Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец ахвяруе грошы на занядбаны помнік


Будынак былога кляштара базыльянаў у Воршы
Будынак былога кляштара базыльянаў у Воршы

Краязнаўца і прадпрымальнік Міхась Паўлаў вырашыў ахвяраваць на рэстаўрацыю будынка былога кляштара базыльянаў у Воршы.

Спадар Паўлаў займаецца выпускам сувэнірнай прадукцыі, і адмыслова замовіў выраб керамічных сувэніраў з выявай гэтага помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя.

Кляштарны комплекс напалову зруйнаваны: за савецкім часам была ўзарваная царква Апекі Маці Божай. А цяпер разбураецца і былы кляштарны корпус. Ужо зь дзесятак гадоў стаіць без даху пры поўнай абыякавасьці да гэтай праблемы як гарадзкіх уладаў, так і ўласьніка — Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы.



Аршанскія краязнаўцы спрабавалі прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, дасылаючы лісты ў пракуратуру, Міністэрства культуры і нават у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Але за некалькі год справа зь месца так і ня зрушылася. Дзяржаўныя ўлады ўвогуле прадэкляравалі, што нічым дапамагчы ня могуць: маўляў, з 2007 году будынак былога кляштару базыльянаў перададзены аршанскай Сьвята-Пакроўскай царкве, і міністэрства культуры ня можа фінансаваць рэстаўрацыю гістарычных будынкаў, калі яны належаць рэлігійным структурам.

Вядома, што праект рэстаўрацыі ўжо замоўлены. Але грошай, каб заплаціць за яго, дагэтуль няма, таму сродкі зьбіраюць за кошт дабрачынных ахвяраваньняў.

«Я ведаю пра гэтую праблему ў Воршы. Калісьці я працаваў у гэтым горадзе, і памятаю будынак кляштара яшчэ ў адносна неблягім стане — на той час там быў падменны жыльлёвы фонд, там жылі людзі. Як краязнаўца і як грамадзянін я лічу, што помнік ня мусіць загінуць. Таму гатовы ахвяраваць на рэстаўрыцыю па тысячы з кожнага асобніка прададзенай сувэнірнай прадукцыі, вырабам і продажам якой я займаюся,» — апавёў Міхась Паўлаў.

Прадпрымальнік зьбіраецца рэалізоўваць сувэніры, адмыслова вырабленыя для ўдзелу ў дабрачыннай акцыі. Гэта так званыя керамічныя «плякеткі» з выявамі зруйнаванай царквы і былога кляштарнага будынку, які яшчэ можна захаваць. Прадаваць іх спадар Паўлаў мяркуе найперш у Воршы, спадзеючыся на падтрымку і разуменьне тамтэйшых жыхароў.



Міхась Паўлаў кажа, што ідэя дапамагчы ў гэтай справе зьявілася ў яго па прыкладзе мастака Міколы Купавы. Гэты знакаміты беларускі мастак, ураджэнец Оршы, абвясьціў, што ахвяруе частку грошай ад продажу сваіх твораў, аб’яднаных у віртуальную выставу «Сьвятло Бацькаўшчыны». І ўжо пералічыў на адмысловы банкаўскі рахунак некалькі мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG