Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За нестабільны рубель адкажуць Мясьніковіч, Ермакова і банкіры


Аляксандар Лукашэнка 29 лістапада паабяцаў вырашыць усе кадравыя і арганізацыйныя пытаньні ў органах дзяржаўнага кіраваньня не пазьней за канец сакавіка 2014 году.

Пры гэтым ён нагадаў ураду і Нацбанку пра іх адказнасьць за сытуацыю на валютным рынку краіны. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на сёньняшняй эканамічнай нарадзе.

На пачатку нарады Аляксандар Лукашэнка, як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы, папрасіў усіх расслабіцца, «бо з розных прычынаў і ў СМІ, і ў грамадзтве напальвалася абстаноўка, і ў сувязі з гэтым хтосьці, напэўна, сюды прыйшоў як у апошні дзень, як на барыкады, — хтосьці чакае ўзрушэньняў... Рэвалюцыі ня будзе. Усе пытаньні — і арганізацыйныя , і кадравыя — будуць вырашаны максымум у межах першага квартала будучага году эвалюцыйна», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка на ўсю краіну паабяцаў «адкруціць галовы» ураду за невыкананьне праграмы будаўніцтва лягістычных цэнтраў. Да гэтага дадалася і крытыка ўрадоўцаў за зрыў праграм мадэрнізацыі шэрагу галінаў эканомікі. Таму шмат хто чакаў сёньня кардынальных зьменаў ва ўрадзе.

«Яны не адбыліся таму, што пакуль няма абвалу», — лічыць эканаміст Леў Марголін.

Леў Марголін
Леў Марголін
«Лукашэнка і так нагнаў страху і на ўрад, і на Нацбанк, што там цяпер ніхто нічога ня робіць. І ён гэта ўжо сам зразумеў. Ну а калі б сёньня яшчэ былі зробленыя рэзкія рухі ў кадравых пытаньнях, дык гэта яшчэ больш падарвала б давер да Беларусі, да беларускага рубля. І зрабіла б абвал рубля ўжо непазьбежным.

Мне здаецца, менавіта таму ён і палічыў больш мэтазгодным адкласьці энэргічныя рухі на пэрыяд пасьля Новага году. Тады, на мой погляд і на погляд многіх іншых экспэртаў, абвал рубля стане рэальнасьцю. Вось тады адным махам і трэба будзе знайсьці вінаватых ва ўсіх дрэнных падзеях і 2014 году, і 2013-га», — кажа Леў Марголін.

Стабільнасьць на валютным рынку зьяўляецца прыярытэтнай для кіраўніка беларускай дзяржавы. На сёньняшняй нарадзе Аляксандар Лукашэнка публічна агучыў свае ранейшыя папярэджаньні Міхаілу Мясьніковічу і Надзеі Ермаковай:

«Сёньня я шчыра скажу, пра што папярэджваў старшыню праўленьня Нацбанка і прэм’ер-міністра. За стабільнасьць на валютным рынку адкажуць яны абодва і банкіры, якіх яны вызначылі, — гэта дзясятак ці паўтара. А то ў нас банкі самі па сабе разьвіваюцца, бачыце, жывуць у рынкавай эканоміцы, а народ і дзяржава — самі па сабе», — абураўся кіраўнік дзяржавы.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
«У гэтых словах выразна чытаецца неразуменьне эканамічных працэсаў кіраўніком беларускай дзяржавы. Штучна трымаць завышаны курс рубля — шлях да катастрофы, — камэнтуе сытуацыю экс-старшыня праўленьня Нацбанку прафэсар Станіслаў Багданкевіч. — Ва ўсім сьвеце — цывілізаваным і не цывілізаваным — курс залежыць ад стану эканомікі. Як толькі пачаліся паляпшэньні з эканомікай у Эўропе, курс эўра пачаў падвышацца. Тое ж самае адбываецца і з курсам даляра. На гэты конт ёсьць фундамэнтальныя навуковыя палажэньні.

Штучна трымаць курс можна. Але толькі пры плянавай, адміністратыўнай эканоміцы. І пры гэтым наносячы шкоду ўсёй эканоміцы. Не Нацбанк жа вінаваты, што ўрад плаціць заробкі, не зьвяртаючы ўвагу на тое, што прадпрыемствы выпускаюць неканкурэнтаздольную прадукцыю, што не расьце прадукцыйнасьць працы. Гэта ўсё вынік менавіта лукашэнкаўскай мадэлі эканомікі».

На нарадзе прагучалі наступныя лічбы: рост ВУП у наступным годзе павінен скласьці 3,3%, інфляцыя — ня больш, чым 11%. Мэты, якіх плянуе дасягнуць у наступным годзе ўрад, міжнародныя экспэрты ацэньваюць як занадта аптымістычныя. Так, Усясьветны банк называе значна горшыя паказьнікі: рост ВУП складзе 1,5%, інфляцыя — 15,2%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG