Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў на 5 сутак адміністрацыйнага арышту актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана. У Заводзкім судзе асудзілі нацбола Дзьмітрыя Паліенку на 6 сутак. Як мяркуюць сваякі затрыманых і праваабаронцы, арышты маюць дачыненьне да саміту СНД.

Да затрыманага і асуджанага ўчора на 5 сутак лідэра беларускіх нацболаў Яўгена Контуша сёньня, 24 кастрычніка, у ізалятары на Акрэсьціна дадаліся актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан і нацбол Дзьмітры Паліенка. Моўчану суд даў 5 сутак арышту, Паліенку асудзілі на 6 сутак. На 5 сутак арыштавалі таксама актывіста «Zмены» Віталя Васількова.

Андрэя Моўчана пачалі судзіць аб 11-й раніцы ў Маскоўскім раённым судзе. Працэс вяла судзьдзя Тацяна Матыль. У суд прыехалі бацькі і сястра актывіста, але на паседжаньне іх не пусьцілі, заявіўшы, што разгляд справы ўжо пачаўся. Вользе Моўчан удалося пасьля суду пагаварыць з братам ды перадаць яму рэчы і ежу. Вольга згадвае, што яе брат спакойна ўспрыняў прысуд, хоць не прызнаў сябе вінаватым. Паводле Вольгі, яе брат мог і ня ведаць, што ў Менску сёньня пачынаецца саміт СНД, і да яго пэўна ніяк не рыхтаваўся, але што арышт зьвязаны менавіта з гэтай падзеяй, сумненьняў у яе няма:

«Мы ўчора не глядзелі навін па тэлебачаньні, і там нічога такога не перадавалі, але, хутчэй за ўсё, гэта ўсё зьвязана з тымі самітамі і з тым, што прыехаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Каб яны не перашкаджалі, каб не заміналі ні ў чым і не давялося за імі прыглядаць, дык вырашылі адправіць на 5 дзён у ізалятар на Акрэсьціна, і справе канец. 5 сутак якраз скончацца ў панядзелак, калі адсюль усе разьедуцца».

Падчас сустрэчы зь сястрой Андрэй Моўчан ня скардзіўся на дрэннае абыходжаньне з боку міліцыянтаў і нават адзначаў, што супрацоўнікі Маскоўскага РАУС былі зь ім ветлівыя — у параўнаньні з тым, як паводзілі сябе міліцыянты падчас ранейшых затрыманьняў.

У ліпені 2012 году Андрэя Моўчана пасьля акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Сяргеем Каваленкам міліцыянты моцна зьбілі, ён трапіў у шпіталь. Пасьля гэтага Андрэя Моўчана затрымлівалі летась у верасьні за расклейку ўлётак і асудзілі на 10 сутак.
Зараз ён усьміхаўся і жартаваў: чаму толькі 5 сутак?

«Зараз ён усьміхаўся і жартаваў: чаму толькі 5 сутак?» — згадала Вольга Моўчан. Пры гэтым жанчына адзначыла, што побач зь імі падчас размовы былі міліцыянт у форме ды чалавек у цывільным. «Магчыма, таму Андрэй не захацеў ні на што скардзіцца».

Увечары 23 кастрычніка быў таксама затрыманы «нацбол», працаўнік МАЗу Дзьмітры Паліенка. Удзень, калі актывіст яшчэ быў на працы, карэспандэнт Свабоды размаўляў зь ім праз тэлефон. Паліенка абяцаў паведаміць, калі ў яго пачнуцца праблемы, як у Яўгена Контуша. Бліжэй да вечара мабільны тэлефон Дзьмітрыя Паліенкі замаўчаў. Паводле праваабаронцаў, актывіста затрымалі на выхадзе з МАЗу і судзілі сёньня а 9-й раніцы ў Заводзкім судзе. Прысуд вынесла судзьдзя Алена Някрасава.

«Тры арыштаваныя ўжо і 4 пад пагрозай арышту». Гэтак падсумавала вынікі прэвэнтыўнай апэрацыі міліцыі праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка. Сярод тых, хто можа ў блізкім часе таксама трапіць на Акрэсьціна, яна назвала актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава, да якога прыходзілі дамоў міліцыянты, але ён не адчыніў дзьвярэй. Таксама Наста Лойка паведаміла пра спробу міліцыянтаў затрымаць непаўналетняга нацбола Аляксандра Палякова і пра выклік у міліцыю актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Тарнагурскага. Паводле допісу Паўла Вінаградава ў фэйсбуку, міліцыянты спрабавалі затрымаць актывіста «Zмены» Ягора Віняцкага.

«З пункту гледжаньня праваабарончага цэнтру „Вясна“, гэта відавочны перасьлед, бо ўсім выстаўлена абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні міліцыі, але ніхто з затрыманых не супраціўляўся. Відавочна, што насамрэч прычыны ў гэтым саміце, з-за якога ніхто не зьбіраўся нейкіх акцыяў ладзіць. Гэта міліцэйская зачыстка, каб дакладна забясьпечыць нейкі спакой. ».

Прэвэнтыўныя затрыманьні апазыцыйных актывістаў практыкаваліся ў Беларусі і раней. Праваабаронцы адзначаюць, што звычайна гэта адбываецца перад візытамі ў Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.
XS
SM
MD
LG