Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра папулярнасьць Лукашэнкі: Ён адказны за той дабрабыт, зь якім жыве народ


Апытаньне «Свабоды»: «Як, на вашу думку, апошнім часам мяняецца папулярнасьць Лукашэнкі ў грамадзтве: павялічваецца ці зьмяншаецца? Чаму?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Наўпроставы лінк



Малады спадар: «Зьмяншаецца. Крызіс у краіне перадусім зьвязваюць зь ягоным імем. Усё-ткі час яму адысьці ад улады, каб можна было нейкія іншыя шляхі шукаць. Шляхі для разьвіцьця эканомікі і культуры».

Спадар: «Расьце папулярнасьць. Моладзь чаму хістаецца? Таму што прывыкла ўсё і адразу. Гультаі. Трэба ім болей працаваць».

Малады спадар: «Дакладна не расьце. Лягчэй жа жыць ня стала. Усім цяпер цяжка. Моладзь ня можа пабудавацца. Гэтыя пытаньні з жытлом усім надакучылі».

Спадар: «Сярод людзей, вядома ж, не расьце. У нас нейкая стала таталітарная дзяржава. Многія кажуць: так, добра, у нас у краіне спакойна, вытворчасьці працуюць, — але ж, зь іншага боку, яны працуюць, але не на народ. Народ пакутуе».

Спадарыня сталага веку: «Пажылыя ўсё ж за яго. Ну, нейкія гарантыі. Пэнсію выплачваюць у час. Моладзь жа, вядома ж... Вось я на прыкладзе свайго сына. Ён ня можа прыстойную працу знайсьці, каб з заробкам. Ён нават жаніцца ня можа».

Малады спадар: «У мяне мяняецца на мінус. Пэнсіянэры ім, вядома ж, захапляюцца. Яны ж мала чаго разумеюць. Моладзь больш разумее, таму тое, што адбываецца навокал, мне абсалютна не падабаецца. Вось мадэрнізацыі... Невядома куды ўкладзеныя мільярды».

Спадар: «Зьмяншаецца папулярнасьць. Дужа наш быт пагаршаецца з кожным днём. Ён адказны за тое, як, у якім дабрабыце жыве народ».

Спадар: «Рэйтынг Лукашэнкі стабільны. Крыху болей за 50 працэнтаў. Людзей цяпер задавальняе, што заробкі растуць. Людзі, якія працавалі ў Расеі, цяпер вяртаюцца і атрымліваюць тыя грошы, што і ў Расеі».

Спадар: «Пакрысе падае. Цэны растуць».

Спадар: «Не павялічваецца. У сувязі з гэтым крызісам. Цэны растуць. Больш з-за чаго? З-за цэнаў».

Малады спадар: «Наўрад ці павялічвацца. Мэбля! Адна і тая ж мэбля ў кватэры за дваццаць гадоў надакучвае?»

Спадарыня: «Як і было дваццаць год таму. Як яго тады прымаюць — гэтак і цяпер прымаюць. У нас жа няма той „Украіны“. Няма ў нас тых жа майданаў. Гэта ж ужо плюс. Стабільны заробак. Няхай не вялікі, але стабільны».

Спадарыня: «Жыву тут пяць гадоў. У мяне не хапае грошай. Не хапае заробку. А людзі наагул любяць яго. Любяць неяк. Неяк спадзяюцца. Усе кажуць — „бацька“. Ніхто ня кажа „прэзыдэнт“. Наш „бацька“. Наш „бацька“. Яны неяк з гэтым жывуць...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG