Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэцэсію ў эканоміцы спыніць рост даляра да 10 тысяч рублёў


Да канца сёлетняга году чакаць значнага падвышэньня заробкаў у Беларусі не выпадае. Рост іх будзе, але «вельмі асьцярожны». Гэта зьвязана са складанай сытуацыяй у эканоміцы.

Такія заявы прагучалі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі двух намесьнікаў міністра: эканомікі — Аляксандра Ярашэнкі і фінансаў — Максіма Ермаловіча.

Ключавой праблемай беларускай эканомікі Аляксандар Ярашэнка назваў неадпаведнасьць экспарту і імпарту. Продаж беларускіх тавараў у замежныя краіны сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам склаў толькі 75,8%. Абвал — фактычна на чвэрць. Улады спрабавалі выправіць сытуацыю за кошт зьніжэньня імпарту. Але не ўдалося. Закупы за мяжой хоць і скараціліся, але склалі 89,7% параўнальна зь мінулым годам. Розьніца паміж экспартам і імпартам мінусовая, амаль на 15%.

Да вялікага зьніжэньня экспарту прычыніліся некалькі фактараў, — тлумачыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Пачынаючы ад экспартных схем, што былі летась. Яны амаль сышлі на нішто. Я найперш маю на ўвазе растваральнікі-разбаўляльнікі і г.д. Другі фактар — у нас адбываўся і пакуль што адбываецца вельмі значны рост заробкаў насельніцтва. У рэальным вымярэньні гэта больш за 20%. І гэта ўжо такая клясыка беларукага жыцьця — калі растуць заробкі, расьце і імпарт, бо людзі імкнуцца набываць сабе больш якасныя імпартныя тавары. І трэці фактар — каньюнктура для беларускай прадукцыі на зьнешніх рынках сёньня ня самая лепшая».

Намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч сёньня казаў, што грашовыя праблемы ўзьнікаюць у многім з-за таго, што ў той жа прамысловасьці заробкі растуць хутчэй за прадукцыйнасьць працы:

«Уласна кажучы, ужо сёньня відаць некаторае замаруджваньне росту прадукцыйнасьці працы ў прамысловасьці. Наша задача — пакрысе, вельмі асьцярожна, не націскаючы на ўнутраны попыт, падцягваць заробкі ў бюджэтным сэктары. І тут я повен аптымізму. Хацелася б да канца наступнага году ўсё ж дасягнуць суадносін у бюджэтнай сфэры і прамысловасьці да 90%. Цяпер гэты паказьнік складае 77–78%».

Яўген Прэйгерман адзначае: адставаньне заробкаў бюджэтнікаў робіцца ўжо сталай праблемай для Беларусі:

«Вядома, гэта ня можа не турбаваць. І да праблемы можна падыходзіць з розных пунктаў гледжаньня. Напрыклад, абвешчанае ўладамі скарачэньне дзяржаўнага апарату на 25% выкліканае найперш тым, што людзі зараблялі і зарабляюць мала. Дзе-нідзе скарачэньне адбылося. Дадаліся новыя функцыі, а заробкі застаюцца малымі.Таму і турбуецца Мінфін.

Іншая справа, што мы ўвесь час гуляем у гульні з заробкамі. І ў выніку гэта прыводзіць да непрыемных наступстваў, кшталту сытуацыі зь імпартам, валютай і г.д.».

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Намесьнік міністра эканомікі слушна назваў ключавую праблему беларускай эканомікі — адставаньне экспарту ад імпарту, — канстатуе прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

«Абвал ідзе ў цэлым, бо зьніжаецца рэнтабэльнасьць, аб’ёмы вытворчасьці зьніжаюцца. У нас у прамысловасьці — рэцэсія, то бок зьніжэньне вытворчасьці. Гэта сапраўды ключавая праблема. І выхад зь яе толькі адзін — дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Трэба, каб адзін даляр каштаваў як мінімум 10 тысяч рублёў. Такім шляхам можна падняць даходнасьць экспарту, рэнтабэльнасьць экспарту і ажывіць вытворчасьць».
XS
SM
MD
LG