконт іх папулярнасьці, але прывяду прыклад, як рыхтаваліся да чэмпіянату сьвету 2003 году ў Латвіі. Ніхто ня ўзводзіў грандыёзных палацаў — пабудавалі „Рыгу Арэну“ і ўсталявалі надзіманую „Даўгаву“. Рыскае „Дынама“ гуляе ў стацыянарнай „Арэне“, а надзіманую пасьля гэтага наагул спусьцілі. То бок па-рознаму можна падыходзіць да вырашэньня задачы.

Вяртаемся да таго, што збудавалі „Чыжоўка Арэну“, якую трэба неяк загрузіць. І загрузіць, апроч хакею, яе няма чым, яна функцыянальна заточана пад хакей. „Юнацтва“ хоць нешта паказвае. Бо палова камандаў у нас увогуле не разумею дзеля чаго існуюць. Той жа „Віцебск“ — для чаго ён патрэбны? Ні для чога, лупяць як грушу! Каб расьціць маладых? Дык ёсьць іншыя каманды. Зь іншага боку, колькі ў нас народу ходзіць на гандбол, баскетбол? Хіба што пад нейкія міжнародныя матчы. А калі праводзіць чэмпіянат краіны СКА — БГК, у лепшым выпадку, можа, 500 чалавек і зьбяруцца. То бок — ня бачу сэнсу. На „Юнацтва“, спадзяюся, хоць тысяча прыйдзе. А з улікам таго, што ў наступным сэзоне каманда будзе гуляць у Вышэйшай лізе, магчыма, будзе і больш наведнікаў. Тут складана адказаць».

21 сьнежня на трэніровачнай пляцоўцы «Чыжоўка Арэны», якая зьмяшчае 500 гледачоў, стартавалі першыя хакейныя спаборніцтвы — турнір сярод юнакоў «Кубак Александрыі». Праўда, пры чым тут родная вёска Аляксандра Лукашэнкі — застаецца таямніцай. Таксама ў мінулыя выходныя «раскаталі» лёд на вялікай арэне (амаль 10 тысяч месцаў) хакеісты «Юнацтва». Аднак заехаць у новы палац выхаванцам Міхаіла Захарава не дазволяць да таго часу, пакуль ня скончыцца ўсясьветнае першынства: з 9 да 25 траўня 2014 году тут мяркуецца згуляць 30 матчаў.

Адмыслоўцы ўжо называюць чэмпіянат сьвету-2014 другарадным мерапрыемствам. Калі каманда Беларусі чакана будзе выступаць наймацнейшым складам, то іншыя зборныя пасьля Алімпіяды ў Сочы накіруюць у Менск ня самых зорных гульцоў. У гэтым зьвязку і заўзятары, і спартовыя функцыянэры задаюцца пытаньнем: ці скарыстаюць беларусы сытуацыю, каб заняць высокае месца? Хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла ня верыць, што нават пад камандаваньнем канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана зборная Беларусі здольная ўчыніць цуд:
Калі мы зьбяром усіх наймацнейшых хакеістаў, то за васьмёрку пазмагаемся. Вышэй скокнуць, думаю, наўрад ці ўдасца.

«Шанцы прагназаваць досыць складана. Але, мяркую, калі мы зьбяром усіх наймацнейшых хакеістаў, то за васьмёрку пазмагаемся. Вышэй скокнуць, думаю, наўрад ці ўдасца, таму што і швэды, і фіны, і чэхі, і тыя ж канадцы не дазволяць сабе апусьціцца ніжэй за пэўны ўзровень. Але, безумоўна, у васьмёрку мы ўваходзіць павінны».

Карэспандэнт: «У час, калі Фэдэрацыяй хакею кіраваў генэрал Навумаў, агучваліся амбітныя задачы паспрабаваць зачапіцца за трэцяе месца...»

«(Сьмяецца.) Ну, задачы можна ставіць любыя, але трэба аб’ектыўна глядзець на рэальнасьць. Пры Навумаву яшчэ было пакаленьне гульцоў, якія сапраўды маглі штосьці паказаць і за нешта змагацца. І яны гэта даказвалі справай. Цяпер са старой гвардыі практычна нікога і няма, а моладзь наглядна паказала, як яна гуляла на апошніх усясьветных першынствах — і ў Швэцыі, і ў Фінляндыі. І то паміж нашымі зборнымі ў Швэцыі і Фінляндыі былі «дзьве вялікія розьніцы», як кажуць у Адэсе. Калі ў Фінляндыі яшчэ было дададзена крыху «дзядоў», то ў Швэцыі яна была ўвогуле маладая. Вось мы так і выступілі«.

Менскія ўлады запэўніваюць, што «Чыжоўка Арэна» будзе зарабляць «на кожным сваім квадратным мэтры». Маўляў, дзякуючы ажыятажу вакол хакейнага чэмпіянату сьвету на 50-працэнтную акупнасьць удасца выйсьці ўжо на наступны год, а поўная самаакупнасьць надыдзе да 2017-га. Пры гэтым 30% паступленьняў складуць прыбыткі ад грамадзкага харчаваньня, 70% — ад платных паслугаў. Істотную долю мяркуецца накіраваць у скарбонку каманды «Юнацтва», на балянс якога пераходзіць комплекс.
XS
SM
MD
LG