Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрус у блогера Жалнова — пісаў пра парушэньні міліцыянтаў

абноўлена

24 кастрычніка ў кватэру бабруйскага блогера Алега Жалнова прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, а таксама панятыя з пастановай на агляд «месца здарэньня», падпісанай бабруйскім пракурорам. Агляд таксама санкцыянаваны двума намесьнікамі начальніка Бабруйскага УУС — Віталём Харлапавым і Аляксандрам Сяргеевым.

«Спачатку заявілі як агляд месца здарэньня, уварваліся ў кватэру з прымяненьнем фізычнай сілы і правялі ператрус, канфіскавалі рэчы. Супрацоўнікі міліцыі з прымяненьнем фізычнай сілы адштурхнулі мяне ад мабільнага тэлефона і перашкодзілі патэлефанаваць адвакату. Яны канфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі, хочуць знайсьці тое, што выкладвалася ў інтэрнэт. Хаця гэта ўсё ёсьць у свабодным доступе ў інтэрнэце», — распавёў Жалноў карэспандэнту Радыё Свабода.


Падставай для агляду стала заява маёра бабруйскага ДАІ Яўгена Сераштанава. Ён піша, што ў сетцы Інтэрнэт у 2012–2013 гадах невядомая асоба — як мяркуецца, Алег Жалноў — разьмясьціла аўдыё- і відэаматэрыялы, якія зьневажаюць гонар і годнасьць маёра і шкодзяць яго дзелавой рэпутацыі.Сераштанаў просіць распачаць супраць блогера крымінальную справу, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

4 верасьня Алег Жалноў і яго сын выпадкова сталі сьведкамі парушэньня правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі міліцыі — няправільнай паркоўкі на ходніку. Блогер зафіксаваў гэта на відэакамэру і адразу ж зьвярнуўся з заявай да супрацоўнікаў ДАІ, якія ў той час знаходзіліся побач.

У выніку міліцыянты затрымалі Жалнова і яго сына. На блогера склалі два адміністратыўныя пратаколы. Цяпер гэтай справай займаецца Сьледчы камітэт. Існуе імавернасьць, што супраць блогера і яго сына ўзбудзяць крымінальныя справы.

Пакуль жа ў Бабруйскім судзе ўжо некалькі дзён разглядаецца адміністратыўная справа, распачатая нібыта за непадпарадкаваньне Алега Жалнова законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.

23 кастрычніка судзьдзя адправіла справу на дапрацоўку ў міліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG