Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск і Кіеў раптам пасябравалі?


Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, чэрвень 2013

Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, чэрвень 2013

Візыт украінскага прэм’ера Мікалая Азарава ў Беларусь на тле геапалітычнага дрэйфу Ўкраіны ў бок Эўразьвязу стаў заўважнай міжнароднай падзеяй. Ці выпадкова, што гэты візыт адбыўся менавіта цяпер? Чаму Менск дэманструе ляяльнасьць да палітыкі Ўкраіны? Як такая пазыцыя Беларусі паўплывае на беларуска-расейскія адносіны?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і журналіст Юрась Сьвірко з Кіева.
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Юрась Сьвірко

Юрась Сьвірко

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч



Значэньне візыту Азарава


Валер Карбалевіч: «У іншы час візыту прэм’ер-міністра Ўкраіны Мікалая Азарава ў Беларусь, магчыма, ніхто і не заўважыў бы. Суседнія краіны, шмат эканамічных і іншых праблемаў. Вось ня так даўно, 31 траўня, Азараў ужо наведваў Менск, і на тую падзею мала хто зьвярнуў увагу.

Цяпер іншы палітычны момант. Толькі што Расея правяла паказальную „мытную вайну“ з Украінай і ўсяляк падахвочвала Беларусь і Казахстан далучыцца да яе. Празь месяц Украіна падпісвае на Віленскім саміце праграмы ЭЗ „Усходняе партнэрства“ пагадненьне аб асацыяцыі і стварэньні зоны вольнага гандлю з Эўразьвязам. А гэта выклікае рэзка адмоўную рэакцыю Масквы. І вось на гэтым тле Азараў прыяжджае ў Беларусь, Лукашэнка кажа, што ніякіх прэтэнзіяў зь беларускага боку да Кіева няма. Ці не падаецца вам, што сам факт гэтага візыту больш важны, чым яго зьмест?»

Андрэй Фёдараў: «Так. Хачу ўдакладніць. Празь месяц Украіна мае падпісаць гэтае пагадненьне. Ня факт, што падпіша, хоць верагоднасьць гэтага вялікая.

Што да прыезду Азарава. Візыты такога ўзроўню не рыхтуюцца за дзень ці за тыдзень. Тым ня менш, візыт сюды Азарава выглядае выклікам Маскве. Пасьля тых нападаў, якія Ўкраіна атрымала ад Расеі, Кіеў шукае хаўрусьнікаў сярод сяброў Мытнага зьвязу.

Апошнім часам супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Расеяй абвастрыліся. Напярэдадні візыту Лукашэнкі ў Казахстан ён у інтэрвію выказаў пэўныя папрокі Маскве. То бок Лукашэнка сыгналізуе РФ, што не гатовы падтрымліваць яе ва ўсіх пытаньнях. Тым больш — у ціску на Ўкраіну. Бо Ўкраіна для Беларусі — трэці гандлёвы партнэр у сьвеце».

Юрась Сьвірко: «У самой Украіне гэты візыт Азарава ў Менск мала хто заўважыў. Украінскія мэдыі большую ўвагу аддавалі таемнаму візыту ўкраінскага віцэ-прэм’ера Арбузава ў ЗША, дзе абмяркоўвалася пытаньне пра крэдыт МВФ Украіне.

Лукашэнка праводзіць даволі самастойную палітыку. Можна прыгадаць, што ён ня ўвёў візы для грузінскіх грамадзянаў на тле расейска-грузінскага канфлікту.

А Беларусь і Ўкраіна — суседнія дзяржавы. Паміж імі вялікі таваразварот. Шмат сувязяў паміж людзьмі дзьвюх краін. Шмат беларусаў едзе адпачываць у Крым. Лукашэнка ня хоча траціць украінскі рынак. Таму ва ўкраінскіх цукерках „Рашэн“ у Беларусі не знайшлі шкодных рэчываў. Хоць Расея палічыла, што яны не адпавядаюць стандартам. Вось такі мытны зьвяз».


Чаму Менск дэманструе ляяльнасьць да палітыкі Ўкраіны?


Карбалевіч: «У чым прычына такой ляяльнасьці Менску да Ўкраіны? Вось сп. Сьвірко адзначыў, што Беларусь ня хоча страчваць украінскі рынак, бо мае ў гандлі зь Беларусьсю дадатнае сальда.

Прычым выглядае, што гэтая ляяльнасьць нейкая дэманстратыўная. Лукашэнка заявіў, што калі нават Украіна ўступіць у НАТО, то і гэта будзе ўспрынята Менскам нармальна. А яшчэ нядаўна ён пужаў „страшным монстрам“, які набліжаецца да сінявокай Беларусі. Як гэта патлумачыць?»

Сьвірко: «Гэты монстар ужо наблізіўся да Беларусі. Яе суседзі — Польшча, Літва, Латвія — ужо ў НАТО. А Ўкраіну ў НАТО ніхто не зьбіраецца прымаць. Гэта наўрад ці здарыцца цягам бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў».

Карбалевіч: «Тут цікавая зьмена рыторыкі, а не рэальная імавернасьць уступленьня Ўкраіны ў НАТО».
Калі Ўкраіна рухаецца на захад, то Беларусь атрымлівае ўсе расейскія субсыдыі як галоўны саюзьнік

Фёдараў: «Лукашэнка разумее, што бліжэйшым часам Украіна ў НАТО ня ўступіць, таму можна выказвацца на гэтую тэму як заўгодна. Думаю, кіраўніцтва Беларусі зацікаўленае, каб Украіна рухалася ў бок ЭЗ. Калі б Украіна ўступіла ў Мытны зьвяз, то гэта была б вялізарная перамога Расеі. І адносіны Расеі з Украінай стануць дамінантнымі, Беларусь апынецца на 3–4 месцы ў шкале прыярытэтаў Масквы. А калі Ўкраіна рухаецца на захад, то Беларусь атрымлівае ўсе расейскія субсыдыі як галоўны саюзьнік».

Сьвірко: «Часткова я з гэтай апошняй думкай згодны. Кожная з постсавецкіх дзяржаваў думае, што Расея сьпіць і бачыць, каб захапіць менавіта яе. Але ў РФ няма рэсурсаў, каб усіх захапіць.

Але я трохі пра іншае хачу сказаць. Далучэньня Ўкраіны да ЭЗ ня будзе нават праз 10 гадоў. Паглядзіце на Турэччыну, якая шмат гадоў далучаецца да ЭЗ, але ніяк не далучыцца.

Гэтае пагадненьне аб асацыяцыі хутчэй застанецца на паперы. Каб стварыць зону вольнага гандлю Ўкраіны і ЭЗ, трэба яшчэ падпісаць шмат дакумэнтаў. Таму ў Кіеве ўсе пагадненьні Ўкраіны і ЭЗ, якія плянуецца падпісаць у Вільні, разглядаюцца як палітычная зьява. Гэта будзе дэманстрацыя, што Ўкраіна ідзе ў Эўропу. Зь іншага боку, Украіна хоча паказаць Беларусі і Расеі, што імкнецца працягваць разьвіваць зь імі адносіны.
У Беларусі больш шанцаў хутчэй далучыцца да ЭЗ, чым ва Ўкраіны

Я хачу сказаць нечаканую рэч. У Беларусі больш шанцаў хутчэй далучыцца да ЭЗ, чым ва Ўкраіны. У Беларусі, на думку шмат якіх украінскіх экспэртаў, няма такога вялікага ўзроўню карупцыі, як ва Ўкраіне. У Беларусі адна праблема — гэта Лукашэнка. Таму для ЭЗ прасьцей вырашыць праблему Лукашэнкі ў Беларусі, чым праблему карупцыі ва Ўкраіне».


Як сяброўства Беларусі і Ўкраіны паўплывае на беларуска-расейскія адносіны?


Карбалевіч: «Няхай сабе Беларусь зацікаўленая ў дрэйфе Ўкраіны на Захад, каб атрымаць больш субсыдыяў ад Расеі. Але навошта рабіць такія дэманстратыўныя жэсты ляяльнасьці да пазыцыі Ўкраіны? Можна ж было проста памаўчаць пра геапалітычны кантэкст, гаварыць толькі пра двухбаковыя адносіны. Навошта дэманстратыўна паказваць кукіш Маскве? І якія наступствы гэта пацягне за сабой у пляне беларуска-расейскіх дачыненьняў?»

Фёдараў: «Па-першае, гэты сакрэт палішынэля раней ці пазьней стаў бы відавочным. Якраз сёньня зьявілася інфармацыя, што беларускія санітарныя службы не знайшлі шкоднымі цукеркі „Рашэн“. Лукашэнка дае зразумець Маскве, што ня трэба на нас моцна ціснуць. Паглядзім, наколькі Расея гатовая, дзеля стварэньня Эўразійскага эканамічнага зьвязу, не зьвярнуць увагі на гэты дэманстратыўны выпад Беларусі».

Сьвірко: «Думаю, гэты жэст Беларусі ў бок Украіны не адаб’ецца на беларуска-расейскіх адносінах. Таму праз тыдзень ці месяц Лукашэнка можа прадэманстраваць яшчэ большую ляяльнасьць да Расеі, казаць, што беларусы — гэта расейцы са знакам якасьці. А прамаўчаць — гэта ня ў стылі Лукашэнкі. Такі народзец, такі прэзыдэнцец. Ён кажа тое, што падабаецца суразмоўцу. Гэта пачалося даўно, яшчэ нямецкім журналістам ён заявіў, што ня ўсё кепскае ў гісторыі Нямеччыны было зьвязана з Гітлерам. Гэта проста ягоны стыль.

Больш цікава, што адбываецца за кулісамі перамоваў. А Лукашэнка — сам сабе зона вольнага гандлю. Ён таргуецца і з Расеяй, і з ЭЗ, і з Украінай. Абы пратрымацца яшчэ некалькі гадоў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG