Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы: Асад можа пазьбегнуць удару, калі аддасьць хімічную зброю


Джон Керы

Джон Керы

Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад можа пазьбегнуць замежнага вайсковага ўмяшаньня, калі на працягу наступнага тыдня перадасьць усю хімічную зброю міжнароднай супольнасьці , перадае агенцтва Рэйтэр са спасылкай на заяву дзяржсакратара ЗША Джона Керы.

Пры гэтым Керы адзначыў, што Асад не зьбіраецца перадаваць хімічную зброю і забясьпечваць поўную справаздачнасьць.

«Вядома, ён можа перадаць усю сваю хімічную зброю міжнароднай супольнасьці на працягу наступнага тыдня – перадаць яе ўсю неадкладна і даць поўную справаздачу, але ён не зьбіраецца рабіць гэта, і гэта ня можа быць зроблена», – заявіў Керы, адказваючы на пытаньне, што можа зрабіць урад Асада, каб пазьбегнуць удараў.

Джон Керы лічыць, што хімічную зброю ў Сырыі кантралююць, акрамя прэзыдэнта Башара Асада, толькі два чалавекі.

«Хімічная зброя ў Сырыі вельмі жорстка кантралюецца рэжымам Асада. Тры чалавекі, якія кантралююць перамяшчэньне і ўжываньне хімічнай зброі, гэта Башар Асад, яго брат Махер Асад, а таксама адзін генэрал», – заявіў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі на прэс-канфэрэнцыі ў Лёндане ў панядзелак.
XS
SM
MD
LG