Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі ня хочуць эвакуацыі турыстаў з Эгіпту


Пляжы Хургады

Пляжы Хургады

Беларусь пакуль ня бачыць неабходнасьці эвакуіраваць сваіх турыстаў з Эгіпту. З такой заявай сёньня выступілі прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму.

Каля тысячы беларускіх турыстаў знаходзяцца цяпер у Эгіпце. Інфармацыі пра небясьпеку іх жыцьцю і здароўю не паступала.

Пра гэта РІА «Новости» паведаміў дырэктар дэпартамэнту па турызьме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Вадзім Кармазін.

На думку беларускага боку, неабходнасьці ў эвакуацыі турыстаў з Эгіпту пакуль няма, але Мінспорту рэкамэндавала турфірмам часова спыніць адпраўку турыстаў у гэтую краіну.

«У сувязі з абвяшчэньнем у Эгіпце надзвычайнага становішча турысты, якія ўжо аплацілі паездку, маюць права патрабаваць вяртаньня грошай або зьмены месца адпачынку», — сказаў Кармазін. Ён падкрэсьліў, што гаворка ідзе аб поўнай суме выдаткаў:

«Ніякіх штрафных санкцыяў турфірмы ў гэтым выпадку ўжываць ня маюць права».

Кармазін удакладніў, што адпаведныя палажэньні зьмешчаныя ў Грамадзянскім кодэксе Беларусі. У выпадку, калі турфірма адмовіцца кампэнсаваць поўны кошт тура, Кармазін рэкамэндаваў зьвяртацца ў суд.

Пасьля таго як вайскоўцы 3 ліпеня адхілілі экс-прэзыдэнта Эгіпту Мурсі ад улады, на плошчах Каіра зьявіліся намётавыя мястэчкі, палявыя кухні і шпіталі, трыбуны для выступаў.

Міністэрства аховы здароўя Эгіпту паведаміла, што паводле стану на 15 жніўня ў выніку разгону дэманстрацыі прыхільнікаў Мурсі загінулі 525 чалавек, а 3,5 тысячы былі параненыя.

«Браты-мусульмане», лідэрам якіх зьяўляецца зрынуты войскам прэзыдэнт Мурсі, кажуць, што ахвяраў нашмат больш.

Мухамэд Эль-Барадэй, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, адмовіўся ад пасады віцэ-прэзыдэнта Эгіпту на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў і вайскоўцаў, якія іх падтрымліваюць.

Гвалт у Эгіпце асудзілі Турцыя, Іран, ЗША і Эўразьвяз.

Тым часам Фінляндыя пачала эвакуацыю сваіх грамадзян з Эгіпту.
XS
SM
MD
LG