Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Kulturtréger» — новая кніга Макса Шчура выйшла на чэскай мове


Макс Шчур з кнігай «Kulturtréger»

Макс Шчур з кнігай «Kulturtréger»

5 сьнежня ў Празе ў Літаратурнай кавярні адбыліся чытаньні новай кнігі «Kulturtréger»* беларускага паэта, перакладніка і эсэіста Макса Шчура.

Галоўны герой — Зінгэр, маладзён, які вучыцца ў лінгвістычным унівэрсытэце, калі да ўлады прыходзіць аўтарытарны лідэр. Фактычна, гэта гісторыя самога аўтара.

Макс Шчур апавёў Радыё Свабода, што напісаць гэтую кнігу ён задумаў і спрабаваў пісаць даўно:

«Ідэя нарадзілася хіба ці ня дзесяць гадоў таму, можа і раней, але нешта ўсё неяк не ўдавалася. Я спрабаваў на самых розных мовах яе пісаць: па-беларуску, потым нібыта нават па-ангельску, але ў выніку аказалася так, што пісаць яе па-чэску было найлягчэй і для маёй псыхікі найменш шкодна. Гэтая кніжка, чаму яна напісана менавіта па-чэску, гэта такое кесарава сячэньне. Хуткія роды атрымаліся і з выданьнем».

Выдавец — «Пэтр Штэнгл» — вядомы тым, што выдае малавядомых аўтараў. Чытаньні былі часткай урачыстасьцяў, арганізаваных выдавецтвам з нагоды выданьня трох кніг замежных аўтараў: «Гісторыя культуры пачатку стагодзьдзя» Сяргея Жадана, «Kulturtréger» Макса Шчура і «Адрыяна» Тэадоры Дымавай. Усе тры публікацыі выйшлі ў межах 30-й юбілейнай сэрыі.

*Зь нямецкай мовы Kulturträger = распаўсюднік адукаванасці, самаўпэўнены носьбіт, распаўсюднік уяўна вышэйшай культуры, напрыклад, нацысцкія культуртрэгеры.


Фота і тэкст Крысьціна Шыянок
XS
SM
MD
LG