Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдыё. Пасноў апавядае пра прымусовую псыхіятрыю


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Віцебскі грамадзкі актывіст Сяргей Рыжоў перадаў «Свабодзе» запіс размовы зь лекарам Ігарам Пасновым, якога адведаў у Віцебскім абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі.

У прысутнасьці Натальлі Васільевай, загадчыцы 2-га закрытага аддзяленьня, дзе ўтрымліваюць Паснова, той гаворыць, што яму забараняюць тэлефанаваць, абмяжоўваюць у сустрэчах са знаёмымі, гвалтам упіхваюць лекі і робяць іньекцыі, пасьля якіх яму бывае блага…

Паводле стваральніка незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь» Сяргея Рыжова, спадарыня Васільева вельмі нэрвовова рэагавала, калі гаворка заходзіла пра прымусовае лячэньне і парушэньні правоў пацыента. Праз колькі часу ў кабінэт, дзе праходзіла сустрэча з Пасновым, прыйшоў намесьнік галоўнага лекара Ігар Сьвіркуноў і загадаў Сяргею Рыжову сьцерці дыктафонны запіс пад пагрозай, што «яго ня выпусьцяць».



Цытаты Ігара Паснова з аўдыёзапісу:

«Мяне не задавальняе тое, што тут груба парушаюцца мае правы. Пакуль рашэньне суду не ўступіла ў законную сілу, мяне ўжо пачалі прымусова лячыць. Я абскарджваю гэтае рашэньне з дапамогай адваката, але мяне ўжо пачалі лячыць нэўралептыкамі, якія я вельмі кепска пераношу».

«Я раскажу, як мяне сюды зьмясьцілі. Адбылося гэта 16 жніўня, я быў на працы. Мяне выклікалі калегі ў іншы кабінэт, нібыта параіцца пра нешта. А там здалёк паказалі дазвол пракурора на тое, каб мяне прымусова абсьледаваць. І зьмясьцілі ў шпіталь. Добраахвотна прайсьці абсьледаваньне мне ніхто не прапаноўваў, хоць так звычайна робіцца... Потым высьветлілася, што 15 жніўня нібыта адбылося пасяджэньне кансультацыйнай камісіі, якая зрабіла высновы, што я хворы. І на падставе гэтага зьвярнулася ў пракуратуру. Мяне асабіста на пасяджэньне камісіі ніхто не запрашаў».

Сяргей Рыжоў адгаворвае Ігара Паснова ад рашэньня прасіць пераводу ў менскі Цэнтар псыхічнага здароўя для непрадузятага агляду. Ён кажа, што некаторыя віцебскія лекары ставяцца да Паснова са спагадай. Тым ня менш ён лічыць, што на адміністрацыі шпіталя, на судзьдзі, якая прыняла рашэньне, ня выслухаўшы самога Паснова і ў адсутнасьць ягонага адваката, і на пракурору, які даў дазвол на зьмяшчэньне Паснова ў клініку, ляжыць асабістая адказнасьць за яго лёс і здароўе:

«Намі распачатая працэдура па стварэньні сьпісу асобаў, датычных да справы Паснова, каб уключыць іх у сьпіс „невыязных“. І я папярэдзіў і загадчыцу аддзяленьня, і намесьніка галоўнага лекара, што яны ўжо ў гэтым сьпісе. Расейскія праваабаронцы ў курсе гэтай сытуацыі таксама, і яны гатовыя падключыцца да справы Паснова. Справа ўжо ў выратаваньні чалавека!»

Сяргей Рыжоў лічыць захады беларускіх праваабаронцаў недастатковымі. Аднак сам Ігар Пасноў кажа, што ўдзячны ўсім, хто яму дапамагае.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч нагадвае пра парушэньні правоў Ігара Паснова падчас прымусовага зьмяшчэньня ў шпіталь і прызначэньня прымусовага лячэньня. І пра тое, што падставай для гэтага мог стацца зусім ня стан ягонага здароўя:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«У гэтым можа быць зацікаўлена сама адміністрацыя мэдустановы, бо Пасноў неаднойчы выступаў з крытыкай і адміністрацыі вобласьці, і сыстэмы аховы здароўя ў Віцебскай вобласьці. Мы не выключаем, што гэта можа быць падставай для такога ўзьдзеяньня на спадара Паснова. Гэты выпадак вельмі сур’ёзны, мы праінфармавалі пра яго нашых замежных партнэраў. І мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Ігара Паснова і аднаўленьня ўсіх ягоных правоў».



Спадар Рыжоў кажа, што мусіў пайсьці на хітрасьць — зрабіць выгляд, што выдаляе запіс, але насамрэч захаваў яго і перадаў журналістам. Але ў псыхіятрычным шпіталі «падстрахаваліся», каб падобнага ня здарылася надалей: Сяргею Рыжову, які афіцыйна, паводле толькі ўчора атрыманых дакумэнтаў, зьяўляецца даверанай асобай Ігара Паснова, забаронена сустракацца з сваім давяральнікам. Лекары лічаць, што гэтыя сустрэчы маюць нэгатыўныя наступствы для пацыента Паснова.

Ігар Пасноў знаходзіцца ў 2-м закрытым аддзяленьні абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі з 16 жніўня. Раней ён працаваў у гэтай установе псыхатэрапэўтам у наркалягічным аддзяленьні. Ен стаў пацыентам у сваіх былых калегаў пасьля чарговага відэазвароту ў інтэрнэце, дзе ўжо ня першы раз скрытыкаваў абласное кіраўніцтва і працу мэдычных устаноў вобласьці. Ігар Пасноў казаў таксама і пра тое, што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. Прымусовае лячэньне 21 жніўня санкцыянавала судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова. Пасноў зь ім катэгарычна ня згодны: яму не далі прысутнічаць у судзе, заключыць дамову з адвакатам, і ўвогуле ён пэўны, што прымусовае псыхіятрычнае лячэньне — гэта помста за крытыку ўладаў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG