Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НІСЭПД кажа, што цікавасьць да выбараў расьце. Вусаў: Няпраўда!


Больш за 55% апытаных лічаць, што выбары ў мясцовыя Саветы ў той ці іншай ступені ўплываюць на іхняе жыцьцё. «Увогуле не ўплываюць» — сказалі каля 40%.

Так сьцьвярджаецца ў справаздачы пра вынікі нацыянальнага апытаньня, якое правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у сьнежні 2013 году.

Ужо цяпер зьбіраюцца галасаваць на выбарах у сакавіку 2014 году 44% апытаных. Ня пойдуць на выбары 39,1%. Амаль 44% рэспандэнтаў сказалі, што галасавалі на выбарах у мясцовыя Саветы ў красавіку 2010 году, столькі ж не галасавалі, а 12% апытаных адказалі, што ня памятаюць, ці бралі ўдзел у галасаваньні.

У тых, хто не зьбіраецца галасаваць у сакавіку 2014 году, галоўныя матывы — перакананьне, што мясцовыя Саветы нічога не вырашаюць (23,3%), і недавер да сумленнасьці выбараў (20,3%).

Палітоляг, экспэрт Беларускага цэнтру палітычных дасьледаваньняў Павал Вусаў лічыць: нягледзячы на вынікі апытаньня, праведзенага НІСЭПД, чакаць выбуху палітычнай актыўнасьці ў зьвязку з выбарамі ў мясцовыя Саветы ня варта.

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Па сутнасьці, мясцовай улады ў Беларусі няма. І ніколі мясцовыя выбары не прыцягвалі ўвагі грамадзтва. Такая сытуацыя назіраецца таму, што, па-першае, дзейнасьць мясцовых Саветаў заўсёды была на мінімальным узроўні, а па-другое, грамадзяне ўвогуле ня ведаюць, чым займаецца мясцовая ўлада. Гэта добра паказалі апошнія выбары ў мясцовыя Саветы 5 гадоў таму назад, калі ўдзел у галасаваньні быў мінімальны, што нават падкрэсьліла Лідзія Ярмошына.

З чым зьвязаныя такія вынікі апытаньня НІСЭПД, сказаць складана. Бо відавочна, што нічога ў краіне з часоў апошніх выбараў не зьмянілася. А апалітычнасьць грамадзянаў увесь час вельмі моцна ўзрастае, пра гэта сьведчылі і апошнія парлямэнцкія выбары.

Я абсалютна ўпэўнены, што мясцовыя выбары ня выклічуць значнага палітычнага імпэту сярод беларусаў, бо на працягу ўсяго існаваньня незалежнай Беларусі сытуацыя зь мясцовымі выбарамі была пэсымістычная. Таксама трэба ўлічваць, што актыўныя грамадзяне ў значнай ступені зьяжджаюць з краіны. Ёсьць такая тэндэнцыя, якая была заўважная і падчас мінулых апытаньняў, калі рэйтынг прэзыдэнта Лукашэнкі падаў, а рэйтынг апазыцыі не ўзрастаў. А ў апошнія гады стаў назірацца рост рэйтынгу прэзыдэнта, але разам з гэтым папулярнасьць апазыцыі не зьмяншалася. Шматлікія аналітыкі тлумачылі гэта якраз фактарам адтоку сьвядомых грамадзянаў зь Беларусі. А застаюцца маргіналізаваныя і талерантныя да ўлады людзі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG