Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка актывістаў незалежнага прафсаюзу на НПЗ. Дзень другі


Другі дзень на Мазырскім НПЗ галадаюць старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу Юры Швец і ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі.

Другі дзень на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе галадаюць старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу Юры Швец і ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі. Такім чынам яны пратэстуюць супраць уціску на прадпрыемстве сяброў незалежнага прафсаюзу й непартнэрскага стаўленьня да афіцыйна зарэгістраванай нефармальнай прафсаюзнай арганізацыі.

Мінулую ноч Юры Швец і Васіль Альхоўскі правялі ў машыне побач з будынкам адміністрацыі нафтаперапрацоўчага заводу, бо пропуск у будынак, дзе знаходзіцца памяшканьне пярвічкі, у прафсаюзных актывістаў абмежаваны — з 8 да 18 гадзіны. Каб не абвастраць сытуацыю, яны й перабраліся зь вечара ў машыну.

Юры Швец: «Мы проста сядзелі ў аўтамабілі, размаўлялі. Спачатку прайшоўся паўз нас ахоўнік заводу. Можа, ён аглядаў аўтастаянку, я ня ведаю. Каля гадзіны ночы прыяжджала міліцыя. Праверылі дакумэнты, удакладнялі, чаго мы тут знаходзімся. Адказваем: „Проста сядзім — у нас ёсьць такое жаданьне сядзець“. Яны праверылі дакумэнты і, у прынцыпе, нічога больш не сказалі такога асаблівага. Адкланяліся і сышлі. Мы паспалі гадзіны дзьве пад раніцу, пакімарылі, так бы мовіць».

А восьмай раніцы прафсаюзныя актывісты прыйшлі на працу. Кіраўніцтва заводу пакуль не ўступае ў дыялёг ні з прафсаюзнымі лідэрамі, ні з радай пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюзу.

«Ніякай рэакцыі з боку адміністрацыі за мінулыя суткі няма. Адзінае трэба адзначыць, што ўчора на апэратыўнай нарадзе, дзе прысутнічаюць усе кіраўнікі цэхаў, генэральны дырэктар давёў інфармацыю, што вось зь незалежным прафсаюзам адбываюцца чарговыя трэньні, і гэтыя трэньні спарадзіў старшыня прафсаюзу Швец. Словам, я, бо я даў кепскае інтэрвію сайту Незалежнага прафсаюзу».

Суразмоўца кажа, што яго заводзкае начальства ў вочы называе няйначай як замежным агентам.

Нэгатыўна ставяцца кіраўнікі розных рангаў да шараговых сяброў прафсаюзу. Хочаш атрымаць кваліфікацыю ці новую пасаду — выйдзі зь незалежнага прафсаюзу. Выстаўляеш заўвагі ці прэтэнзіі — атрымай спагнаньне і пакінь завод.

Юры Швец зазначае, што ціск на прафсаюзныя суполкі характэрны ня толькі для іхняга заводу:

«Ўсё такое адбываецца ня толькі на Мазырскім НПЗ. Ва ўсіх арганізацыях, дзе ёсьць незалежныя, свабодныя прафсаюзы, адбываецца нешта падобнае — па такой жа схеме, у такім жа парадку. На жаль, органы, якія павінны назіраць за законнасьцю — праваахоўныя органы, суды — асаблівай увагі на гэта не зьвяртаюць. У нас ёсьць заява жанчыны, у якой яна пазначыла, хто на яе рабіў ціск. Прозьвішчы і пасады іх яна назвала».

Намесьнік лідэра пярвічкі Васіль Альхоўскі, які зь пераломам нагі падтрымаў галадоўку Юрыя Швеца, апавёў пра практыку прызначэньня на заводзе шэрагу людзей на новыя пасады:
Чалавек працуе майстрам. Хочаш стаць начальнікам участку — выйдзі зь незалежнага прафсаюзу

«Чалавек працуе майстрам. Хочаш стаць начальнікам участку — выйдзі зь незалежнага прафсаюзу. Я вось ведаю: быў у нас сябра прафсаюзу. Выйшаў — стаў начальнікам цэху. І такіх прыкладаў на пасадах вельмі шмат».

Цяпер на НПЗ Незалежны прафсаюз аспрэчвае звальненьне Ўладзімера Ключнікава, якога, па зьвестках прафсаюзных актывістаў, беспадстаўна абвінавацілі ў невыкананьні заданьня. На камісіі па працоўных спрэчках незалежны прафсаюз выступае супраць спыненьня кантрактаў яшчэ з чатырма сваімі сябрамі. У прыватнасьці, у кампутары аднаго з канструктараў знайшлі неслужбовую інфармацыю —пабудаваны свой дом. Гэта й сталася падставай, каб абвясьціць пра непрацяг кантракту.

І Юры Швец, і Васіль Альхоўскі перакананыя, што здаровы розум павінен узяць верх і што стаўленьне адміністрацыі да незалежнага прафсаюзу зьменіцца.

Што да галадоўкі, то спадар Швец кажа так:

«Людзі павінны дамаўляцца. Ва ўсіх нарматыўных актах, калектыўнай дамове напісана, што мы павінны пазьбягаць аднабаковых дзеяньняў, канфліктных сытуацыяў. З боку прафсаюзу зроблена ўсё магчымае, каб канфліктных сытуацыяў не было. На жаль, нас праігнаравалі. І асабіста я прыняў рашэньне абвясьціць галадоўку».

Трымаць галадоўку прафсаюзныя актывісты зьбіраюцца, пакуль хопіць сілаў ці пакуль не пачнецца дыялёг з дырэкцыяй прадпрыемства.
XS
SM
MD
LG