Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўпаў рэйтынг Лукашэнкі

абноўлена

Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зьніжаецца. Беларусы сталі жыць горш і страчваюць аптымізм.

Большасьць ня хоча у саюз з Расеяй. Такія тэндэнцыі ў настроях беларускага грамадзтва зафіксавалі напрыканцы 2013 году незалежныя сацыёлягі.

Паводле сьнежаньскага апытаньня Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, у беларускім грамадзтве расьце незадаволенасьць палітыкай Лукашэнкі. Упершыню са сьнежня 2011 году колькасьць апытаных, якія лічаць, што пасьля сыходу Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта жыцьцё ў Беларусі палепшыцца, перавысіла колькасьць тых, хто прытрымліваецца супрацьлеглага меркаваньня, — 25,2% супраць 21,5%. Упершыню ў мінулым годзе колькасьць тых, хто не давярае прэзыдэнту, значна перавысіла колькасьць тых, хто яму давярае — 47,5% супраць 37,7%.





Падзеньне рэйтынгу беларускага лідэра для экспэртаў ня стала нечаканым, — адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Таму што ўвосень замарозіліся, а пасьля і пачалі зьніжацца афіцыйныя заробкі. А цэны рванулі ўверх. Плюс урад загаварыў пра новыя падаткі, мыта... Адпаведна пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча электарату. І гэта ўсё заўжды наўпрост адбіваецца на рэйтынгу першай асобы. Бо гэта першая асоба сама сябе загнала ў такую няўдзячную сытуацыю. Гэты чалавек увесь час падкрэсьлівае, што ўсё робіцца на ягоны загад, што ён усё кантралюе. І натуральна, што калі абвальваецца сацыяльна-эканамічнае становішча, то менавіта ён і робіцца крайнім».

Спадар Класкоўскі лічыць, што сёньня цяжка сказаць — захаваецца тэндэнцыя на паніжэньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі ці не:

«У 2014 годзе кіраўніцтва краіны цынічна абдзярэ насельніцтва. А пасьля пастараецца выцягнуць з Крамля максымум рэсурсаў, каб трохі падкарміць яго перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году. Як ні сумна, у электарату кароткая памяць. Дастаткова некалькі „тлустых“ месяцаў падкормкі непасрэдна перад выбарамі, як рэйтынг афіцыйнага лідэра ідзе ўгору.

Але ўсё ж такі на сёньня ёсьць момант незадавальненьня. І таму тут шмат што будзе залежаць ад палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. Ад таго, ці знойдзецца ў іх дастаткова палітычнай волі, каб выпрацаваць агульную стратэгію, знайсьці агульныя лёзунгі і скаардынавана выступіць на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Ва ўсякім разе, перамога на іх становіцца для Лукашэнкі вельмі складанай задачай».

У чацьвёртым квартале 2013 году паболела беларусаў, чыё матэрыяльнае становішча пагоршылася. У сьнежні такіх было 28,4%.

Значна зьнізіўся і ровень аптымізму, зь якім беларусы глядзяць у будучыню: калі ў верасьні 28,1% апытаных лічылі, што «сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца», то сёньня так лічаць 35,9%, а колькасьць аптымістаў зьнізілася з 17,5% да 12,5%.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук кажа: дадзенае апытаньне дакладна ілюструе тое, што адбываецца ў Беларусі. Пачынаючы ад лістапада, ровень жыцьця беларусаў пачаў зьніжацца:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
​«Напрыканцы году значна зьменшыліся тэмпы росту рэальных даходаў насельніцтва. У верасьні было праведзенае апытаньне ў бізнэс-супольнасьці. І ўжо тады зафіксавалі падзеньне аптымізму. А паколькі бізнэс-эканоміка вельмі хутка рэагуе на тое, што адбываецца ў краіне, то такіх вынікаў можна было чакаць. Паколькі бізнэсу кепска, калі ён ня можа плаціць болей, калі ёсьць праблемы са збытам, то гэта адбіваецца на пачуцьцях усіх людзей. І яны з лагам у два-тры месяцы прышлі да той жа высновы — сытуацыя ў краіне пагоршылася».

Спадар Раманчук мяркуе, што рэйтынг улады ў новым годзе будзе зьніжацца далей:

«Паколькі ўлады самі прызнаюць, што падстаў для аптымізму, для падвышэньня заробкаў у 2014 годзе няма, то гэта прадвесьнік таго, што будзе адбывацца сёлета. Людзі будуць яшчэ болей траціць аптымізм і яшчэ болей расчароўвацца ва ўладзе».

Стаўленьне беларусаў да Эўропы паступова цяплее, разам з гэтым назіраецца пагаршэньне стаўленьня да Расеі.

Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум па пытаньні аб’яднаньня Беларусі і Расеі, «за» прагаласавалі б 23,9%, супраць — 51,4% апытаных. У верасьні гэтыя паказьнікі былі 27,6% і 46,9% адпаведна. У той жа час ініцыятывы Эўразьвязу, скіраваныя на збліжэньне зь Беларусьсю, успрымаюцца ўсё больш станоўча. Так, ацэньваючы вынікі саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні, большая частка апытаных сказалі, што «краіна павінна мяняць сваю палітыку і таксама збліжацца з Эўразьвязам».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Рух „За свабоду“ ставіць адной з галоўных мэтаў сваёй працы эўрапейскую скіраванасьць Беларусі, — адзначае намесьнік старшыні руху Алесь Лагвінец. — Таму мы з задавальненьнем успрымаем вынікі апошняга апытаньня. Гэта цалкам зразумелая і прагназаваная тэндэнцыя праэўрапейскіх настрояў. За 20 гадоў незалежнасьці Беларусі грамадзтва паступова разумее, што ёсьць яго інтарэсы. Так, важна мець добрыя партнэрскія дачыненьні з Расеяй. Але будучыня Беларусі — у Эўрапейскім Зьвязе, у яе збліжэньні з краінамі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, зь якімі Беларусь падзяляе вельмі шмат агульных рысаў».

Алесь Лагвінец спадзяецца, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і сёлета, хоць Расея будзе прысьпешваць стварэньне Эўразійскага саюзу:

«Доўгатэрміновая тэндэнцыя, мне здаецца, добра акрэсьленая. Гэта тэндэнцыя ўсьведамленьня нацыянальных інтарэсаў, а таксама тэндэнцыя збліжэньня з Эўрапейскім Зьвязам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG