Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха вайны на Каўказе


Хацеў напісаць — доўгае, але задумаўся — а ці насамрэч? Непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі было нечаканым і моцным крокам, але ў сучасным хуткаплынным сьвеце ўсё забываецца і губляе вагу.

Тады рашэньне афіцыйнага Менску (асабліва, калі было б адваротным), сапраўды шмат важыла: прызнала Расея, прызнала немаленькая эўрапейская краіна, заснавальніца ААН, так бы мовіць, спасылаючыся на прыклад Беларусі, Масква магла б прымусіць і нейкую іншаю краіну са складу СНД прызнаць, а далей можа і іншыя б пагадзіліся. А так тагачаснае рашэньне Аляксандра Лукашэнкі фактычна перадвызначыла цяперашнюю сытуацыю, дзе дзьве грузінскія аўтаноміі прызнае фактычна адна Расея. Можна меркаваць, што тады і пазьней на ўсе ўгаворы Масквы кандыдаты ў «прызнавацелі» адказвалі — ну калі ўжо ваш бліжэйшы саюзьнік, бадай што ваша правінцыя, не прызнае, то чаго вы ад нас хочаце?

Тое рашэньне Беларусі адыграла ключавую ролю ў пачатку працэсу нармалізацыі стасункаў з Эўразьвязам. Ня тое, што галоўную, ўсё ж пакуль у 2008 годзе на волю ня выйшаў апошні палітвязень, «мядовы месяц» не пачаўся. Аднак і непрызнаньне, і ў першую чаргу самая вайна дыктавалі новае бачаньне сьвету, сьвету ў якім пытаньні міжнароднай бясьпекі выйшлі на першы плян, адціснуўшы на другі трэці ўсе астатнія.

Тады Захад у той ці іншай ступені быў ісьці насустрач любым суседзям Расеі, незалежна ад іх унутранай пабудовы, дзеля таго каб спрыяць умацаваньню іх незалежнасьці.

Але, як пісаў клясык, няма таго, што раньш было. У першую чаргу таму, што ня спраўдзіліся катастрафічныя прагнозы, паводле якіх вайна на Каўказе — пралёг менавіта вайсковых спробаў Масквы ўсталяваць свой кантроль над былымі савецкімі рэспублікамі. Забылася зараз, але тады ўсур’ёз абмяркоўвалася, каго наступнага «прымусяць да міру» — Малдову з-за Прыднястроўя, Украіну з-за Крыму ці каго іншага. Можна шмат спрачацца пра прычыны, важны факт — нікога.

Вайна з Грузіяй была жахлівым, небясьпечным, пагрозьлівым, але эпізодам, а не пачаткам новай, сілавой палітыкі.

Гэта ня значыць, што Масква забыла пра свае пляны рэгіянальнага дамінаваньня. Зусім не, сьведчаньне чаму — амбітны праект Эўразійскага саюзу, які яна мэтанакіравана рэалізуе. Але не ваеннымі сродкамі, што насамрэч мае значэньне.

Мае і ў тым сэнсе, што прыярытэты, спароджаныя страхам вайны і яе далейшай эскаляцыі, ізноў зьмяніліся на больш звыклыя. Зразумела, гіпотэза, але мяркую, што калі б жах 19 сьнежня 2010 году адбыўся на два гады раней, «мядовага месяца» можа і не было б, але рэакцыя Захаду была б больш стрыманай, чым яна была ў 2010 і наступных гадах, калі геапалітыка саступіла месца палітыцы. Ня тое, што палітыка за гэты час павярнулася на 180 градусаў, проста ў вызначэньні «дэспат, які кіруе суседам Расеі» націск з другой часткі ізноў перайшоў на першую.

Адпаведна, і непрызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі стала ўжо фактам, які ня можа быць зьменены, а таму ён ня робіць надта ўжо вялікага ўплыву на бягучую палітыку. Такое прызнаньне зараз выклікала б рогат усяго сьвету — маўляў, прачнуліся беларусы нарэшце, разабраліся. Да таго ж гэта ў прынцыпе не магло б спарадзіць ланцуг прызнаньняў — праехалі, гэтыя дзьве непрызнаныя рэспублікі маюць такі ж статус, як Паўночны Кіпр, прызнаны адной Турэччынай, і так будзе калі не назаўжды, то надоўга.

На думку некаторых экспэртаў праект Усходняга партнэрства стаў своеасаблівым адказам Эўразьвязу на жнівеньскую вайну 2008 году. Але, так выглядае, што плён і гэтага праекту адносна Беларусі, калі і быў, то застаўся ці ў марах ці ў мінулым. Гэтак жа, як у свой час з праграмай НАТА «Партнэрства дзеля міру»: хто хацеў, той скарыстаў яе так, што стаў чальцом альянсу, хто не хацеў, як Беларусь — для таго праграма засталася прыемным заняткам для пары чыноўнікаў у пагонах ці без.

З непрызнаньня незалежнасьці грузінскіх аўтаномій афіцыйны Менск здолеў атрымаць пэўную карысьць ад Грузіі. Ня тое, каб надта, але Міхаіл Саакашвілі даволі добрасумленна выконваў ролю адваката Лукашэнкі на розных міжнародных пляцоўках. Але і тут выглядае, што праехалі — ўлада ў Тбілісі зьмянілася, Іванішвілі аддае перавагу наладжваньню стасункаў з Расеяй. Гэта ня значыць, што новыя кіраўнікі Грузіі пачнуць бэсьціць «апошняга дыктатара Эўропы», ўсё ж пэўная, скажам так, геапалітычная ўдзячнасьць захоўваецца, але ня больш за тое.

Так што па вялікім рахунку рэха той вайны што да Беларусі сьціхла. Для Грузіі, зразумела, не, можа і для ўсяго Паўднёвага Каўказу не, а для Беларусі — так.

Зразумела, нікуды не падзелася імкненьне Расеі дамінаваць у рэгіёне. Але пакуль яна гэта робіць мірным шляхам, гэта не спараджае адпаведнай рэакцыі. У 2010 годзе, падчас візыту прэзыдэнта Абамы ў Прагу, адзін зь яго дарадцаў правёў сустрэчу з прадстаўнікамі шэрагу ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Апошнія скардзіліся на спробы расейцаў кантраляваць палітыку іх краін. На што амэрыканскі госьць сказаў: «Мы мае абавязацельствы абараняць вас ад расейскіх танкаў. І мы выканаем гэтае абавязацельства. Але мы ня будзем абараняць вас ад расейскіх банкаў, тым больш, што вы ж самі з задавальненьнем зь імі супрацоўнічаеце».

Перад Беларусьсю ЗША ня маюць юрыдычна значных абавязкаў абараняць яе нават ад расейскіх танкаў. Ну а ад банкаў і пагатоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG