Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар Міхайлаў прапануе рэформу ЭГУ


Пасьля зьяўленьня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, які працуе ў выгнаньні ў Вільні, плятформы «За новы ЭГУ», свой плян рэформаў установы прапанаваў яе рэктар Анатоль Міхайлаў.

Ён абяцае, што бюджэт заробкаў выкладчыкаў падвоіцца, і што ў ЭГУ будзе адроджаная беларусістыка.

Міхайлаў распаўсюдзіў прэсавы рэліз пра тое, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт будзе ўкладаць больш у касьцяк сталых выкладчыкаў і ў ключавыя праграмы.

Паводле рэктара Анатоля Міхайлава, гэтыя захады дазволяць падвысіць якасьць і павялічыць уплыў праграмаў і дасьледаваньняў ЭГУ, а таксама палепшыць працоўныя ўмовы ў ЭГУ:

«Мэта нашых рэформ — кансалідацыя нашага выкладчыцкага складу і стварэньне сталага ядра выкладчыкаў, якія цалкам прысьвячаюць сябе навучаньню нашых студэнтаў і правядзеньню высакаякасных і ўплывовых навуковых дасьледаваньняў ды іншых праграмаў, — кажа Міхайлаў.

— Мы пераадолелі шматлікія выклікі, каб стацца тым, чым мы ёсьць сёньня, і мы з поўным правам можам ганарыцца, аднак яшчэ ня час на адпачынак. Мы павінны ўвесь час імкнуцца падвышаць якасьць нашай працы».

У межах пляну стварэньня сталых выкладчыцкіх пасадаў ва ўнівэрсытэце бюджэт заробку выкладчыкаў будзе падвоены. Каб наняць выкладчыкаў на гэтыя пасады, будзе праведзены празрысты, усёахопны і канкурэнтны працэс набору пэрсаналу.

Рэктар прызнае, што прапанаваная «мадэрнізацыя» — задача ня лёгкая і што ідэя зладзіць канкурэнтны працэс набору пэрсаналу выклікае пэўныя пярэчаньні з боку некаторых чальцоў выкладчыцкай супольнасьці. Аднак, калі ўсё пойдзе згодна з плянам, да пачатку 2014/15 навучальнага года ЭГУ будзе ўкамплектаваны ядром асноўных выкладчыкаў, якія жывуць у Літве і маюць працоўныя дамовы з унівэрсытэтам, а да таго ж — усе сацыяльныя гарантыі паводле законаў Літоўскай Рэспублікі.

«Сярод унівэрсытэтаў рэгіёну мы адны зь першых скарысталіся магчымасьцямі камунікацыі, якія прапануюць новыя мэдыі. Фактычна мы вядомыя як рэгіянальны лідэр у сфэры развіцьця онлайн-адукацыі, — адзначае Міхайлаў. — Але, як гэта прызнаюць нават такія ўсясьветна вядомыя інтэрнэт-кампаніі, як Yahoo, каб дасягнуць посьпеху, арганізацыя ня можа быць цалкам віртуальнай. Каб працаваць эфэктыўна як каманда, мы павінны больш разьвіваць наўпроставую жывую камунікацыю паміж нашымі супрацоўнікамі і са студэнтамі. Такім чынам, мы будзем выстаўляць патрабаваньне, каб асноўныя выкладчыкі жылі ў Вільні».

Міхайлаў не разглядае цяперашнюю сытуацыю ў ЭГУ як пагрозу ці крызіс.

«Раней мы ўжо сутыкаліся з тым, што можна назваць рэальнай пагрозай, і мы яе пераадолелі. Наша цяперашняе становішча — абсалютна іншага кшталту. Дзякуючы шчодрай і сыстэматычнай падтрымцы фундатараў нашае фінансавае становішча спрыяльнае як ніколі. І хоць мы мусім штогод нанова пацьвярджаць фундатарам істотнасьць нашай справы, нам пашчасьціла мець адданую міжнародную групу фундатараў, якія разумеюць, што наш праект — доўгатэрміновы і вымагае доўгатэрміновых укладаньняў».

Міхайлаў дэкляруе, што ЭГУ не плянуе адмовіцца ад беларускага характару і беларускай скіраванасьці ўнівэрсытэту:

«Заплянаваныя зьмены — хутчэй нармальны адказ на выклік па захаваньні і ўзмацненьні якасьці выкладаньня».

«Мы мусім быць самакрытычнымі і прызнаць, што ня ўсе нашы праграмы пасьпяхова дасягаюць пажаданай якасьці, у тым ліку з-за перапынку, які ўзьнік з прычыны гвалтоўнага закрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску і пераезду ў Вільню. Паліталёгія і беларусістыка — гэта, у прыватнасьці, тыя дзьве праграмы, якія не апраўдалі чаканьняў і ў выніку сутыкнуліся зь недастатковым наборам, — прызнае Міхайлаў. — Унутраная рэарганізацыя — частка нашых няспынных спробаў падвысіць якасьць адукацыі ў ЭГУ, у прыватнасьці ў гэтых галінах. Адпаведна, паліталёгія нядаўна была цалкам абноўленая і будзе адкрытая ў наступным годзе як „Усясьветная палітыка і эканоміка“. Мы таксама распрацоўваем новую ініцыятыву, якая засяродзіцца на дасьледаваньні трансфармацыяў і на тым, якія ўрокі зь іх можа вынесьці Беларусь. Што мы можам зрабіць для адраджэньня беларусістыкі — гэта яшчэ адна цяперашняя задача, якую мы абавязваемся вырашаць».

У адказ на крытыку кіраваньня ЭГУ, якая нядаўна прагучала ў беларускіх СМІ, Міхайлаў заўважае:

«Нашая структура, як вызначана ў Статуце, змадэляваная паводле ідэі прыцягненьня зацікаўленых асобаў, разьдзяленьня ўладаў і падсправаздачнага дэмакратычнага кіраўніцтва. Функцыя кіраваньня не сканцэнтраваная ў нейкім адным органе — напрыклад, Сэнаце, асноўная задача якога — забесьпячэньне якасьці адукацыі і навуковых дасьледаваньняў, — але падзеленая паміж некалькімі органамі. Гэтыя органы — міжнародная Кіраўнічая рада, якая складаецца зь міжнароднай групы экспэртаў у галіне адукацыі і ў склад якой уваходзіць і прадстаўнік Сэнату ЭГУ; Траставы фонд ЭГУ (Капэнгаген), якім кіруе высокашаноўная Рада міністраў Паўночных краін і які распараджаецца ахвяраваньнямі на ўнівэрсытэт; рэктарат; Выканаўчая рада; а таксама Сэнат, які функцыянуе незалежна, адказвае за забесьпячэньне акадэмічнай якасьці і мае прадстаўнікоў ня толькі ў Кіраўнічай радзе, але таксама і ў Выканаўчай радзе».

Міхайлаў адзначае, што падобная структура — не традыцыйная, а гібрыдная: на думку заснавальнікаў ЭГУ, гэта забясьпечвае эфэктыўнае кіраваньне і зладжанасьць, не ахвяруючы прадстаўнічасьцю.

«Я разумею, што некаторыя асобы ў нашым унівэрсытэце хацелі б засяродзіць усю ўладу ў руках аднаго Сэнату, аднак у рэчаіснасьці гэта будзе нашмат менш дэмакратычны і менш інклюзіўны варыянт, чым цяперашняя структура, якая дазваляе нам прыцягваць іншых зацікаўленых асобаў і дарадцаў да працэсу прыняцьця рашэньняў і дапамагае забясьпечыць больш узгодненую палітыку», — сьцьвярджае Міхайлаў.

Наконт чутак пра тое, што беларускія навукоўцы будуць замяняцца прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў, Міхайлаў падкрэсьлівае, што Беларусь ёсьць і заўжды застанецца ў цэнтры ўвагі ЭГУ і што заўжды вядзецца актыўны пошук кандыдатаў зь Беларусі.

«У кожным з выпадкаў мы робім усё, каб знайсьці добрых кандыдатаў зь Беларусі на пасады ў ЭГУ. У нас было некалькі такіх кандыдатаў на пасаду кіраўніка Дэпартамэнту гісторыі. Але адначасна мы маем абавязак перад нашымі студэнтамі і грамадзкасьцю — дасягаць высокай якасьці і ў выкладаньні, і ў навуковых дасьледаваньнях. Каб гэтак адбывалася, мы павінны абіраць найлепшых у сваёй галіне — беларусаў, калі гэта магчыма, але часам таксама і іншых, якія могуць нам дапамагчы выконваць нашу місію. Я перакананы, што зьмены, якія мы ажыцьцяўляем пры падтрымцы шырокай міжнароднай кааліцыі зацікаўленых асобаў, павялічаць унёсак ЭГУ ў лепшую будучыню Беларусі і беларусаў».

Рэакцыю ініцыятараў плятформы «За новы ЭГУ» чытайце на нашым сайце пазьней.

XS
SM
MD
LG