Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Беларусь можа напаткаць лёс Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі


8 жніўня 2008 году ўвага ўсяго сьвету была прыкаваная да дзьвюх падзеяў: пачатку Алімпійскіх гульняў у Пэкіне і збройнага канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй. За пяць наступных гадоў спартовыя рэкорды былі неаднаразова перапісаныя, а вось адносіны Масквы і Тбілісі так і засталіся ў стадыі халоднай вайны.

Прамінулы час ня ўнёс асаблівых карэктываў і ў пазыцыю афіцыйнага Менску. З аднаго боку, дадзенае Крамлю абяцаньне прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, якія ў выніку ваенных дзеяньняў фактычна перайшлі пад юрысдыкцыю Расеі, так і засталося дэклярацыяй. Зь іншага боку, Беларусь захоўвае досыць блізкія стасункі з грузінскім кіраўніцтвам, пастаўляючы на ўнутраны рынак прадукцыю, якая выклікае «палітычную алергію» ў Маскве.

У самы разгар расейска-грузінскага супрацьстаяньня дырэктар Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Саюзу журналістаў Расеі Алег Панфілаў прымае рашэньне хрысьціцца ў Грузінскай праваслаўнай царкве — такой незвычайнай была рэакцыя на сілавыя захады Расеі супраць Грузіі. Ужо на наступны год ён стала пераяжджае на жыхарства ў Тбілісі. На той час ён яшчэ захоўвае грамадзянства Таджыкістану. А неўзабаве прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі надае яму грузінскае грамадзянства. Цяпер спадар Панфілаў — прафэсар Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Іліі Чаўчавадзэ, аўтар і вядучы на тэлеканале ПІК. Ці зьмянілася, зь ягонага гледзішча, разуменьне падзеяў пяцігадовай даўніны на палітычным узроўні? Або кожны з бакоў так і застаўся пры сваім?

Алег Панфілаў

Алег Панфілаў

«Пры сваім — натуральна, таму што, на жаль, Расея ў асобе прэм’ер-міністра Мядзьведзева па-ранейшаму сьцьвярджае, што гэта Грузія распачала вайну. Не пагаджаючыся ні зь якімі аргумэнтамі і не прызнаючы ніякіх фактаў. У Грузіі стаўленьне дакладна такое ж. Хоць новы ўрад спрабуе маніпуляваць, але ў асноўным гэта палітычныя лёзунгі. Кшталту таго, што неабходна наноў правесьці расьсьледаваньне гэтай вайны. Але цяпер практычна па ўсёй Грузіі, пачынаючы ад учорашняга вечара, праходзяць акцыі памяці. І ўдзел ураду Грузіі ў гэтых акцыях пацьвярджае, што краіна нават пры новым урадзе ўсё роўна стаіць на сваім. А інакш проста і быць ня можа».

Карэспандэнт: «Асабіста ў вас жаданьня вярнуцца ў Расею няма?»

«Найперш, я ніколі ня быў грамадзянінам Расеі — куды я вярнуся? Па-другое, у мяне няма ніякага жаданьня нават наведваць гэтую краіну…»

Цягам усяго збройнага канфлікту кіраўніцтва Беларусі захоўвала нэўтралітэт. Перарваць маўчаньне прымусіла абвяшчэньне з падачы Крамля сувэрэнітэту Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Узамен на эканамічныя прэфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны паабяцаць, што прызнаньне самаабвешчаных рэспублік — пытаньне часу. Наступныя гады беларускія ўлады імітавалі дзейнасьць у гэтым кірунку, у Сухумі і Цхінвалі наведваліся парлямэнцкія дэлегацыі. Як кажа Алег Панфілаў, пакуль Лукашэнку ўдаецца пускаць пыл у вочы саюзьніку, але пры цяперашняй палітыцы лёс Беларусі можа быць ня лепшы, чым у іншых аскепкаў імпэрыі, на якія паклала вока Расея:

«Я думаю, што ў дадзеным выпадку ў Лукашэнкі спрацоўвае элемэнтарны прагматызм. Лукашэнка, перш за ўсё, намагаецца ўтрымацца ва ўладзе, у тым ліку дзякуючы якімсьці больш-менш прымальным адносінам з Крамлём. Але разам з тым Лукашэнка цудоўна разумее, што Крэмль, паглынуўшы Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, утрымліваючы свае войскі ў Прыднястроўі і палітычна падтрымліваючы карабахскі канфлікт, можа дакладна гэтак жа абысьціся і зь Беларусьсю. Таму ў дадзеным выпадку прагматызм Лукашэнкі можна толькі вітаць — нягледзячы на ўнутраную палітыку ў Беларусі».

Зураб Бараташвілі

Зураб Бараташвілі

Тым часам жыцьцё ў Грузіі вярнулася ў звыклае рэчышча. Адзінае, наракае жыхар Батумі Зураб Бараташвілі, — досыць цяжка знайсьці годны занятак. Як правіла, мужчыны таксуюць на ўласных аўто, а жанчыны занятыя на рынках. Сам Зураб некалькі гадоў адпрацаваў на будоўлях у Нямеччыне і Партугаліі, але на радзіме ўжытку ўласным здольнасьцям пакуль не знайшоў — турыстычную Аджарыю апанавалі турэцкія будаўнічыя фірмы, якія працаўладкоўваюць перадусім сваіх спэцыялістаў:

«Магу сказаць з уласнага досьведу. Я шмат гадоў працаваў у Эўропе, мяне працадаўцы не хацелі адпускаць, былі задаволеныя маёй кваліфікацыяй. Але прыехаў у адпачынак і з гэтай вайной засеў тут, ня змог у тэрмін назад вярнуцца. І ад таго часу не магу знайсьці годную працу. Безумоўна, нейкі занятак знайсьці можна, але калі элемэнтарна не хапае на хлеб, то на такую працу ніхто ня пойдзе. Калі ў Эўропе на вытворчасьці я атрымліваў 5–7 эўра за гадзіну, то чаму не магу ў Грузіі хоць бы 5 лары мець? Застаецца толькі зьдзіўляцца: за мяжой мяне цанілі, чакалі, заклікалі, каб ішоў да іх працаваць, а дома — незапатрабаваны. Калі на Захадзе мог працаваць, чаму тут не магу? На гэтае пытаньне сам не магу знайсьці адказ. І справа ж ня толькі ўва мне. Пэнсіянэрам 100 лары даюць — зусім мала, месяц ніяк не працягнеш. Зь іншага боку, трэба зразумець: дзяржава толькі аднаўляецца, таму, мабыць, паступова будуць і ў пэнсіянэраў прыбыткі расьці, і заробкі падвышацца».
Грузінская антываенная антырасейская паштоўка

Грузінская антываенная антырасейская паштоўка


Былая баранавіцкая настаўніца Алена Рак прыехала ў Грузію ў 2009 годзе, калі яшчэ зусім сьвежымі былі ўспаміны пра трагічныя падзеі жніўня 2008-га. Наступныя два гады працавала ў офісе маркетынгавай сеткі «Паблісыз». Перакананая, што той пэрыяд застанецца адным зь яскравых у яе жыцьці:

Алена Рак

Алена Рак

«Яны любяць размаўляць пра сацыяльныя рэчы, любяць расказваць, што колькі каштуе. Вельмі важны складнік эканомікі — бэнзін, таму што часу ад часу кошты на яго растуць, ужо больш як 2 лары за літар, а гэта цягне за сабой цэлы ланцужок падаражэньняў у іншых сфэрах. Дык вось, ад часоў, калі бэнзін каштаваў меней за адзін лары, яны могуць параўнаць — колькі можа было купіць на 20 лары 2 гады таму і колькі цяпер. Гэткі своеасаблівы індэкс гамбургера па-грузінску. Уражвае, як хутка нават шараговыя грузіны інтэгруюцца ў эўрапейскую супольнасьць. Аднойчы з кампаніяй сустрэлі ў Тбілісі каваля. Гэта здарылася зусім выпадкова, з намі яшчэ былі францужанкі. Мы проста былі зачараваныя вытанчанымі вырабамі — мужчына з памочнікамі вырабляў вельмі прыгожыя нажы. Самае нечаканае, што ён пачаў нам пра ўсё распавядаць на ангельскай мове. Мы былі настолькі зьдзіўленыя — так, сапраўды прафэсіянал, ручная праца, робіць прыгожыя рэчы. Чалавек са звычайнай вёскі. І ён размаўляў з намі па-ангельску».
Тбілісі

Тбілісі


Ахвярамі пяцідзённай расейска-грузінскай вайны сталі сотні чалавек з абодвух бакоў — дакладныя дадзеныя паводле вэрсіяў Масквы і Тбілісі дагэтуль істотна розьняцца. Тысячы мірных грамадзянаў ператварыліся ў вымушаных уцекачоў. Разарваныя дыпляматычныя адносіны паміж Расеяй і Грузіяй не аднавіліся дагэтуль, на знак пратэсту супраць прамаскоўскай пазыцыі краінаў былога СССР Грузія выйшла са складу СНД. На некалькі гадоў былі парушаныя транспартныя сувязі паміж расейскімі і грузінскімі рэгіёнамі, шэраг грузінскіх тавараў дагэтуль у сьпісе забароненых на тэрыторыі Расеі.
XS
SM
MD
LG