Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карная псыхіятрыя? Навошта ўзгадваць СССР?»


Прыкладна так адказалі некаторыя ўдзельнікі чарговага апытаньня «Свабоды ў турмах». Наша сёньняшняя праграма прысьвечаная судовай псыхіятрыі.

Калі зьвярнуцца да гісторыі пытаньня, то карная псыхіятрыя зьявілася пры канцы 1950-х, падчас хрушчоўскай адлігі. Тады ўжо проста так не маглі арыштаваць ды расстраляць, а таму нязгодных з рэжымам грамадзянаў пачалі замест турмы накіроўваць у псыхіятрычныя лякарні і абвяшчаць вар’ятамі. «Лекавалі», так бы мовіць, прэпаратамі-нэўралептыкамі, якія глушаць волю, дэстабілізуюць псыхіку, адмоўна ўплываюць на здольнасьці думаць. Калі чалавек выходзіў з псыхдыспансэру, то выпіска-даведка з дыягназам «вялацякучая шызафрэнія» служыла свайго роду ваўчыным білетам: зь ёй нельга было паступіць ва ўнівэрсытэт, выехаць за мяжу, думаць пра кар’еру.


Судовая псыхіятрыя як зброя супраць чалавека


Ці выкарыстоўваецца псыхіятрыя па-ранейшаму як зброя супраць чалавека — але ўжо ў незалежнай Беларусі? Такое пытаньне наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Магілёва.
Наўпроставы лінк

Як паказала апытаньне, многія рэспандэнты ня вераць, што ў сучаснай Беларусі можа быць карная псыхіятрыя, як у часы СССР.

Тым часам былы беларускі вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі адказвае на гэтае пытаньне так:

«Любыя мэтады ўзьдзеяньня на арганізм чалавека могуць быць зброяй ва ўмовах высьвятленьня адносін паміж людзьмі або паміж чалавекам і сыстэмай, у якой ён жыве. І судовая псыхіятрыя — не выключэньне. Пры закрытасьці гэтай сыстэмы даказаць сам факт яе ўзьдзеяньня на псыхіку чалавека вельмі цяжка».

У адным з сваіх апошніх інтэрвію для маскоўскага тэлеканалу НТВ нядаўна памерлая расейская вучоная-псыхіятар, доктар мэдыцыны, дырэктарка навуковага цэнтру сацыяльнай ды судовай псыхіятрыі імя Сэрбскага Тацьцяна Дзьмітрыева, на чые працы ў сваёй кнізе «Турма і здароўе» спасылаецца Бандажэўскі, таксама адзначала, што спробы выкарыстаць псыхічнае нездароўе чалавека ў пэўных мэтах сустракаюцца і цяпер, прычым і ў Расеі, і ў іншых постсавецкіх краінах.

«Кожны чалавек мае свае псыхічныя асаблівасьці, спэцыфіку асобы. Некаторым ён звонку можа падавацца на мяжы паталёгіі, а таму гэта могуць і спрабуюць інтэрпрэтаваць як душэўную хваробу. Бо гэта вельмі зручна. Ну навошта змагацца з апанэнтам, калі яго лягчэй абвясьціць вар’ятам? І ўвогуле яго трэба накіраваць у вар’ятню, бо ўсё, што ён кажа — гэта лухта?.. Быць жа апанэнтам нават псыхічна хвораму чалавеку, які вызнае тую філязофію, за якой ідуць масы людзей, давесьці яму, што гэта кепска, шкодна — мы ня можам. Спрачацца ня ўмеем. Значна лягчэй абвясьціць чалавека вар’ятам і кінуць у псыхіятрычную лякарню».
Псыхіятрыя — настолькі дакладная навука, што часам яе можна параўнаць з матэматыкай

Паводле навукоўкі, для таго каб трапіць у рукі псыхіятраў, зусім не канечне трэба лічыцца палітычным праціўнікам улады. Вось самы што ні на ёсьць бытавы шлях. Размова ідзе пра звычайную, але не добраахвотную шпіталізацыю. Нейкая жанчына прэтэндуе на тое, каб стаць жонкай нейкага чыноўніка. Але чыноўнік, хоць і прысягаў сваёй каханцы, што пакіне сям’ю, насамрэч нічога ня хоча мяняць, ён увогуле ня хоча агучваць гэтую гісторыю. Жанчына ж настойвае. Усё заканчваецца тым, што яе зьмяшчаюць у вар’ятню. Падобных гісторыяў нямала. Здараюцца яны з-за таго, што псыхіятрыю, тым больш судовую, па-ранейшаму спрабуюць уцягнуць у розныя гульні. Разглядаюць яе не як навуку, а быццам як нейкае мастацтва.

Але псыхіятрыя, у тым ліку судовая, запатрабаваная ўсё ж як навука, бо яе задача — зрабіць усё, каб у месцах пазбаўленьня волі не было псыхічна хворых, а ў вар’ятні ня кідалі здаровых людзей.

«Псыхіятрыя — настолькі дакладная навука, што часам яе можна параўнаць з матэматыкай: калі чалавек сказаў „а“, то будзе „бэ“, і г.д. Іншая справа, што часам пацыент ня надта зацікаўлены гаварыць нешта, акрамя „а“. Але сапраўдны псыхіятар, ведаючы толькі адну з прыкметаў гэтай хваробы, у стане дамаляваць дакладную карціну, бо ёсьць вельмі дакладныя законы разьвіцьця сымптомаў, сындромаў захворваньня», — казала ня раз Тацьцяна Дзьмітрыева.

«Выснова робіцца такая, якая павінна быць»


Псыхоляг Андрэй К., які працуе ў адной зь беларускіх калёніяў, кажа, што рэальны ўзровень турэмнай псыхіятрыі нашмат больш прымітыўны:

«У нас добра, калі нейкім павярхоўным аналізам займаюцца. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза прызначаецца ўсім, хто робіць асабліва цяжкія злачынствы, з ужываньнем гвалту. Вызначаецца, ці адэкватны чалавек. Гэта тэсты, падлікі, хто на якія пытаньні як адкажа, потым падсумаваць гэта. Выснова ж робіцца незалежна ад адказаў такой, якой яна павінна быць, ніхто гэтага пераправяраць ня будзе… Аб’ектыўна вызначыць гэта ўсё вельмі цяжка. Бо ёсьць людзі, якія могуць падмануць — прыкінуцца ненармальным, хоць ён насамрэч і нармальны. Зь іншага боку, ёсьць ненармальныя, якія зрабілі злачынствы, аднак ані сьледзтва, ані суды сябе асабліва не абцяжарваюць разборам, наколькі адэкватны гэта чалавек. Бо такога злачынцу найпрасьцей утрымліваць у турме. А нашы ўмовы ўтрыманьня такія, што гэтая ненармальнасьць не настолькі і прыкметная. Такія сымптомы, напрыклад, псыхапатыя, калі чалавек здольны паводзіць сябе актыўна-агрэсіўна, яны ўласьцівыя 100% тых, хто сядзіць ня першы раз. Увогуле лічыцца, што ў месцах зьняволеньня з псыхічнымі праблемамі сутыкаецца кожны сядзелец. Калі ж асуджаны паводзіць сябе зусім агрэсіўна, то яго накіроўваюць у вар’ятню. Каб туды накіраваць, трэба пераводзіць яго ў іншы статус — ужо не асуджанага, а хворага. Але гэта трэба ўзгадняць з адмысловай управай у ДВП».
Увогуле лічыцца, што ў месцах зьняволеньня з псыхічнымі праблемамі сутыкаецца кожны сядзелец

Андрэй кажа, што пры ўсім жаданьні за час сваёй працы ў калёніі ня можа прыгадаць выпадку, каб вязьню зьмянялі статус. Калі зьняволены дэманструе непрытомнасьць, агрэсіўнасьць, то яго звычайна кладуць у санчастку ўстановы. З-за недакамплекту мэдычных кадраў даглядаюць яго, праўда, не прафэсійныя псыхіятры, а тэрапэўты, якія займаюць пасады псыхіятраў.

«Такога непрытомнага патрымаюць у санчастцы, заколюць прэпаратамі-нэўралептыкамі, якія ў народзе завуцца дуразінам. У выніку чалавек з агрэсіўнай істоты ператвараецца ў нешта падобнае да расьліны некаторы час. Яго паколюць-паколюць, а потым адпусьцяць. Вядома, што паўнавартасным лячэньнем гэта назваць нельга. Гэта жорсткая мэдычная мэтодыка».


«Цяжкія дыягназы ставяць, але інваліднасьці не даюць»


Мянчук Аляксандар Круты, бацька пацярпелай ад тэракту ў менскім мэтро Інэсы Крутой, радыёфізык паводле адукацыі, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Беларусі, праходзіў праз судова-псыхіятрычную экспэртызу двойчы (у 2007 і 2011 гг.). Падставай сталі дзьве распачатыя супраць яго крымінальныя справы: абраза прэзыдэнта (тут прыйшлося задзейнічаць экспэртаў-лінгвістаў) ды хуліганскі ўчынак у паліклініцы. Згодна з дыягназам, які Аляксандру выставілі ў знакамітым 30-м аддзяленьні менскіх «Навінак» — «паранаідальная шызафрэнія» з характэрнай для яе маніяй перасьледу. Круты мусіць рэгулярна наведваць менскі гарадзкі псыхдыспансэр на Бехцерава.

Аляксандар Круты
Аляксандар Круты
«Падчас кожнага візыту ў маёй картцы штосьці пішуць. Уяўляю аб’ёмы карткі за тры гады. Нават калі падлічыць мой паўтарагадовы тэрмін прымусовага лячэньня ў псыхіятрыі — у спэцкамэры ды ў Навінках, то мне мусілі б паводле законаў даць групу інваліднасьці. Але ж не даюць».

Аляксандар кажа, што не перастае зьдзіўляцца айчыннай псыхіятрыі: фігуранта справы па выбуху ў мэтро Дзьмітрыя Канавалава, які тройчы спрабаваў учыніць суіцыд, экспэрты 30-га аддзяленьня «Навінак» прызналі псыхічна здаровым, а вось Аляксандра без усялякіх суіцыдаў — хворым.


Што такое 30-е аддзяленьне Навінак?


Як кажа мой суразмоўца (зыходзячы з уласных назіраньняў ды ведаў, паколькі адкрытай інфармацыі няма), 30-е або стацыянарнае аддзяленьне судова-псыхіятрычных экспэртызаў падпарадкаванае Генэральнай пракуратуры. Фактычна «гэта той пункт, дзе можна атрымаць самае жорсткае пакараньне ані за што, і адначасна, у выпадку, калі ты сапраўдны злачынца, схавацца ад кары за свае цяжкія дзеяньні. У гэтым спэцыфіка сучаснай беларускай псыхіятрыі».

Паводле цяперашніх правілаў экспэртыза на вар’яцтва ў вязьня цягнецца роўна 28 дзён. Увесь гэты пэрыяд пару разоў задаюць нейкія прымітыўныя (так ацэньвае мой суразмоўца) пытаньні. Калі экспэртыза завершаная, чалавека накіроўваюць на «Валадарку» ці ў Жодзінскі СІЗА, дзе, чакаючы вольных месцаў у псыхіятрычным стацыянары, ён павінен адседзець пэўны час у адмысловых закрытых камэрах для непрытомных.
Там у свой час сядзелі Канавалаў і Кавалёў. І праўдападобна, што тэрмін экспэртызы ў іх быў істотна карацейшы, чым 4 тыдні

«На нейкім сайце я бачыў здымак нібыта 30-га аддзяленьня за подпісам: тут сядзіць Эмануіл Зэльцар, — працягвае Аляксандар. — Гэта быў тэрапэўтычны будынак Навінак. 30-ка — вельмі закрытая ўстанова з кругласутачнай аховай міліцыі. Гэта двухпавярховы будынак. На другім паверсе сядзяць судовыя экспэрты. На першым — камэры. Утрыманьне шмат у чым падобнае да турэмнага. У левым і правым крыле на першым паверсе — дзьве камэры-ізалятары. Там у свой час сядзелі Канавалаў і Кавалёў. І праўдападобна, што тэрмін экспэртызы ў іх быў істотна карацейшы, чым 4 тыдні».

Падчас судовага паседжаньня па тэракце, кажа Круты, ён спрабаваў задаць Уладу пытаньні адносна яго ўтрыманьня ў аддзяленьні. Улад пагадзіўся. Судзьдзя Аляксандар Федарцоў, ведаючы дасье Крутога, абарваў яго. Крутому вельмі важна было даведацца, як Улад і Дзіма праходзілі гэтую працэдуру, аднак гэтага зрабіць не далі.

Круты: «Зь іншага боку, у 30-цы ёсьць і рэкардсмэны па адседцы. Тэрмін экспэртызы — 28 дзён, ня болей і ня меней. А там у 30 аддзяленьні разам са мной сядзеў хлопец ажно тры месяцы. Ён таксама, як і я, трапіў туды за канфлікт у паліклініцы. Але, адрозна ад мяне, ён не паводзіў сабе агрэсіўна. Наадварот, гэта яго намесьнік галоўнага лекара ў сваім кабінэце стукнуў стосам папак па галаве за тое, што быў названы нялекарам, які ня мае права лекаваць людзей. Праз гэтыя тры месяцы хлопец трапіў на „Валадарку“ ў закрытыя камэры для непрытомных, а пасьля гэтага ў Навінкі. Свайго роду рэкардсмэнам па знаходжаньні ў 30-м аддзяленьні быў адзін дзядок, ён праседзеў там паўтара года. Аказваецца, у пракуратуры на яго згубілі дакумэнты і яго проста ніхто не забіраў. Потым зьявіўся сын і зрабіў скандал. Дакумэнты раптам знайшліся — іх проста падклалі пад ножку стала, які хістаўся. Толькі тады бацьку выпусьцілі».


«Трапіўшы ў Гайцюнішкі, разумееш, што такое пекла»


Параўноўваючы свае ўражаньні ад «Навінак»-2007 і «Навінак»-2011—2012, Аляксандар робіць выснову: колькасьць так званых вар’ятаў-прымусоўцаў, якія трапляюць у псыхіятрычныя ўстановы празь нязгоду з сыстэмай, істотна павялічылася. Найгоршае, з гледзішча Аляксандра Крутога, — гэта трапіць у такую псыхіятрычную ўстанову, як Гайцюнішкі. Гэтая вар’ятня, дзе ўтрымліваюцца душэўна хворыя забойцы, маньякі, пэдафілы, гвалтаўнікі, а разам зь імі — тыя, хто не зьдзяйсьняў нічога падобнага, лічыцца самай страшнай з усіх псыхіятрычных лякарняў Беларусі.

Пра ўмовы ўтрыманьня ў Гайцюнішках адна з тамтэйшых сядзеліц, якая не належыць да ніводнай катэгорыі зь пералічаных, напісала: «Цяпер я дакладна ведаю, што пекла на зямлі ёсьць».

Гэты ліст пацыенткі да менскага псыхіятра Яўгена Малочкі зьмясьціла выданьне «Свободные новости плюс».

«Усе чатыры аддзяленьні пастаянна перапоўненыя. На сто чалавек — толькі два краны з халоднай вадой і пяць унітазаў, якімі можна карыстацца толькі ў пэўны час. Дадаткова можна пайсьці ў прыбіральню толькі праз падарункі санітарам — цыгарэты ці шакалядкі, якія прысылаюць з дому. За найменшае парушэньне рэжыму — лекі, ад якіх губляеш сілы і ўвесь час сьпіш. Палаты зачыненыя круглыя суткі. Тут замест прыбіральні вядро… Мыцца водзяць адзін раз на два тыдні ў асобны будынак пад аховай міліцыі і сабак. Шпацыр паўгадзіны — гадзіну, калі дастанецца ватоўка ці боты. Фізычныя пакараньні — хутчэй правіла, чым выключэньне. Няма ніякай тэлефоннай сувязі з сваякамі. Выпіска — паводле рашэньня загадчыцы аддзяленьня».

Менскі мастак-авангардыст Віталь Калгін, вядомы сярод калегаў як Бісмарк, таксама нікога не забіваў і ня гвалціў. Яго зьмясьцілі ў Гайцюнішкі ў кастрычніку 2011-га. Пра свайго калегу распавядае мастак Артур Клінаў.

«Віталь па-ранейшаму знаходзіцца ў Гайцюнішках. Наколькі я ведаю, была камісія некалькі месяцаў таму, якая магла зьмяніць ранейшае рашэньне і перавесьці яго ў больш прымальныя варункі ў Навінках, перавесьці ў іншае месца. А Гайцюнішкі, вядома, — гэта месца вельмі змрочнае. Гэта горш, чым у калёніі для крымінальнікаў, бо фактычна гэта закрытая псыхіятрычная турма».


«Вар’ят, бо размаўляе па-беларуску»


Жонка Віталя Калгіна Ларыса Асмалоўская кажа, што яго стан рэгулярна правярае камісія:

«Камісія паводле закону аб псыхіятрычнай дапамозе павінна была праводзіцца штомесяц у першыя шэсьць месяцаў, потым — кожныя паўгода. Апошняя была ў сакавіку. Па яе выніках яго пакінулі там на далейшым прымусовым лячэньні. На наш з адвакатам запыт аб тых выніках прыйшоў адказ. У ім не было інфармацыі ні пра стан здароўя Віталя, ні пра нейкую дынаміку — паляпшэньне ці пагаршэньне, ні пра тое, чым яго лечаць. Толькі нейкае суб’ектыўнае стаўленьне пэрсаналу. Напрыклад, да таго, што ён размаўляе і піша на беларускай мове, а гэта кепска. Таксама там выказваецца меркаваньне — абсалютна несапраўднае — што ў дачыненьнях са мной халодны, патрабавальны, дэспатычны. Але нам даслалі толькі вынікі апошняй камісіі, бо мы зрабілі запыт».

Віталь Калгін
Віталь Калгін
Раней жа высылалі толькі нейкія акты, якія ўвогуле не зьмяшчалі ніякай інфармацыі, кажа Ларыса Асмалоўская.

Асмалоўская: «Мы зьвярталіся ў Міністэрства аховы здароўя — паводле якіх крытэрыяў адбываецца выпіска або пераход на іншы рэжым? Але таксама прыйшоў досыць абстрактны ліст. Маўляў, калі ягоны стан палепшыўся і ён больш не зьяўляецца небясьпечным, яго могуць выпісваць. Паабяцалі, што наступная камісія будзе ў жніўні і што яны перавядуць яго на агульны рэжым».

Карацей, зьявілася надзея, але пакуль толькі надзея, прызнаецца Ларыса Асмалоўская, кажучы пра свайго мужа Віталя Калгіна, які знаходзіцца ў бальніцы ў Гайцюнішках:

«Нэўралептыкамі яго лечаць, і, натуральна, гэта не паляпшае ягонага стану. І ўвогуле мне вельмі не падабаецца, як ён цяпер выглядае. Я калі да яго зьезьдзіла апошні раз, ён ужо баіцца, каб не правялі фармальна гэтую судова-псыхіятрычную экспэртызу і не пакінулі яго яшчэ на паўгода. Карацей, проста гэтай сыстэмы ўжо баімся».

Дом-крэпасьць займаюць адміністрацыя і сацыяльна бясьпечныя хворыя. Для іншых існуе асобны будынак, кажа Ларыса Асмалоўская. Яна апавядае пра спатканьні з мужам:

«Спачатку прапускаюць на тэрыторыю бальніцы, а „строгія“ аддзяленьні — яны знаходзяцца за дротам і навокал міліцыя. Ёсьць пакой для спатканьняў. Працягваецца гадзіну, на спатканьні прысутнічаюць міліцыянт, санітар і мэдсястра. Увогуле многа людзей прыяжджае, а памяшканьне адно. Апошні раз было пяць чалавек, а раней — дзесяць. Дзясятаму трэба чакаць дзесяць гадзін. А дабрацца туды вельмі цяжка, толькі ў будні ходзіць адзін аўтобус у 7:15, і больш нічога. А ад бліжэйшага пункту, дзе ходзяць аўтобусы, сем кілямэтраў пешшу. Едуць з усёй рэспублікі туды і трацяць на гэта некаторыя па два дні».

Працяг тэмы ў наступнай праграме. Мы спынімся на мэтадах лячэньня ў беларускіх вар’ятнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG