Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, Украіна, Беларусь — ленінскія інкубатары


разбурэньне помніка Леніну ў Кіеве

разбурэньне помніка Леніну ў Кіеве

Калі ў сталіцы Ўкраіны дайшло да радыкальных захадаў, дык у Расеі знос ленінскіх статуй, якія не ўяўляюць мастацкай каштоўнасьці, — справа дастаткова звыклая. Гэта ня тычыцца хіба што Беларусі, дзе ўсе спробы пазбавіцца ад ленінскай «спадчыны» спыняюцца.

Паводле прыблізных дадзеных, усяго ў сьвеце ўсталявана блізу 5 тысяч помнікаў Леніну больш чым у 4 тысячах населеных пунктаў. Прычым абсалютная бальшыня «прапісаная» на прасторах былога Саюзу: у Расеі — амаль 3 тысячы, ва Ўкраіне — пад 900, у Беларусі — блізу 200.

Горад-рэкардсмэн — Санкт-Пецярбург, які працяглы час называўся Ленінград. Тут ягоных бронзавых і гіпсавых выяваў без малога сотня. У Кіеве да ўчорашняга дня Леніных было паўтара дзясятка, прычым галоўны стаяў якраз на Бесарабцы. У Менску ля Дому ўраду стаіць самы высокі помнік Леніну на постсавецкай тэрыторыі. Кампанію яму складаюць яшчэ зь дзясятак меншага размаху.

Помніку Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску

Помніку Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску



Колішні старшыня Менгарвыканкаму Васіль Шарапаў, пад кантролем якога ў 1961 годзе ў цэнтры сталіцы быў зьнесены помнік Ёсіфу Сталіну, лічыць, што руйнаваць помнікі нават самым спрэчным асобам не выпадае, але ў якасьці кампрамісу можна сабраць іх у своеасаблівых «рэзэрвацыях»:

«Як бы разьвівалася краіна пры Леніне? Ня выключана, што іншым шляхам. Нікога ён асабліва не саджаў, не расстрэльваў. Хоць слова „тэрор“ у далейшай гісторыі і мае выключна чырвоную афарбоўку. Я вось, прыкладам, ня памятаю такога лёзунгу як „белы тэрор“. А „чырвоны тэрор“ быў вельмі доўга. Я разумею тых, хто пры ўладзе: ім непатрэбныя праблемы, пакуль яшчэ застаецца шмат ленінскіх пасьлядоўнікаў. Тым ня меней, і помнік Сталіну, які ўзарвалі на Цэнтральнай плошчы ў Менску, трэба было б пакінуць, каб потым выставіць на агляд нашчадкам. На той жа „Лініі Сталіна“. Як узор твору мастацтва той эпохі».

Тым ня меней, здараецца, што і ў Беларусі «ленінскі» шлях сканчваецца на сьметніцы. Праўда, не з ідэалягічных прычынаў, а з-за натуральнага разбурэньня матэрыялу. Толькі за апошні час помнікі Леніну дэмантаваныя ў Быхаве, Горках, Глыбокім і Слоніме.

Помнік Леніну ў Глыбокім (дэмантаваны)

Помнік Леніну ў Глыбокім (дэмантаваны)



Помнік Леніну, Быхаў (дэмантаваны)

Помнік Леніну, Быхаў (дэмантаваны)



Помнік Леніну на чыгуначным вакзале ў Гомелі

Помнік Леніну на чыгуначным вакзале ў Гомелі



Помнік Леніну ў Горадні на цэнтральнай плошчы

Помнік Леніну ў Горадні на цэнтральнай плошчы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG