Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: З інтэлектам дэфіцыт, як ва ўладзе, так і ў апазыцыі


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў пракамэнтаваў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сыход з кампаніі Аляксандра Фядуты.

— Усё, што Аляксандар Фядута хацеў сказаць, ён сказаў у заяве ў ЖЖ. Некалі ў 2010 годзе на допытах у КДБ мяне актыўна дапытвалі, хто быў ініцыятарам стварэньня кампаніі «Гавары праўду». І калі я адказваў — Аляксандар Фядута, мне не давалі веры. Маўляў, вы хочаце зьняць зь сябе адказнасьць. Дык вось і пасьля гэтых допытаў я магу сказаць, што ідэя стварэньня кампаніі сапраўды належыць Аляксандру Фядуту. І гэта ёсьць і застанецца найперш ягонай заслугай. Апроч таго, Аляксандар Фядута разам са Сьвятланай Навумавай, калі мець на ўвазе 2010 год, самы пасьпяховы год дзейнасьці кампаніі, займаўся распрацоўкай стратэгіі, і шмат якія зь ягоных ідэяў былі рэалізаваныя і дазволілі правесьці кампанію так, як яна прайшла. То бок ён насамрэч быў адным з асноўных актывістаў кампаніі «Гавары праўду» і зрабіў вельмі шмат. Ну, цяпер сталася тое, што сталася. Ён напісаў прычыны, па якіх сыходзіць. Людзі, якія праходзілі разам зь Фядутам па адной крымінальнай справе і чыталі дакумэнты гэтай справы, ведаюць, што насамрэч у яго ёсьць праблемы са здароўем, і ён тут, бясспрэчна, павінен пра гэта падумаць. Апроч таго, ён сказаў, што займаецца той літаратуразнаўчай дзейнасьцю, якую з-за палітычнай працы запусьціў, і піша цяпер доктарскую дысэртацыю. І гэта таксама немалаважная прычына, каб прыняць такое рашэньне. Ну, ідзе натуральны працэс зьменаў: адны людзі сыходзяць, іншыя прыходзяць. Гэтак жа, як прыходзяць і сыходзяць сьнягі, як сыходзіць зіма і прыходзіць вясна. То бок я тут ня бачу нічога такога, чаму трэба надта зьдзіўляцца.

— То бок зьменаў у стратэгіі кампаніі «Гавары праўду» не адбудзецца?

— Ніякіх кардынальных зьменаў пакуль што не прадбачыцца.

— Пра сыход Фядуты вы даведаліся з інтэрнэту ці ў вас была нейкая сустрэча?

— Ён жа напісаў, што 10-га ў нас адбылася размова. Ён выказаў свае намеры, мы гэта ўсё абмеркавалі. Ён узяў тайм-аўт, каб падумаць над тым, што я яму сказаў, узважыць усё, і ўчора ўвечары ён патэлефанаваў і сказаў, што ён усё ж такі тое рашэньне, якое ён выклаў у вуснай форме, аформіў пісьмова і хоча зьмясьціць яго ў СМІ. Я сказаў, што гэта яго права. Што ён і зрабіў.

— То бок вы прапаноўвалі яму не сыходзіць?

— Я яму прапаноўваў узважыць усе наступствы гэтага рашэньня як для яго, так і для кампаніі. Ён усё ўзважыў і вырашыў зрабіць так, як зрабіў. У нас, што тычыцца асабістых рашэньняў, усе іх прымаюць асабіста.
Я яму прапаноўваў узважыць усе наступствы гэтага рашэньня як для яго, так і для кампаніі

— Але вы казалі пра наступствы...

— Наступствы ёсьць, бо плянаваньне стратэгіі і дзейнасьці кампаніі патрабуе інтэлекту. А з інтэлектам у нашай краіне — ня толькі ў апазыцыі, а па ўсёй краіне — назіраецца дэфіцыт. І ў гэтым сэнсе як ня стала Сьвятланы Навумавай — гэта была вялікая страта, і адыход ад актыўнай дзейнасьці ў кампаніі Аляксандра Фядуты — гэта таксама не здабытак. Трэба знайсьці гэтаму адэкватныя замены, і мы зараз гэтым будзем займацца. Не кажу, што ў нас дзікае поле і ў Беларусі няма людзей з галовамі. Яны ёсьць, і цяпер мы будзем весьці зь імі перамовы, каб яны далучыліся да дзейнасьці ў нашай кампаніі ў тым кірунку, у якім працавалі Навумава і Фядута.

— Але Фядута кажа, што плянуе вярнуцца, калі вы будзе браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах...

— Гэта ўсё ідзе праз «калі» і праз коску. Па-першае, яшчэ не прынятае такое рашэньне. Мы — я маю на ўвазе ня толькі «Гавары праўду», а ўсе структуры, аб’яднаныя ў палітычную кампанію «Народны рэфэрэндум», — спрабуем вырашыць праблему адзінага кандыдата. А хто гэта будзе, Някляеў ці нехта іншы, сказаць пакуль немагчыма. Як немагчыма сказаць, ці наагул нам удасца гэта зрабіць. То бок усё гэта пакуль што праз коску, калі, у якім выпадку і як.

— А вы гатовыя вылучацца?

— Я гатовы прэтэндаваць празь нейкі мэханізм, праз кангрэс дэмакратычных сілаў, на тое, каб быць у сьпісе тых, хто будзе на гэтым кангрэсе спрабаваць стаць адзіным кандыдатам. Вось да чаго я на сёньня гатовы.

Адзін з заснавальнікаў і лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута сышоў з арганізацыі, але папрасіў не шукаць у гэтым схаванага падтэксту.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
«10 студзеня Ўладзімер Някляеў нарэшце пагадзіўся вызваліць мяне ад абавязкаў свайго намесьніка. Скончылася мая праца ў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“. Прашу нікога не шукаць якіх-небудзь падтэкстаў: я ўжо год ня мог выконваць свае абавязкі ў сувязі з прафэсійнай занятасьцю, а таксама ўзмоцненай працай па завяршэньні доктарскай дысэртацыі. Дый здароўе пакідае жадаць лепшага», — напісаў Фядута ў сваім ЖЖ.

Фядута падзякаваў кіраўнікам рэгіянальных офісаў кампаніі.

Таксама ён удзячны Ўладзімеру Някляеву «за давер» і застаецца ягоным прыхільнікам, «гатовы ўзяць пасільны ўдзел у яго прэзыдэнцкай кампаніі, калі ён вырашыць балятавацца ў 2015 годзе». «Іншага кандыдата я па-ранейшаму ня бачу. І зь іншым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ў 2015 годзе я працаваць ня буду», — падкрэсьліў Фядута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG