Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксуальныя злачынствы супраць дзяцей і малалетняя прастытуцыя


Фота www.shutterstock.com

Фота www.shutterstock.com

«Дзяўчынка 14 гадоў пайшла гуляць зь сяброўкамі і не вярнулася…» «Зьнік 10-гадовы хлопчык…» «Дапамажыце знайсьці пяцігадовае дзіця… » Абвесткі такога кшталту апошнім часам усё часьцей зьяўляюцца ня толькі ў міліцэйскіх зводках, але і ў сацыяльных сетках. Паводле дадзеных МУС, летась у краіне зафіксавана каля 40 злачынстваў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам над непаўналетнімі, пазалетась — 30. Таксама ў апошнія гады зафіксаваныя выпадкі прыцягненьня малалетак да заняткаў прастытуцыяй. Асаблівы размах гэтая зьява атрымала з разьвіцьцём інтэрнэту. У сваю чаргу, экспэрты-псыхолягі перакананыя, што дадзеныя МУС — гэта толькі «вяршыня айсбэргу».


З чытацкай пошты: «На зоне пэдафілы сядзяць у «цёплых месцах»


Згодна з Крымінальным кодэксам РБ, згвалтаваньне заведама непаўналетняга караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 13 гадоў, малалетняга — ад 8 да 15 гадоў. У выпадку забойства ахвяры злачынцу пагражае пакараньне тэрмінам у 25 гадоў.

А зараз ліст, які наша праграма атрымала ад Галіны. Яе сын асуджаны-«эканаміст» утрымліваецца ў адной з калёніяў на поўначы краіны.

«Падчас працяглага трохдзённага спатканьня з сынам у турэмным гатэльчыку там кімсьці кшталту пакаёўкі працаваў сымпатычны малады чалавек, таксама з асуджаных. Ён быў вельмі ветлівы і падтрымліваў усё ў чысьціні. На кухні многія сваякі зьняволеных пакідалі яму пасьля спатканьняў розныя прадукты. Калі я захацела гэтаксама зрабіць, сын сказаў: „А ты ведаеш, што гэты „сымпатычны“ згвалціў пяцігадовую дзяўчынку?“ Потым я чула ўжо ад іншых, што многія асуджаныя за пэдафілію маюць багатых ці ўплывовых сваякоў, якія выкупляюць ім „цёплыя“ месцы за кратамі. У выніку для іх і турма не турма. Увогуле выглядае, што да такіх злачынстваў наша пэнітэнцыярная сыстэма ставіцца мякчэй, чым да тых жа хлопцаў-„палітычных“, якія не выходзяць з ШЫЗА».

«Я думаю вось пра што, — працягвае ў сваім лісьце Галіна. — Дзесьці гады праз чатыры гэты хлопец-пакаёўка выйдзе на волю. Праз чатыры гады майму малодшаму ўнуку будзе пяць. Сумняюся, што гэты чалавек пасьля сваёй адседкі стане іншым, наўрад ці ён пазбавіцца ад той паталягічнай сыстэмы ў галаве, зь якой трапіў за краты».

Яшчэ пару допісаў на гэтую тэму ад нашых сталых слухачоў ды чытачоў, у мінулым асуджаных. Вось што напісаў Зьміцер.
Што да пэдафілаў, то іх адміністрацыя ізалюе ад іншых ЗК, каб тыя іх ня білі або не чмырылі

«Вычварэнцаў за кратамі хапае. За час маіх працяглых адседак ня бачыў там толькі тых, хто пастаўляе для гэтай катэгорыі так званы „жывы тавар“ ці арганізуе гэты бізнэс. Што да пэдафілаў, то іх адміністрацыя ізалюе ад іншых ЗК, каб тыя іх ня білі або не чмырылі (маральна „апускалі“). Сэксуальна „апускаць“ такіх ня будуць, хіба што „гарачыя галовы“-першаходы — ад такіх гэтага часам можна чакаць. А так нікога ніхто за кратамі не гвалтуе, бо такое лічыцца „бязьмежжам“. У тым асяродзьдзі няпісаныя законы выглядаюць нашмат больш гуманнымі ды справядлівымі, чым афіцыйныя. Што б зрабіў з такім вычварэнцам я, калі б той апынуўся разам са мной у камэры? Толькі тое, каб ён ані на хвіліну не выпускаў з сваіх рук анучы, каб пастаянна нешта мыў-чысьціў, каб хоць неяк адмыць свой цяжкі грэх».

А вось урывак з допісу Ігара.

«У нашай калёніі такіх нелюдзяў мянты хавалі на „промцы“, каб іх зэкі не скалечылі. Звычайна такіх „апускаюць“ маральна. Зьнішчаюць як асобу штодзённа, на кожным кроку, падкрэсьліваючы, хто ён такі і што яму, жывёле, ня месца сярод людзей. Такому дастаецца ўся чорная праца, адмовіцца ад якой — нерэальна».


«Зьдзіўляюць паводзіны жонак — маці ахвяраў»


Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч некалькі гадоў працавала ў галоўным турэмным шпіталі, які да 2011 году месьціўся пры Першай папраўчай калёніі на Кальварыйскай:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Сапраўды, адміністрацыя імкнецца стварыць асуджаным за згвалтаваньне пэўныя ўмовы бясьпекі, уладкоўвае на пасады. Гэтыя людзі ўвогуле не выходзяць у атрад, жывуць у нейкіх асобных памяшканьнях. Зразумела, за гэта яны мусяць зьліваць інфармацыю.

Самой мне па працы даводзілася сутыкацца з адным такім асуджаным. Ён працаваў на адлегласьці ад іншых ЗК, на так званай „кнопцы“ пры ўваходзе на адзін зь лякальных участкаў, то бок адчыняў ці зачыняў дзьверы тым, хто ўваходзіў ды выходзіў. Гэты асуджаны атрымаў 25 гадоў за тое, што забіў сваю 12-гадовую падчарку. Дагэтуль ён сэксуальна выкарыстоўваў яе ня год і ня два. Забіў, калі падчарка паабяцала, што ўсё раскажа маці».

Забойца-пэдафіл меў праблемы з хрыбетнікам і цярпеў на нэўралягічныя болі. Калі маладая мэдсястра даведалася пра ягоную справу, яна пайшла да галоўнага лекара прасіцца, каб гэтыя працэдуры яму не рабіць. Загаварыў мацярынскі інстынкт — у жанчыны расла маленькая дачка. Як жа зьдзівіла тагачасную супрацоўніцу пэнітэнцыярнай сыстэмы, зь якой рэгулярнасьцю і зь якімі перадачамі наведвае свайго мужа маці той дзяўчынкі. Было бачна, што ў яе стаўленьні нічога не зьмянілася. Усё тое ж каханьне…

Такія паводзіны жонкі, — працягвае Алена Красоўская-Касьпяровіч, — не выключэньне.

«Да нас, праваабаронцаў, пэрыядычна трапляюць справы, якія нам прыносяць на разгляд жонкі асуджаных за згвалтаваньне дзіцяці. Гэтыя жанчыны ў вельмі агрэсіўнай форме патрабуюць апраўданьня сваіх мужоў, маўляў, тыя ні ў чым не вінаватыя. Але вось разгортваеш справу і бачыш: ніякіх сумневаў».

Мая суразмоўца называе такую жаночую адданасьць наступствам агульнай дэградацыі сям’і ды грамадзтва. У яе падвалінах — пэдагагічная запушчанасьць чалавека, якую яшчэ больш пагаршаюць злоўжываньне алькаголем, наркаманія, таксыкаманія — і зачацьце дзіцяці ў такім стане.

На тое, ці можа выправіць такую асобу турма, мая суразмоўца глядзіць больш чым скептычна.
Найчасьцей вязень выходзіць зь перакананьнем: цяпер буду разумнейшы, я ведаю, як мне працягваць гэтую справу і ня трапіць сюды зноў

Красоўская-Касьпяровіч: «Мне ўвогуле складана гаварыць пра выпраўленьне падобных злачынцаў. Як у любым злачынстве, вязьніца можа напалохаць, і чалавек зарачэцца на ўсё жыцьцё займацца чымсьці падобным. Але гэта рэдкія выпадкі. Найчасьцей вязень выходзіць зь перакананьнем: цяпер буду разумнейшы, я ведаю, як мне працягваць гэтую справу і ня трапіць сюды зноў. Мне цяжка вызначыць саму праблему. Яна сацыяльная, пэдагагічная, псыхалягічная, псыхіятрычная? Як мне падаецца, з такімі людзьмі абавязкова павінны працаваць псыхолягі, таксама псыхіятры. Такія людзі пасьля вызваленьня мусяць знаходзіцца пад кантролем. Таму што рэцыдыў — ён ня проста магчымы. Ён стоадсоткавы».


«Сваіх папраўчых функцыяў турма не выконвае»


Як лічаць вядучыя расейскія экспэрты — турэмныя псыхолягі ды псыхіятры, «асуджаныя-пэдафілы пасьля адседкі могуць стаць яшчэ больш бязьлітаснымі і яшчэ больш небясьпечнымі для навакольных». Пару гадоў таму група растоўскіх псыхіятраў на чале з доктарам навук Аляксандрам Буханоўскім (1944–2013), тым самым, які склаў псыхалягічны партрэт сэрыйнага маньяка Чыкацілы, прааналізавала справы тых, хто цярпеў на парафіліі (сэксуальныя вычварэнствы) і па 5–6 разоў сядзеў у турмах. Высновы наступныя: прамежак паміж выхадам на волю і зьдзяйсьненьнем новага злачынства ад разу да разу скарачаецца, а самі злачынствы робяцца цяжэйшымі, больш жорсткімі.

Аляксандар Прудзіла

Аляксандар Прудзіла

З тым, што турма ў дачыненьні да такіх злачынцаў не выконвае сваіх папраўчых функцыяў, згодны дацэнт катэдры экспэрымэнтальнай і прыкладной псыхалёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Прудзіла. У свой час яму як экспэрту-псыхолягу незалежнай судова-псыхалягічнай экспэртызы (сёньня замест гэтай службы дзейнічае бюро экспэртызаў) даводзілася гутарыць у СІЗА гарадзенскай турмы № 1 з падазраванымі й абвінавачанымі ў сэксуальных злачынствах і выносіць сваю ацэнку гэтым людзям.

Прудзіла: «Калі коратка, то пэдафіла (дакладней, яго псыхалягічныя праблемы — бо гэта не захворваньне, а менавіта праблемы) турма не выпраўляе. Пэдафілаў можна параўнаць з сэксуальнымі гвалтаўнікамі дарослых. Я маю на ўвазе пэўныя рэгрэсіўныя паводзіны чалавека, які ня можа нармальным шляхам пабудаваць стасункі з жанчынай. У сваіх паводзінах гэтыя дарослыя людзі нагадваюць тых падлеткаў. Я рабіў экспэртызу, калі падлетак гвалціў малалетак, так бы мовіць, вычварэнскім шляхам. Паводле Эрыка Эрыксана, гэта сындром дыфузіі ідэнтычнасьці або недаразьвітасьць „Я-канцэпцыі асобы“. Чалавек з такім сындромам, якому можа быць і 18, і 58, і 68, недаразьвіты псыхалягічна. Ён павінен быў прайсьці, паводле Фройда, адпаведную „генітальную стадыю разьвіцьця“, і на гэтай стадыі ў яго павінны былі замацавацца прэдыкты ўзаемаадносінаў з супрацьлеглым полам. Але…»

Прыводзячы з уласнай экспэртнай практыкі прыклады розных сэксуальных дамаганьняў, Александар Прудзіла тлумачыць, чаму некаторыя асобы ў якасьці сэксуальнага аб’екта выбіраюць душэўна хворых дзяцей, напрыклад, дзяцей-алігафрэнаў. Таксама ён спыняецца на так званай пасіўнай пэдафіліі.



На падставе ўласных дасьледаваньняў кандыдат псыхалягічных навук Аляксандар Прудзіла выпрацаваў шэраг рэкамэндацыяў адносна таго, як сябе паводзіць з гвалтаўнікамі. Асноўная парада такая: «Гледзячы яму ў вочы, сказаць: ты нічога ня можаш, у цябе нічога не атрымаецца!»




«Ахвяры пэдафілаў — «недалюбленыя дзеці»


З чытацкай пошты. Аўтар допісу — былы асуджаны Мікалай.

«На зоне можна сустрэць розных асуджаных за пэдафілію. Неўзабаве высьвятляеш, што тая 13-гадовая, якая заявіла на яго, выглядала на ўсе 20, дый самай старажытнай прафэсіяй займалася ня першы год. Усё было на добраахвотных асновах, як кажуць. Пры маім жорсткім стаўленьні да гвалтаўнікоў і вычварэнцаў, асабліва да тых, хто гвалціць дзяцей, я нікога не хачу апраўдваць. Хачу толькі сказаць, што існаваньне дзіцячай прастытуцыі ні для кога не сакрэт. Гэта магутны крымінальны бізнэс, які ахоплівае гандаль дзецьмі, дзіцячую парнаграфію ў інтэрнэце і г.д. Тых, хто стаіць за гэтым бізнэсам, у нас не саджаюць. Але паказчыкаў барацьбы з гэтай зьявай ад міліцыі патрабуюць. Тыя судовыя выракі, якія выносяцца толькі на падставе міліцэйскіх папераў, — гэта ўжо юрыдычнае „бязьмежжа“».

Аўтар таксама адзначае, што ў сваіх высновах ён абапіраецца на падрыхтаваныя некалькі гадоў таму справаздачы экспэртаў ААН і Дзярждэпартамэнту ЗША. Экспэрты залічваюць Беларусь да краінаў, адкуль ідзе нелегальны трафік жанчын, мужчын і дзяцей. Гэты «жывы тавар» прадаецца як у сумежныя краіны — Расею, Украіну, Літву, Латвію, Польшчу, — так і ў больш аддаленыя рэгіёны: Заходнюю Эўропу, Турэччыну, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і г.д. Колькасьць толькі афіцыйна зарэгістраваных непаўналетніх удзельнікаў гэтага трафіку складае не адну сотню. Большая частка дзяцей, якія ўцягнутыя ў сэкс-бізнэс, паходзяць зь незабясьпечаных сем’яў. Для іх сапраўдным домам сталі вуліцы ды вакзалы.



Да гэтай уцягнутай у сэкс-бізнэс катэгорыі безнаглядных дзяцей, у якіх няма ані дому, ані сям’і, праваабаронца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч дадае і некаторыя іншыя групы рызыкі.

«Цяпер усё больш назіраецца тэндэнцыя, калі ў такі бізнэс прыходзяць дзеці з забясьпечаных сем’яў. Яны гатовыя падобным шляхам зарабіць сабе на нейкую прэстыжную зь іх гледзішча рэч, той жа айфон, напрыклад. І гэта вялікая для нас праблема, калі нават такія дзеці ідуць у гэты бізнэс і ня бачаць у гэтым нічога кепскага. Ёсьць і трэцяя група рызыкі. Тыя дзеці, аб якіх быццам бы клапоцяцца бацькі, кормяць, апранаюць іх, правяраюць урокі. Аднак сур’ёзна паразмаўляць зь дзіцем, даведацца пра тое, што яго хвалюе, даць урок, дзе ў жыцьці гарыць зялёнае сьвятло, а дзе чырвонае, з кім і куды можна хадзіць, а з кім строга забаронена — да гэтага неяк не даходзіць. Менавіта такіх дзяцей найчасьцей знаходзяць на лесасецы. Добра, калі жывымі».

Вядомы беларускі сэксоляг зь Менскага клінічнага цэнтру «Псыхіятрыя і наркалёгія» Дзьмітры Капусьцін неяк у інтэрвію БелаПАН выказаў меркаваньне, што «ахвярамі пэдафілаў, як правіла, становяцца так званыя „недалюбленыя дзеці“, якім бацькі аддаюць мала ўвагі… Пэдафілы ж кампэнсуюць гэта сваім „клопатам“ аб іх. Яны імкнуцца паглыбіцца ў дзіцячыя праблемы ды зацікавіць малых».

Маштабаў гэтай зьявы ў Беларусі, паводле Дзьмітрыя Капусьціна, сёньня ніхто ня ведае:

«Ёсьць больш за 220 відаў скрыўленьняў. Людзей, якія маюць жаданьне задаволіць сэксуальны запал нетрадыцыйным спосабам, велізарная колькасьць. Колькі іх — 2% ці 82% — цяжка падлічыць», — адзначае адмысловец.


