Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар на ровары "Орленок"


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

Я ня быў сябрам Уладзімера Конана і ня мог ім быць паводле вызначэньня – ён на тры гады старэйшы за майго бацьку. Але мне сёньня вельмі тужліва і маркотна, нешта блізкае, вялікае і роднае адышло...

Быў ён маім старэйшым калегам і кіраўніком, каля пяці гадоў я працаваў у яго аддзеле гісторыі і тэорыі культуры Скарынаўскага цэнтру. Быў ён, як і мой бацька, з Наваградчыны, і гэтыя зямляцкія карані я заўсёды адчуваў у яго тактоўным і прыязным стаўленьні да мяне. Можа таму так і атрымалася, што нашы дачыненьні, як ні дзіўна, не абмежаваліся толькі працоўнымі дачыненьнямі – бываў я і ў яго дома, і адзін, і са сваёй жонкай.

Цяпер вось думаю і разумею, што ён мне ні разу ні ў чым не адмовіў – ні ў працы, ні ў жыцьці. Заўсёды сумленна рыхтаваўся і браў удзел у маіх радыёперадачах у 90-я гады.

Уражвала яго жытло – аднапакаёвая кватэрка ў менскай Серабранцы, заваленая кнігамі. Тэлевізара ў яго не было – глядзець TV у яго проста не было часу. Ён жыў у бібліятэках і за сваім пісьмовым сталом, дакладней за сваім пісьмовым месцам – гэта было нешта арганізаванае з паліцаў і тумбаў пры вялікай кніжнай шафе ў ягоным пакойчыку. А ў перадпакоі стаяў яшчэ савецкіх часоў ровар для падлеткаў “Орленок”. На ім прафэсар зрэдчас і рабіў роварныя прагулкі па беразе Чыжоўскага вадасховішча.

Як успамін па нядрэнным прафэсарскім заробку савецкіх часоў у Конана заставалася слабасьць да добрага каньяку, які пару разоў мы пілі зь ім у яго дома, заядаючы чорным хлебам – больш нічога на закуску не было. Больш блізкія і сталыя яго сябры, напэўна, напішуць некалі і пра гісторыю каханьня Ўладзімера Конана з маскоўскай літаратаркай Лолай Званаровай. Яна не хацела ехаць у Менск, ён ня мог паехаць у Маскву. Так яны шмат гадоў і сустракаліся.

Апошнія гадоў 20 ён жыў зь пісаньня. Я маю на ўвазе ганарары за апублікаваныя артыкулы і кнігі, а таксама адносна невялікую зарплату. А гэта значыць – надзвычай сьціпла. Пісаньне было сэнсам усяго яго жыцьця. Ніякага вольнага часу, ніякіх забаваў – толькі праца, праца, праца, толькі пісаньне і пісаньне. Напісаў і выдаў ён даволі шмат, і спадчына яго, я думаю, будзе вялікаю і значнаю.

Ён быў адным з самых працавітых людзей, якіх я сустракаў у сваім жыцьці. Але што яшчэ больш важна – фанатызм і працагалізм Конана не былі скіраваныя на “ўласную прамоцыю”, як гэта ў апошні час дэманструе шмат хто ў Беларусі. Ён фанатычна працаваў менавіта на Беларусь і яе культуру. Думаю, яго можна назваць яшчэ адным недацэненым вялікім сынам Беларусі. А ў Акадэмію Навук яго так і не абралі... Затое ён умеў цаніць сваіх. Шмат якія імёны былі вернутыя ў беларускую культуру яго намаганьнямі.

У пачатку 2005 году ў Менску адбывалася прэзэнтацыя маёй кнігі “EGOізмы”, на якую я, каюся, забыўся паклікаць прафэсара Конана. Але ён прыйшоў сам, і яшчэ да пачатку прэзэнтацыі сьціпла паклаў на журнальны столік на сцэне, дзе я меўся сядзець, дзьве свае новыя кнігі з дарчымі надпісамі. А вось ён пра мяне не забываўся, часам, нават, ствараючы няёмкія сытуацыі. Гады тры назад у Менску ішла прэзэнтацыя дзьвюх новых кнігаў Алеся Разанава. Выступалі прамоўцы. Дайшла чарга да Конана. Ён устаў са свайго месца ў залі, зьвярнуўся да прэзыдыюму на сцэне, дзе сядзелі Алесь Разанаў, мастак Маркавец і яшчэ нехта і сказаў: “Добры дзень, Алесь”. Пасьля павярнуўся да мяне ў залі і сказаў: “Добры дзень, Сяргей”. І пачаў прамову... Дзякуй, Уладзімер Міхайлавіч за ўсё.

У прафэсара Конана было гучнае імя, у простым і пераносным сэнсах. Як навуковец і крытык ён сабе яго такім зрабіў літаральна. А ў пераносным сэнсе прозьвішча Конан таксама зьмяшчае ў сабе нешта магутнае, моцнае і нават вусьцішнае – кон, наканаваньне...

Адно з найлепшых наканаваньняў беларускай культуры ХХ стагодзьдзя...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG