Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьмясьціла эўрааблігацыі на 600 мільёнаў даляраў тэрмінам на пяць гадоў. Стаўка купона склала 8,75% гадавых. Агенцтва Standard & Poor's прысвоіла беларускім аблігацыям папярэдні рэйтынг на ўзроўні B+.

Згодна з прэзыдэнцкім указам беларускі ўрад у 2010—2011 гадах можа выпусьціць аблігацыі на суму да 2 мільярдаў даляраў з тэрмінам абарачэньня ня менш як 5 гадоў і разьмяшчэньнем іх за межамі краіны. Пакуль што афіцыйны Менск змог разьмясьціць толькі 600 мільёнаў. Падрыхтоўка да выпуску эўрааблігацыяў падрабязна не асьвятлялася. Вядома толькі, што з 12 па 16 ліпеня беларуская дэлегацыя ў складзе кіраўнікоў Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі і Нацыянальнага банку правяла сустрэчы з кіраўніцтвам інвэстыцыйных кампаніяў Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Швайцарыі і Аўстрыі. Паводле міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, беларускімі эўрааблігацыямі зацікавілася вельмі шмат інвэстараў. Геаграфічна іх кола вельмі вялікае. Там прысутнічае Эўропа, Азія, Паўднёвая і Паўночная Амэрыка, Ізраіль. Паводле міністра, прыбытковасьць аблігацыяў складае 8,75%. Маўляў, "тут ня мы дыктуем палітыку, гэта ацэнка інвэстараў. Таму беларускі бок зыходзіць з таго, як нас ацэньваюць інвэстары і наколькі эфэктыўна мы зь імі папрацавалі".

Ці азначае выпуск аблігацыяў, што беларускі ўрад ня будзе браць новых пазыкаў, да прыкладу, у Міжнароднага валютнага фонду? Прадстаўнік Нацбанку Анатоль Драздоў сказаў:

"Было заяўлена прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, што на дадзены момант неабходнасьці ў пазыках у МВФ няма. Гэта не азначае, што мы ад гэтага цалкам адмаўляемся, проста на гэты момант неабходнасьці няма. Што такое пазыкі праз эўрабонды? Гэта пазыкі без усялякіх умоваў. Інвэстары ўкладаюць грошы, атрымліваюць свой купонны прыбытак у вызначаным працэнце, і на гэтым іх узаемадачыненьні зь беларускім урадам сканчаюцца. Ніякіх дадатковых умоваў няма. А праграма МВФ — гэта даволі складаная працэдура".

Раней міністар Андрэй Харкавец адзначаў, што для дэбютнага выпуску Беларусьсю эўрааблігацыяў сытуацыя на сусьветных фінансавых рынках склалася даволі складаная. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, гэты крэдыт досыць цяжкі.

Леанід Злотнікаў
"Гэта цяжкія ўмовы, амаль што 9% гадавых. Але навошта нам грошы? Па-першае, трэба заробкі павысіць перад выбарамі — гэта самае галоўнае. А што аддаваць, дык гэта ўжо пакідаюць на потым. Жыцьцё ў доўг працягваецца. Даўгі будуць нагрувашчвацца. Я лічу, што амаль пад 10% будзе нам каштаваць гэты доўг. Амаль што 9% — гэта для таго, хто купіць гэтыя аблігацыі. Але за высокую рызыку: наша краіна мае нізкі крэдытны рэйтынг, таму высокая рызыка для тых, хто гэтыя абавязаньні распаўсюджвае. Той, хто выпускае, і той, хто распаўсюджвае, — гэтыя пасярэднікі таксама бяруць ня вельмі малы працэнт. Так што пад 10% гадавых на сусьветным фінансавым рынку — гэта дорага".

Паводле эканаміста Льва Марголіна, афіцыйны Менск ня мае іншых крыніцаў фінансавых рэсурсаў.

Леў Марголін
"МВФ сёлета нічога ня дасьць. Расея таксама. Ёсьць толькі дзьве крыніцы: гэта продаж маёмасьці, а гэта ня вельмі пажадана, і разьмяшчэньне вось такой аблігацыйнай пазыкі. Сама па сабе гэта станоўчая зьява. Але 8,75% — гэта адносна вялікі працэнт. Ён не ідзе ні ў якае параўнаньне з тымі працэнтамі, пад якія давалі Расея і МВФ. Сытуацыя на валютных рынках таксама ня вельмі спрыяльная".
XS
SM
MD
LG