«Беларускі таталітарызм такога не дапусьціць»


На заканчэньне — ліст, які я атрымала электроннай поштай ад сваёй італьянскай калегі Марты-Ларэлы, сцэнарысткі 7 каналу італьянскага тэлебачаньня (сетка «Mediaset»). Калісьці гэтая жанчына падтрымлівала мясцовы рух «Дзеці Чарнобыля», потым пачала цікавіцца праблемамі, зь якімі сутыкаюцца дзеці, што трапляюць з-за мяжы ў яе краіну. Цяпер журналістка працуе над кнігай, прысьвечанай непаўналетнім ахвярам сэксуальнай эксплюатацыі.

Паводле журналісткі, «выпадкі кшталту таго, калі італьянскі пэнсіянэр праз пасярэднікаў купіў для сэксу альбанскага хлопчыка ў ягонага бацькі, сёньня зусім не сэнсацыя. Нярэдка італьянскім турыстам, якія зьбіраюцца ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў (ня ведаю, як наконт Менску), у якасьці аднаго з пунктаў праграмы могуць прапанаваць рэляксацыю ў масажных салёнах, дзе за «масажыстаў» — 13—14-гадовыя дзяўчаткі і хлопчыкі. Для асабліва капрызных кліентаў знаходзяць і 11-гадовых, як у Тайляндзе. У Італіі журналісты вядуць з такіх нагодаў расьсьледаваньні. А пра такія расьсьледаваньні іхніх калегаў з былога СССР нічога не чуваць.
Час ад часу ў СМІ трапляюць паведамленьні, што школьнікі — дзяўчаткі і хлопчыкі — „даюць“ настаўнікам за добрыя адзнакі

«Толькі згодна з афіцыйнай статыстыкай, штогод 9 мільёнаў італьянцаў карыстаюцца паслугамі прастытутак, сярод якіх нямала ня толькі непаўналетніх, але і малалетніх. Калі ж праехацца ўвечары па італьянскіх дарогах, — працягвае Марта-Ларэла, — можна ўбачыць, як пад кожным кустом фары высьвечваюць зусім яшчэ малых самага рознага колеру скуры. Шмат чаго на свае вочы можна ўбачыць і днём — на вуліцы, у рэстаранах. Час ад часу ў СМІ трапляюць паведамленьні, што школьнікі — дзяўчаткі і хлопчыкі — „даюць“ настаўнікам за добрыя адзнакі. У краіне няма ані юрыдычнага інструмэнтарыю, каб змагацца з гэтай зьявай, ані моцнага асуджэньня з боку грамадзкасьці. Скандалы ўзьнікаюць толькі ў сувязі з палітычнымі справамі. Калі трэба ўтапіць таго ці іншага канкурэнта».

«Зразумела, усё гэта зусім не ў парадку рэчаў, — адзначае аўтарка ліста. — Ёсьць розныя няўрадавыя арганізацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, інтэлектуалы — напрыклад, пісьменьніца Дачыя Марані, актор Люка Барбарэскі, які, дарэчы, сам у дзяцінстве стаў ахвярай пэдафіла-вычварэнца. Сёньня гэтыя людзі патрабуюць больш жорсткіх прававых захадаў, а таксама ўвагі да дзяцей — ахвяраў сэксуальнага гвалту і шырэйшай іх падтрымкі».

Журналістка падсумоўвае: «Корань зла — у маральнай дэградацыі сям’і і асабліва школы. У нас у Італіі зашмат свабоды пры поўнай адсутнасьці сямейнага выхаваньня, а таму дзеці, якім трэба вырашыць нейкія матэрыяльныя праблемы, зарабляюць нават сэксуальнымі паслугамі. Але такая сытуацыя, здаецца, ва ўсёй Заходняй Эўропе. Таму людзі кідаюцца ў бок ці то „рэжымнай“ сыстэмы, ці шавінізму. Думаю, што беларускі таталітарызм такога не дапусьціць».

Самае апошняе сьцьвярджэньне Марты-Ларэлы ўдзельнікі сёньняшняй перадачы лічаць, аднак, спрэчным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG