Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары: без байкоту, без радыёдэбатаў, без другога туру


Шэраг паправак і зьмяненьняў у выбарчае заканадаўства прынялі ў першым чытаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

За заклікі да байкоту беларускіх выбараў будуць караць. З працэдуры выбараў прэзыдэнта краіны зьнікнуць радыёдэбаты. Дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будуць абіраць толькі ў адзін тур. Гэта — галоўныя навацыі, якія прынялі сёньня ў першым чытаньні на пленарным паседжаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Лідзія Ярмошына, якая прадстаўляла зьмены і дапаўненьні ў выбарчае заканадаўства, сказала, што на роўні прэзыдэнцкіх выбараў ёсьць дзьве навэлы. Першая — асабісты фонд кандыдата ў прэзыдэнта павялічваецца да трох тысяч базавых велічыняў супраць цяперашняй адной тысячы. Паводле разьлікаў старшыні Цэнтравыбаркаму, сёньня гэтая сума складзе 128 571 даляр. Ярмошына сказала, што нават у такіх невялікіх краінах, як Армэнія альбо Кіргізстан, падобны фонд у 10 разоў большы.

Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Другая навацыя — ствараць такі фонд можна будзе адразу пасьля рашэньня таго ці іншага грамадзяніна вылучацца на прэзыдэнта. Цяпер жа грошы забараняецца зьбіраць да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Аднак ужо пасьля галасаваньня высьветлілася, што ёсьць і трэцяя навіна. Я запытаў спадарыню Ярмошыну, ці адмена радыёдэбатаў, пра якую яна казала ў Авальнай залі, распаўсюджваецца толькі на парлямэнцкія выбары? Высьветлілася, што не:

«І на прэзыдэнцкія таксама. Мы паглядзелі, што ў радыёдэбатах пераважна ўдзельнічалі давераныя асобы, а ня самі кандыдаты. Дый наагул дэбаты праз радыё людзям нецікавыя», — заявіла старшыня ЦВК. Праўда, адкуль у яе такія зьвесткі, Лідзія Ярмошына не ўдакладніла.

Віталь Рымашэўскі, кандыдат на прэзыдэнта на апошніх выбарах, сказаў Свабодзе, што адмова ад радыёдэбатаў — гэта яшчэ адзін крок, каб абцяжарыць няўладным прэтэндэнтам кантакты з насельніцтвам:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Гэта чарговая спроба вось такімі маленькімі хітрасьцямі пазбавіць дэмакратычных кандыдатаў камунікацыі з выбарцамі. Я, напрыклад, падчас выбарчай кампаніі вельмі актыўна карыстаўся радыёэфірам. Выступаў і сам, і мае давераныя асобы таксама. І ведаю, што нас слухалі, і рэакцыя была добрая на радыёэфір.

Таму такую папраўку ў выбарчае заканадаўства я ацэньваю выключна як пазбаўленьне дэмакратычных кандыдатаў роўных магчымасьцяў і наданьне аднаму вядомаму кандыдату яшчэ больш перавагаў перад іншымі прэтэндэнтамі».

У Авальнай залі Лідзія Ярмошына заявіла, што, на яе думку, самая галоўная папраўка — гэта абіраньне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у адзін тур, а ня ў два, як гэта прадугледжвае дзейнае заканадаўства. Маўляў, тут спрацуюць дзьве перавагі: па-першае, спросьціцца сама выбарчая працэдура, а па-другое, значна скароцяцца бюджэтныя выдаткі.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі адзначае, што ў падручніках паліталёгіі прапісана спэцыфіка правядзеньня выбараў у адзін ці два туры:

Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

«Адна- і двухтуравая сыстэмы выбараў — гэта розныя рэчы. Але не для Беларусі. Для нашай краіны такія адрозьненьні ня маюць ніякага значэньня. У нас галасы па-сапраўднаму ня лічацца. Таму трэба над гэтым задумацца і заканадаўча замацаваць справядлівы і чэсны падлік бюлетэняў. А не прыдумляць усялякія псэўданавацыі і выдаваць іх за паляпшэньне Выбарчага кодэксу».

Я спытаў Лідзію Ярмошыну, чаму сярод паправак няма ніякіх, якія б тычыліся працэдуры датэрміновага галасаваньня? На гэта яна адказала так:

«Таму што яна ў нас і так вельмі добрая».

Між тым менавіта працэдура датэрміновага галасаваньня, асабліва падліку галасоў у гэты час, выклікае найбольшыя прэтэнзіі з боку дэмакратычнай супольнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG