Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Церашковіч: «ЭГУ — унівэрсытэт гастарбайтэраў»


Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Апанэнты рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоля Міхайлава з плятформы «За новы ЭГУ» выступілі з крытыкай прапанаванага кіраўніком ВНУ пляну рэформ.

«Рэформы ў ЭГУ ідуць ужо 8 гадоў. Кожны год нешта новае і кожны раз крызыс усё больш выразны», — гаворыцца ў заяве старшыні Сэнату ЭГУ Паўла Церашковіча, якую атрымала Свабода.

Церашковіч піша, што рэформу, прапанаваную рэктарам Анатолем Міхайлавым, «ні Сэнат, ні прафсаюз не падтрымалі. Няма заключэньняў прафэсійнай і юрыдычнай экспэртызаў. Затое ёсьць недавер да тых, хто хоча яе ажыцьцяўляць».

«Большасьць выкладчыкаў ужо каторы год ня мае працоўных кантрактаў і сацыяльна неабароненыя: ні бальнічных, ні дэкрэтных адпачынкаў, ні стажу. ЭГУ сёньня — фактычна ўнівэрсытэт гастарбайтэраў», — адзначае Церашковіч.

Поўны сацыяльны пакет і падтрымку пераезду ў Вільню атрымаюць толькі 13 будучых выкладчыкаў. Умовы працы для астатніх дагэтуль дакладна не агучаныя.

Прафсаюз ініцыяваў праверку ўнівэрсытэту літоўскай інспэкцыяй па працы, паведамляе Церашковіч.

Прафэсар перакананы: адміністрацыя ЭГУ практычна ігнаруе і маральны бок пытаньня, бо многія выкладчыкі, абраўшы ЭГУ, страцілі магчымасьць працаваць у Беларусі.

«Асаблівасьць нашага ўнівэрсытэту ў тым, што многія курсы чытаюць прафэсіяналы, унікальныя спэцыялісты ў сваёй сфэры. Менавіта за кошт гэтага і дасягаецца якасьць. Але колькасьць такіх выкладчыкаў плянуецца істотна скараціць, а курсы перадаць спэцыялістам «шырокага профілю», — адзначае прафэсар Церашковіч.

На ягоную думку, у кіраўніцтва ЭГУ няма адказу і на пытаньне, ці зможа ўнівэрсытэт са скарочаным складам выкладчыкаў забясьпечыць навучальны працэс:

«Прапаноўваюць скараціць навучальныя пляны, калі ня хопіць выкладчыкаў. Тут відавочнае няведаньне сытуацыі. Студэнт, які навучаецца на канкрэтнай праграме, мусіць засвоіць пэўную колькасьць курсаў (у Літве гэта жорстка кантралюецца). Інакш ён проста не атрымае дыплём. Студэнт плаціць за навучаньне, і адміністрацыя павінна ўзяць на сябе абавязацельствы, каб забясьпечыць выкананьне паслугі ў поўным аб’ёме»,— лічыць Павел Церашковіч.

На думку кіраўніка Сэнату ЭГУ, «назваць усё гэта рэформай можна толькі для недасьведчанай публікі. Такія „рэформы“ ў нас ідуць няспынна. Іх вынік — той крызыс ЭГУ, які мы бачым сёньня».

Рэктар Міхайлаў прапануе рэформу ЭГУ

Анатоль Міхайлаў, рэктар ЭГУ
Анатоль Міхайлаў, рэктар ЭГУ
Пасьля зьяўленьня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, які працуе ў выгнаньні ў Вільні, плятформы «За новы ЭГУ», свой плян рэформаў установы прапанаваў яе рэктар Анатоль Міхайлаў.

Міхайлаў заявіў, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт будзе ўкладаць больш у касьцяк сталых выкладчыкаў і ў ключавыя праграмы.

Паводле рэктара Анатоля Міхайлава, гэтыя захады дазволяць падвысіць якасьць і павялічыць уплыў праграмаў і дасьледаваньняў ЭГУ, а таксама палепшыць працоўныя ўмовы ў ЭГУ:

«Мэта нашых рэформ — кансалідацыя нашага выкладчыцкага складу і стварэньне сталага ядра выкладчыкаў, якія цалкам прысьвячаюць сябе навучаньню нашых студэнтаў і правядзеньню высакаякасных і ўплывовых навуковых дасьледаваньняў ды іншых праграмаў», — кажа Міхайлаў.
Мэта нашых рэформ — стварэньне сталага ядра выкладчыкаў, якія цалкам прысьвячаюць сябе навучаньню нашых студэнтаў.

У межах пляну стварэньня сталых выкладчыцкіх пасадаў ва ўнівэрсытэце бюджэт заробку выкладчыкаў будзе падвоены. Каб наняць выкладчыкаў на гэтыя пасады, будзе праведзены празрысты, усёахопны і канкурэнтны працэс набору пэрсаналу.

Міхайлаў разьлічвае, што да пачатку 2014/15 навучальнага году ЭГУ будзе ўкамплектаваны ядром асноўных выкладчыкаў, якія жывуць у Літве і маюць працоўныя дамовы з унівэрсытэтам, а да таго ж — усе сацыяльныя гарантыі паводле законаў Літоўскай Рэспублікі.

Міхайлаў дэкляруе, што ЭГУ не плянуе адмовіцца ад беларускага характару і беларускай скіраванасьці ўнівэрсытэту: «Заплянаваныя зьмены — хутчэй нармальны адказ на выклік па захаваньні і ўзмацненьні якасьці выкладаньня».

«Мы мусім быць самакрытычнымі і прызнаць, што ня ўсе нашы праграмы пасьпяхова дасягаюць пажаданай якасьці, у тым ліку з-за перапынку, які ўзьнік з прычыны гвалтоўнага закрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску і пераезду ў Вільню. Паліталёгія і беларусістыка — гэта, у прыватнасьці, тыя дзьве праграмы, якія не апраўдалі чаканьняў і ў выніку сутыкнуліся зь недастатковым наборам, — прызнае Міхайлаў. — Унутраная рэарганізацыя — частка нашых няспынных спробаў падвысіць якасьць адукацыі ў ЭГУ, у прыватнасьці ў гэтых галінах. Адпаведна, паліталёгія нядаўна была цалкам абноўленая і будзе адкрытая ў наступным годзе як „Усясьветная палітыка і эканоміка“. Мы таксама распрацоўваем новую ініцыятыву, якая засяродзіцца на дасьледаваньні трансфармацыяў і на тым, якія ўрокі зь іх можа вынесьці Беларусь. Што мы можам зрабіць для адраджэньня беларусістыкі — гэта яшчэ адна цяперашняя задача, якую мы абавязваемся вырашаць».

Наконт чутак пра тое, што беларускія навукоўцы будуць замяняцца прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў, Міхайлаў падкрэсьлівае, што Беларусь ёсьць і заўжды застанецца ў цэнтры ўвагі ЭГУ і што заўжды вядзецца актыўны пошук кандыдатаў зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG