Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маргвелашвілі лідзіруе на выбарах прэзыдэнта Грузіі


Георгій Маргвелашвілі.

Георгій Маргвелашвілі.

Кандыдат ад кіроўнай кааліцыі «Грузінская мара» Георгій Маргвелашвілі перамагае на выбарах прэзыдэнта Грузіі.

Паводле ЦВК Грузіі, пасьля падліку 70 адсоткаў пададзеных на ўчорашніх выбарах бюлетэняў, Маргвелашвілі набірае больш за 62 працэнты галасоў выбаршчыкаў. За яго бліжэйшага суперніка кандыдата ад апазыцыйнага «Адзінага нацыянальнага руху» Давіда Бакрадзэ прагаласавалі каля 22 адсоткаў, замыкае тройку — лідэрка партыі «Дэмакратычны рух — адзіная Грузія» Ніно Бурджанадзэ , якую падтрымалі крыху больш за дзесяць адсоткаў выбаршчыкаў.

Для перамогі ў першым туры кандыдату ў прэзыдэнты трэба набраць 50 працэнтаў плюс адзін голас. Давід Бакрадзэ ужо павіншаваў Маргвелашвілі і заявіў, што як лідэр апазыцыі гатовы супрацоўнічаць з новым прэзыдэнтам і ўрадам краіны. Між тым Ніно Бурджанадзэ выказала незадаволенасьць ходам галасаваньня. У яе штабе абвінавацілі прадстаўнікоў Маргвелашвілі і Бакрадзэ ў спробе сфальсыфікаваць выбары.

Лідэр грузінскіх лейбарыстаў Шалва Нацелашвілі, які набраў, паводле папярэдніх дадзеных, крыху больш за два адсоткі галасоў, заклікае прыхільнікаў выйсьці на вуліцы, каб дамагчыся пераліку галасоў. У той жа час старшыня ЦВК Грузіі Тамара Жванія заявіла, што на прэзыдэнцкіх выбарах не было сур’ёзных парушэньняў, яны адбыліся ў канкурэнтных умовах, выбаршчыкі свабодна выказалі сваю волю.

Яўка на выбарах склала амаль 47 працэнтаў.

Георгій Маргвелашвілі выступае за працяг курсу на збліжэньне з ЗША і Эўразьвязам, зьяўляецца праціўнікам незалежнасьці Паўднёвай Асэціі і Абхазіі, але адначасова прыхільнікам нармалізацыі адносін з Расеяй. Мяркуючы па ўсім, менавіта ён узначаліць грузінскую дэлегацыю ў ходзе лістападаўскага саміту ЭЗ у Вільні, дзе чакаецца парафаваньне дамовы аб асацыяцыі Грузіі з Эўрапейскім зьвязам.

Пасьля выбараў у Грузіі пачне дзейнічаць новая рэдакцыя канстытуцыі, па якой краіна фактычна стане парлямэнцкай рэспублікай, а значыць, уся паўната ўлады пяройдзе да прэм’ер-міністра. Дзейны кіраўнік кабінэта міністраў Бэдзіна Іванішвілі ўжо заявіў, што ў бліжэйшы час падасьць у адстаўку і паведаміць імя свайго пераемніка.
XS
SM
MD
LG