Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невыязны Міклашэвіч будзе арбітрам ад Беларусі ў судзе АБСЭ


Пётар Міклашэвіч

Пётар Міклашэвіч

Аляксандр Лукашэнка прызначыў сябраў Суду пра замірэньні і арбітражы ў рамках АБСЭ ад Рэспублікі Беларусі.

Арбітрам прызначаны — старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Пётар Міклашэвіч знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

26 студзеня 2011 году Пётар Міклашэвіч заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі ў адпаведнасьці з прынцыпамі і нормамі Канстытуцыі, а ў Эўрапейскага зьвязу няма ніякіх прававых падставаў для ўвядзеньня эканамічных санкцый.

Ягоным намесьнікам у судзе стаў Андрэй Забара — намесьнік старшыні Вярхоўнага суду.

Міравымі пасярэднікамі прызначаныя Ўладзімер Сянько, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, і Сяргей Мартынаў, былы міністар замежных спраў.

Суд базуецца ў Жэнэве і быў заснаваны ў 1995 годзе з мэтай урэгуляваньня шляхам замірэньня і пры неабходнасьці арбітражу спрэчак, якія могуць узьнікнуць паміж дзяржавамі — удзельнікамі так званай Стакгольмскай канвэнцыі (Канвэнцыя па замірэньні і арбітражы ў рамках АБСЭ).

Беларусь далучылася да канвэнцыі ў 1999 годзе.
XS
SM
MD
LG