Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ленінапад» ва Ўкраіне


Пратэстоўцы зносяць помнік Леніну ў Кіеве, сьнежань 2013
Пратэстоўцы зносяць помнік Леніну ў Кіеве, сьнежань 2013

Ва Ўкраіне масава падаюць помнікі Леніну: толькі за 9 дзён 2014 года ў яе розных кутках пацярпелі прынамсі 4 манумэнты бальшавіцкаму правадыру.

У апазыцыйнай украінскай партыі «Свабода» гэта зьвязваюць з рэвалюцыйнымі настроямі ўкраінскага народа, якім надакучыла жыць з савецкім мінулым.

На сярэдзіну 2013 года ва Ўкраіне заставалася амаль 1350 помнікаў Леніну. Апошнія паўтара гады сталі для іх сапраўдным выпрабаваньнем: то фарбай замалююць, то маску апрануць, то запэцкаюць фэкаліямі, то нават узарвуць або расстраляюць, надпішуць брудныя словы ці намалююць свастыку, а яшчэ адрываюць насы, галовы, рукі.

Вызначыць дакладную колькасьць пашкоджаных або зьнесеных Ільлічоў, а таксама зрабіць пэўныя абагульненьні адносна асоб тых, хто іх пакрыўдзіў, цяпер цяжка, заявілі Свабодзе ў прэсавай службе МУС Украіны. Там растлумачылі, што звычайна гэтыя выпадкі трапляюць у агульную статыстыку пашкоджаньняў помнікаў і кваліфікуюцца ў залежнасьці ад цяжару выкананых дзеяньняў, нярэдка як хуліганства.



А вось камуністы і без статыстыкі перакананыя, што пашкоджаныя Леніны — справа рук нацыяналістаў. У прыватнасьці, гэта ў камэнтары Радыё Свабода адзначыў народны дэпутат ад КПУ Аляксандр Прысяжнюк:

«Адназначна ў 9 з 10 выпадкаў гэта справа іх рук, і яны адкрыта бяруць на сябе адказнасьць. А 10-ты выпадак таксама іх, проста ім не заўсёды хапае сьмеласьці ўзяць на сябе адказнасьць»,— кажа камуніст.

На такі папрок «свабодавец» Ігар Мірашнічэнка, які ў лютым мінулага года асабіста зносіў помнік Леніну ў горадзе Ахтырцы Сумскай вобласьці, пярэчаньняў не мае:

«Бясспрэчна, што знос помнікаў Леніну непасрэдна зьвязаны з нацыяналістамі. Нацыяналістам зьяўляецца кожны ўкраінец, які любіць сваю нацыю, памятае і шануе сваю гісторыю, продкаў, любіць і змагаецца за сваю дзяржаву, свабоду, незалежнасьць».

У цэлым актывізацыю пашкоджаньняў манумэнтаў Ільічу ў розных кутках Украіны Мірашнічэнка зьвязвае з ростам пачуцьця нацыянальнай годнасьці ў грамадзян, якія нягледзячы навязваньне савецкіх каштоўнасьцяў і мітаў, даведаюцца праўду пра гісторыю. Акрамя таго дэпутат лічыць, што на ўкраінцаў уплывае і Эўрарэвалюцыя, якая прымушае іх больш рашуча адстойваць свае правы і годнасьць.

Вядомы ўкраінскі філёзаф Міраслаў Паповіч канстатуе: камунізм ва Ўкраіне і так ужо даўно ледзь жывы, а, значыць, і помнікі Леніну зараз не маюць ніякага значэньня:

«Гэтыя помнікі наогул — гэта быў калісьці рытуал, які не меў за сабой ніякіх сур’ёзных нацыянальных пачуцьцяў, і трэба яго ліквідаваць, толькі бязбольна».

Як прыклад пасьпяховай барацьбы з ідэалягічнымі помнікамі Міраслаў Паповіч прыводзіць досьвед Літвы, дзе іх разьмясьцілі ў адным месцы і людзі могуць прыходзіць і глядзець на іх.

8 сьнежня падчас масавай акцыі пратэсту прыхільнікаў эўраінтэграцыі Ўкраіны помнік Леніну быў зьнесены на Бессарабскай плошчы ў Кіеве. Міліцыя распачала крымінальную справу, аднак пра затрыманьні ў сувязі са зносам помніка не паведамлялася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG