Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск і Масква па-рознаму ставяцца да Кіева


Аляксандар Лукашэнка сёньня, прымаючы ў Менску ўкраінскага прэм’ера Мікалая Азарава, заявіў, што лічыць падпісаньне Ўкраінай Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам фактам, які практычна ўжо адбыўся. Кіраўнік Беларусі прапануе знайсьці формулу далейшых дачыненьняў Мытнага зьвязу з Украінай.

Пасьля сёньняшняй сустрэчы Лукашэнкі з Азаравым палітолягі загаварылі пра тое, што падыходы Беларусі і Расеі да Ўкраіны моцна адрозьніваюцца. На саміце краін «Усходняга партнэрства», які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні, Украіна і Эўразьвяз плянуюць падпісаць Дамову аб супрацоўніцтве. Кіраўнік Беларусі спакойна ставіцца да гэтага. Як перадае Інтэрфакс-Захад, ён сказаў украінскаму прэм’еру:

«Калі казаць шчыра, то ў гэтым кроку ў кірунку супрацоўніцтва з Эўропай я ня бачу ніякіх праблем. Важна іншае, каб гэтая дамова і наступныя не зачынялі супрацоўніцтва Ўкраіны з Адзінай эканамічнай прасторай, нашым Мытным зьвязам... Мы занадта палітызавалі гэтую праблему».

А вось расейскаму кіраўніцтву эўрапейскі вэктар афіцыйнага Кіева не падабаецца. Так, Дзьмітрый Мядзьведзеў нядаўна заявіў: няхай Украіна не спадзяецца, што яна пасьля гэтага зможа сядзець на двух крэслах адначасова. Расейскі прэм’ер меў на ўвазе стасункі Ўкраіны з Эўразьвязам і Мытным зьвязам «тройкі».

Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што ёсьць дзьве асноўныя прычыны, чаму Масква і Менск ставяцца па-рознаму да супрацы Ўкраіны з Эўразьвязам. Першая — эканамічная:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«З Украінай у нас якраз вельмі сур’ёзнае станоўчае гандлёвае сальда. Апошнія пару гадоў гэта фактычна адзіны для нас рынак, які расьце. Для Беларусі Ўкраіна — вельмі-вельмі важны рынак збыту. У Расеі адбываецца сьцісканьне ўнутранага попыту, а ва Ўкраіне праходзіць адваротны працэс. І таму нашым эканамічным інтарэсам цалкам бы супярэчыла спроба эканамічнай ізаляцыі Ўкраіны альбо нешта падобнае».

Другі фактар — палітычны:

«Лукашэнку выгадна, калі Ўкраіна ня рухаецца ў бок Адзінай эканамічнай прасторы. Бо ў гэтым выпадку Беларусь застаецца такім прыярытэтным кірункам у пляне сталых прэфэрэнцыяў з боку Масквы. Усе ж цудоўна разумеюць, што каб неяк зацягваць Украіну ў гэтыя інтэграцыйныя структуры, трэба выкарыстоўваць ня толькі пугу, але і пернік. А пернік такі — для Беларусі газ каштуе ўдвая таньней, чым для вас».

Доктар палітычных навук зь Беларускага цэнтру палітычных дасьледаваньняў Павал Вусаў так тлумачыць такую розьніцу ў падыходах Масквы і Менску:

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Масква лічыцца інтэграцыйным цэнтрам. І ўкраінская палітыка, насуперак Маскве, даволі моцна раздражняе Крэмль. Без Украіны ўсе гэтыя намаганьні стварыць Эўразійскі зьвяз будуць даволі ніклыя і па сутнасьці несур’ёзныя. І ў гэтым кантэксьце Ўкраіна — ключавы аб’ект для інтэграцыі.

А Лукашэнка тут хутчэй выступае як аутсайдэр. Бо ні ягоны падыход, ні ягоны погляд ніяк не ўплываюць на гэтую палітыку Крамля. І ён ня можа яе ні падтрымаць, ні абвергнуць».

Украінскі палітоляг Косьць Бандарэнка параўноўвае дачыненьні Кіева і Масквы з дачыненьнямі Кіева і Менску:

«Дыялёг паміж Кіевам і Менскам нашмат больш канструктыўны. Прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што ён ня бачыць ніякіх праблем з таго, што Ўкраіна інтэгруецца ў эўрапейскую прастору. Ён выказаў пажаданьне разьвіваць і надалей эканамічныя стасункі з Украінай. Гэта паказвае, што Беларусь усё ж не падтрымлівае тую рыторыку, якая сёньня вызначаная Крамлём».
XS
SM
MD
LG