Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН патрабуе спыніць кровапраліцьце ў Эгіпце


Партрэт зрынутага Махамэда Мурсі пасьля крывавага разгону лягера пратэстоўца ля мячэту Рааба-аль-Адавія ў Каіры

Партрэт зрынутага Махамэда Мурсі пасьля крывавага разгону лягера пратэстоўца ля мячэту Рааба-аль-Адавія ў Каіры

Рада Бясьпекі ААН правяла экстраную закрытую нараду, на якой абмяркоўвалася сытуацыя ў Эгіпце.

Пра гэта паведамляе служба навінаў ВВС з спасылкай на свайго карэспандэнта ў штаб-кватэры ААН. Сустрэчу ініцыявалі Вялікая Брытанія, Францыя, Аўстралія і Турэччына, урады якіх яшчэ раней выступілі з рэзкай крытыкай ужываньня сілы супраць дэманстрантаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, у выніку ўзброенага супрацьстаяньня вайсковых падразьдзяленьняў з прыхільнікамі зрынутага прэзыдэнта Мухамэда Мурсі найменей 638 чалавек загінулі. Пры гэтым відавочна, што лічба не канчатковая, бо канфлікт працягваецца.

Вынікам паседжаньня Рады Бясьпекі стаў зварот да ўсіх бакоў канфлікту ў Эгіпце з заклікам да максымальнай стрыманасьці і неадкладнага спыненьні кровапраліцьця.

У сваю чаргу, Турэччына адклікала з Эгіпту свайго пасла, улады Францыі выклікалі для тлумачэньняў кіраўніка дыпляматычнай місіі.

Гвалт у Эгіпце раней таксама асудзіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які заявіў пра адмену заплянаваных сумесных вучэньняў з арміяй Эгіпту.

Тым часам прыхільнікі руху «Браты мусульмане» заклікаюць да новых акцый пратэсту ў Эгіпце, патрабуючы вяртаньня да ўлады Мухамэда Мурсі. У прыватнасьці, на сёньня ў розных гарадах краіны прызначаная «пятніца гневу».
XS
SM
MD
LG