Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБСЭ: выбары ў Грузіі былі празрыстымі


Георгі Маргвелашвілі

Георгі Маргвелашвілі

Кандыдат ад кіруючай кааліцыі «Грузінская мара» Георгі Маргвелашвілі захоўвае лідэрства на выбарах прэзыдэнта Грузіі, якія адбыліся 27 кастрычніка.

Паводле ЦВК краіны, пасьля апрацоўкі больш як 90 адсоткаў пададзеных на выбарах бюлетэняў, Маргвелашвілі набірае больш за 62 адсоткі галасоў выбаршчыкаў. За яго бліжэйшага суперніка, кандыдата ад апазыцыйнага «Адзінага нацыянальнага руху» Давіда Бакрадзэ прагаласавалі каля 22 адсоткаў, а лідэра партыі «Дэмакратычны рух – адзіная Грузія» Ніно Бурджанадзэ падтрымалі крыху больш за дзесяць адсоткаў выбаршчыкаў. Для перамогі ў першым туры кандыдату ў прэзыдэнты трэба набраць 50 адсоткаў плюс адзін голас.

Давід Бакрадзэ ужо павіншаваў Маргвелашвілі і заявіў, што, як лідэр апазыцыі, гатовы супрацоўнічаць з новым прэзыдэнтам і ўрадам краіны. Між тым, Ніно Бурджанадзэ выказала незадаволенасьць працэсам галасаваньня. У яе штабе абвінавацілі прадстаўнікоў Маргвелашвілі і Бакрадзэ ў спробе сфальсыфікаваць выбары.

ЦВК Грузіі, у сваю чаргу, заяўляе, што на прэзыдэнцкіх выбарах не было сур'ёзных парушэньняў, яны адбыліся ў канкурэнтных умовах, выбаршчыкі свабодна выказалі сваю волю. Яўка склала амаль 47 адсоткаў.

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) заявіла, што выбары былі «станоўчымі і празрыстымі».

Жаао Саарэш, кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЕ, заявіў, што «сумленныя выбары» паказваюць, што «дэмакратыя ў Грузіі становіцца больш сталай».

Георгі Маргвелашвілі выступае за працягу курсу на збліжэньне з ЗША і ЭЗ, зьяўляецца праціўнікам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, але адначасова прыхільнікам нармалізацыі адносін з Расеяй.
XS
SM
MD
LG