Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук патрабуе ад Мінпрацы абараніць прафсаюзных актывістаў


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук накіраваў зварот міністру працы і сацыяльнай абароны Мар’яне Шчоткінай у сувязі з галадоўкай прафсаюзных актывістаў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Галадоўка пачалася 14 кастрычніка. Яе аб’явіў лідэр Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мазырскага НПЗ Юры Швец на знак пратэсту супраць ціску на прафсаюзных актывістаў. Нагодай для акцыі пратэсту стала звальненьне пяці сяброў БНП. Да галадоўкі Юрыя Швеца далучыўся і ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі. У сваю чаргу ў адміністрацыі НПЗ заяўляюць аб законнасьці звальненьня сябраў незалежнага прафсаюза.

У сваім звароце Аляксандр Ярашук патрабуе тэрмінова склікаць Савет па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны з запрашэньнем на паседжаньне адміністрацыі Мазырскага НПЗ і кіраўніцтва БНП для «неадкладнага прыняцьця захадаў па спыненьні дыскрымінацыі арганізацыі і расправы над яго сябрамі» .

«Калі з боку ўрада ня будуць прыняты неадкладныя дзеяньні па спыненьні самавольства і распраў над сябрамі незалежных прафсаюзаў, іх дыскрымінацыі, па прыкладзе Юрыя Швеца і Васіля Альхоўскага могуць рушыць іншыя, могуць пайсьці на падобныя і яшчэ больш адчайныя акцыі пратэсту»,— цытуе тэкст звароту сайт БКДП .

«Пастаянны перасьлед працоўных за прыналежнасьць да незалежных прафсаюзаў вымушае іх рашацца на радыкальныя дзеяньні. БКДП не можа і ня будзе абыякава назіраць, як зьдзяйсьняецца гвалт і расправа над сябрамі прафсаюзаў, і не стане абмяжоўвацца толькі заявамі і заклікамі спыніць беззаконьне і скончыць з бязьмежжам ў дачыненьні да нашых таварышаў», — гаворыцца ў звароце лідэра кангрэса.

Тым часам галадоўка ў Мазыры працягваецца. Васіль Альхоўскі з Юрыем Швецам знаходзяцца ў працоўным кабінэце. Сёньня на завод павінен прыехаць Аляксандр Ярашук і старшыня БНП Мікалай Зімін.

БНП 15 кастрычніка выступіў з заявай «Аб сытуацыі, якая склалася на ААТ «Мазырскі НПЗ » . У ёй паведамляецца , што 16 кастрычніка прадстаўнікі прафсаюза маюць намер абмеркаваць сытуацыю з кіраўніцтвам канцэрна «Белнафтахім».

«Мы спадзяемся на цывілізаванае вырашэньне гэтай праблемы шляхам перамоваў. Аднак Беларускі незалежны прафсаюз прыме усе даступныя дзеяньні па абароне звольненых сябраў прафсаюза з выкарыстаньнем усіх законных мер», — падкрэсьліваецца ў заяве.
XS
SM
MD
LG