Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб пакатацца разам на роварах, трэба дазвол уладаў


«Стылягі на роварах» каталіся па Менску 17 жніўня

«Стылягі на роварах» каталіся па Менску 17 жніўня

Арганізатарку падарожжа «Стылягі на роварах» спадарыню Ірыну суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (2 мільёны рублёў).

Яе зьвінавацілі ў парушэньні закону аб парадку правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацый.

Ірына сказала карэспандэнту Свабоды, што ўсе раварысты і яна асабіста шакаваныя такой рэакцыяй уладаў на звычайнае падарожжа раварыстаў:

«Гэтае падарожжа была для сваіх, для сяброў, а тут, атрымліваецца, аштрафавалі. Ніякіх палітычных момантаў ці нейкіх алькагольных не было. Проста сабраліся пакатацца на роварах, а атрымалася, што мы злачынцы. Мяне ўжо назвалі „адміністрацыйніцай“. Я сабрала толькі сваіх сяброў, а тое, што сабралася ўрэшце шмат і атрымалася масавая „пакатушка“, я не вінаватая. Я была ў шоку ад таго, як адрэагавалі ўлады: мяне засудзілі і далі штраф за нішто. Я на ровары катаюся ўжо 7 гадоў, і гэта першы такі інцыдэнт».

Паводле Ірыны, яе выклікалі ў пастарунак па тэлефоне празь дзесяць дзён пасьля «пакатушкі». Там міліцыянты склалі пратакол, паказалі рэкляму падарожжа «Стылягі на роварах», разьмешчаную на сайце. У гэты ж дзень, 28 жніўня, адбыўся суд.

«Я ўжо баюся выяжджаць на ровары. Я пасьля гэтага ніводнага разу на ровары ня езьдзіла. Усе мае сябры-раварысты былі ў шоку, такія дэбаты пайшлі. Мы ж катаемся, як нехта на аўтамабілі, гэта наша жыцьцё. Цяпер як нам гэта рабіць? Сабрацца і выехаць на роварах — гэта мы парушаем закон? Я ж не зьбіралася ні пляскаць, ні крычаць, ні „стоп-бэнзін“ , нічога. Мы проста прыгожа выехалі пакатацца ў прыгожых строях», — кажа Ірына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG