Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злучаныя Штаты павіншавалі Грузію з правядзеньнем мірных прэзыдэнцкіх выбараў і заявілі, што галасаваньне на іх адлюстроўвае волю грузінскага народа.

"Злучаныя Штаты падтрымліваюць высновы назіральнікаў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе пра тое, што выбары ў Грузіі былі адкрытымі і прайшлі ў канструктыўнай атмасфэры",— гаворыцца ў апублікаванай заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Разам з тым, у заяве адзначаецца, што ЗША прымаюць пад увагу выяўленую міжнароднымі назіральнікамі занепакоенасьць адносна абвінавачваньняў у аказаньні палітычнага ціску выбарцаў на мясцовым узроўні.

Злучаныя Штаты заклікаюць грузінскія ўлады правесьці канчатковы падлік галасоў і разгледзець любыя на парушэньні ў адпаведнасьці з законам. Дзяржаўны дэпартамэнт таксама заклікаў усе палітычныя сілы Грузіі працаваць разам з мэтай прасоўваньня палітычнай стабільнасьці і ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці.

Злучаныя Штаты спадзяюцца на сумесную працу з ізноў абраным прэзыдэнтам, урадам, парлямэнтам і народам Грузіі ў справе ўмацаваньня стратэгічнага партнэрства паміж дзьвюма краінамі, адзначаецца ў заяве.
XS
SM
MD
LG