Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Беларусь вярнуцца на рынак эўрааблігацый?


Па меры росту нагрузкі на дзяржаўныя фінансы, урад Беларусі абдумвае магчымасьць вяртаньня на міжнародны пазыковы рынак пры дапамозе новага выпуску эўрааблігацый.

Але якія ў яго шанцы на посьпех, улічваючы, што крэдытныя рэйтынгі краіны былі паніжаныя, а стан беларускай эканомікі выклікае ўсё большую заклапочанасьць?

Міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў падчас саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні, што Беларусь спадзяецца, што рынкавыя ўмовы будуць больш спрыяльнымі ў пачатку 2014 году, і ўрад будзе ў стане выпусьціць новыя эўрааблігацыі.

Пазьней, Снапкоў паведаміў, што мова ідзе пра намер прыцягнуць да $1 млрд.

Беларусь мае вялікую патрэбу ў зьнешнім фінансаваньні. Набліжаецца пік у пагашэньні зьнешняга доўгу, і яна павінна была заплаціць $3,1 млрд. у 2013 годзе і 3,1 млрд. у 2014 годзе. Зьнешні гандаль ня радуе, даходы ад экспарту рэзка падаюць і дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый пашыраецца. У першай палове 2013 году ён склаў $3,1 млрд., у параўнаньні зь невялікім лішкам за той жа пэрыяд 2012 году.

Усё гэта высільвае міжнародныя рэзэрвы краіны, якія складалі прыкладна $6,8 млрд. у канцы кастрычніка сёлета.

Беларусь дэбютавала на рынку эўрааблігацый у 2010 годзе з продажу даляравых аблігацый на $1 млрд. з тэрмінам пагашэньня ў 2015 годзе і адсоткам 8,75%. У студзені 2011 году яна прадала аблігацыі на яшчэ $800 млн. з тэрмінам пагашэньня ў 2018 годзе і адсоткам 8,95%.

Але з тых часоў нацыянальная валюта страціла каля двух трацінаў свайго кошту. У рэйтынгах кастрычніка агенцтва Standard & Poors панізіла свой прагноз з станоўчага на стабільны, балюча ўдарыўшы па далейшай здольнасьці краіны пазычаць грошы пад разумныя працэнтныя стаўкі.

Цяжка сказаць, ці будуць інвэстары набываць новыя эўрааблігацыі Беларусі ў такой сытуацыі, хоць у сувязі зь нядаўнімі праблемамі на памежных рынках бывае цяжка ацаніць голад некаторых інвэстараў.

Тым ня менш, незалежны фінансавы аналітык Аляксандар Муха лічыць, што ёсьць шанец, каб Беларусь мела вакно магчымасьцяў для выпуску эўрааблігацый у пачатку 2014 году, калі інвэстары ўбачаць зьніжэньне рызыкі.

Цалкам гэты аналіз публікуе сёньня газэта Finacial Times.
XS
SM
MD
LG