Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс даляра, які 22 жніўня дасягнуў свайго гістарычнага максымуму, сёньня застаўся на ранейшай адзнацы — 8930 беларускіх рублёў. Такім чынам, як і прадказвалі экспэрты, на фоне высокіх тэмпаў інфляцыі нацыянальная валюта страчвае свае пазыцыі. Але ці азначае гэта, што над фінансавым рынкам зноў навіс цень дэвальвацыі?

Валеры Палхоўскі

Валеры Палхоўскі

Шмат хто з эканамістаў перакананы: пры цяперашнім росьце цэнаў рубель ужо даўно павінен быў пераадолець мяжу 9000 за даляр. Гэта, як лічыць фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі, з аднаго боку, пойдзе на карысьць беларускім экспартэрам, з другога — ня будзе спараджаць чутак пра штучнае ўтрыманьне курсу. Між тым, на думку экспэрта, рабіць трагедыю зь нязначнага аслабленьня нацыянальнай валюты няма падставаў:

«Магу меркаваць, што ў агляднай будучыні беларускі рубель паступова аслабне да адзнакі 9000 за даляр. Зрух на пару працэнтаў быў бы цалкам заканамерны, і нічога дрэннага для эканомікі ў гэтым ня будзе. Наадварот, на тым жа расейскім рынку наша канкурэнтаздольнасьць толькі падцягнецца. Моцна палохацца некаторага аслабленьня нацыянальнай валюты ня варта. Паглядзіце, што адбываецца з расейскім рублём, з валютай, якая забясьпечаная ня ў прыклад нашай. У Цэнтрабанку Расеі больш за 500 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў. Ён можа намаляваць любы валютны курс, які захоча. Але ён ня робіць гэтага, расейскі рубель вагаецца ў дыяпазоне да 10% на год адносна даляра. І ніхто з гэтай прычыны не панікуе. Але ў нас ужо ўстойлівая асацыяцыя: зьмена курсу непазьбежна прывядзе да крызісу. Хоць такія зьмены адбываюцца паўсюль, ува ўсіх валютах і ўсіх краінах».

Чарговы рэкорд, узяты далярам у Беларусі, насельніцтва і банкаўскія ўстановы ўспрынялі досыць спакойна. Чэргаў з ахвотных канвэртаваць беларускія рублі ля абменных пунктаў не заўважана, валюты на продаж хапае, некаторыя банкі купляюць даляры нават вышэй за афіцыйны курс — па 8940 рублёў. Як кажа дырэктар па разьвіцьці агенцтва «АРС Кам’юнікейшнз» Раман Касьціцын, відавочна, што памылкі 2011 году, калі дзяржава расьпісалася ў няздольнасьці камунікаваць з народам, улічаныя. Аднак калі рубель будзе абясцэньвацца і далей, то занадта доўгія паўзы могуць быць расцэненыя гэтаксама, як і два гады таму:

Раман Касьціцын

Раман Касьціцын

«На мой погляд, у нас цяпер не хапае выступаў на гэтую тэму перадусім міністраў фінансава-эканамічнага блёку — міністраў, экспэртаў з боку дзяржавы. Я шмат працую зь дзяржструктурамі, і, паводле маіх назіраньняў, найлепшы ўзровень экспэртаў у дзяржаўных органах, найбольш кампэтэнтны — гэта людзі, якія займаюць пазыцыю паміж намесьнікам міністра і клеркам. Гэта начальнікі ўпраўленьняў, людзі вельмі кампэтэнтныя. Канкрэтна магу такое сказаць пра Міністэрства фінансаў, напрыклад. Але гэта людзі не публічныя. Чаму? Відаць, няма грамадзкай замовы на іхнюю інфармацыю. Насамрэч яна ёсьць, яна вісіць у паветры. Бо людзі хочуць і павінны ведаць яшчэ больш. Добра, што ў нас цяпер даляр зьмяняецца, скарае ўсе гэтыя гістарычныя максымумы і г.д. Збольшага гэта ерунда. Хай ён пераадольвае тое, што яму трэба, галоўнае, каб ён, як у 2011 годзе, не выходзіў за рамкі рэальнага. Таму трэба крыху часьцей усё гэта камэнтаваць і ўвогуле больш сур’ёзна займацца адукацыяй людзей, іх фінансавай пісьменнасьцю».

Фінансавая граматнасьць беларусаў збольшага абмяжоўваецца страхамі перад магчымай дэвальвацыяй, калі заробкі ды ашчаджэньні ў адзін момант ператвараюцца ў пыл. Ці можна лічыць плаўнае абясцэньваньне рубля сьведчаньнем непазьбежнага абвалу, як у 2011 годзе? Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб мяркуе, што ўлады нарэшце ўсьвядомілі марнасьць ручнога кіраваньня ў справе вызначэньня валютнага курсу:

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

«Калі гаворка ня йдзе пра залаты стандарт, а выключна пра валютны курс, то гэта практыкуецца перадусім там, дзе курс усталёўваецца дырэктыўна. Яскравы прыклад — Беларусь узору 2011 году. Спачатку курс быў 3 тысячы рублёў за даляр, потым настаў крызіс, валюта зьнікла, і ў траўні сказалі, што цяпер курс будзе 4 тысячы. Ніколі, праўда, не траплялі ў раўнаважны курс, але выходзіў нейкі ліст ураду ці Нацбанку з указаньнем, колькі павінен каштаваць даляр у беларускіх рублях. Пасьля нейкія іншыя лічбы называліся, бо зразумець палітыку курсаўтварэньня не ўяўлялася магчымым. Вось такія дырэктыўныя падвышэньні курсу — гэта і ёсьць дэвальвацыя. Цяпер узяцьця на ўзбраеньне тых бяздумных прагнозных паказьнікаў, на шчасьце, не адбываецца. І гэта крыху абнадзейвае: найперш у тым сэнсе, што шмат глупства ўсё ж ня ўтвораць».

Урад Беларусі не выключае, што сярэднегадавы курс даляра ў наступным годзе складзе блізу 9500 рублёў за даляр. Такія дадзеныя прыводзяцца ў абгрунтаваньні да праекту «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год». Калі ўлічыць, што распрацоўнікам дакумэнту выступае Нацбанк, то выглядае, што 7—8-працэнтнае аслабленьне беларускага рубля вырашана прывязаць да меркаванага паказьніку інфляцыі. Іншая справа, ці ўдасца на такім жа ўзроўні ўтрымаць рост цэнаў.
XS
SM
MD
LG