Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Сырыі прывіталі прапанову Расеі паставіць сваю хімічную зброю пад міжнародны кантроль з пэрспэктывай яе дэмантажу.

Заходнія агенцтвы, са спасылкай на ІТАР-ТАСС, прыводзяць словы міністра замежных спраў Сырыі Валіда Муалема, паводле якога гэтая ініцыятыва выйшла з Масквы з улікам імкненьня Дамаску зьберагчы сырыйцаў ад гвалту і гарантаваць бясьпеку краіне.

Расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, якi сустрэўся з Муалемам у Маскве, сказаў сёньня, што Расея заклікае Сырыю паставіць пад міжнародны кантроль хімічную зброю, калі гэты захад дазволіць пазьбегнуць зьнешняга ваеннага ўмяшаньня.

Раней дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў, што рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада можа пазьбегнуць удараў амэрыканскай авіяцыі, здаўшы ўсю наяўную хімічную зброю на працягу тыдня.

Сырыйская апазыцыя выступіла катэгарычна супраць перадачы хімічнай зброі пад міжнародны кантроль. Пра гэта прадстаўнік Сырыйскай нацыянальнай кааліцыі Халед Салех заявіў у інтэрвію амэрыканскім СМІ.

Прадстаўнікі апазыцыі лічаць, што любая адтэрміноўка і тым больш магчымая адмена ўдараў ЗША па Сырыі будзе на руку толькі прэзыдэнту Башару Асаду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG