Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду» на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць іх грамадзкае аб’яднаньне.

Такое рашэньне агучыла 7 жніўня судзьдзя Валянціна Кулік. Адмову ў рэгістрацыі Мін’юст аргумэнтаваў двума парушэньнямі, якія «носяць непапраўны характар».

У якасьці аднаго з парушэньняў Мін’юст зьвярнуў увагу на пратэрмінаваны гарантыйны ліст аб прадстаўленьні юрыдычнага адрасу. Аднак, як сьцьвярджаюць прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду», на момант падачы дакумэнтаў у міністэрства (8 траўня) гарантыйны ліст быў сапраўдны:

«Тэрмін яго дзеяньня заканчваецца 31 траўня, і Мін’юст цягнуў з адказам да апошняга, а потым заявіў, што цяпер у нас няма юрыдычнага адрасу. Але мы ў любы момант маглі б прынесьці новы гарантыйны ліст», — заявіў БелаПАН актывіст кампаніі Сяргей Вазьняк.

Другое, з пункту гледжаньня чыноўнікаў, парушэньне Вазьняк назваў «проста глупствам»:

«У Мін’юсьце сьцьвярджаюць, што ў нас ня вызначаны колькасны склад праўленьня. Але ён у нас вызначаны ў складзе пяці чалавек, былі пералічаныя прозьвішчы. Тут наагул няма парушэньняў», — падкрэсьліў ён.

Устаноўчы сход «Гавары праўду!» адбыўся 13 красавіка ў Менску. У ім узялі ўдзел каля 60 дэлегатаў зь Менску і абласьцей Беларусі. Старшынёй арганізацыі абраны лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году паэт Уладзімір Някляеў, яго намесьнікам — Андрэй Дзьмітрыеў.

Мэта аб’яднаньня — «садзейнічаньне пабудове ў Беларусі дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, народнай гаспадаркі, умацаваньню патрыятычных традыцый беларускага народа».

Гэта была ўжо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» прайсьці афіцыйную рэгістрацыю.
XS
SM
MD
LG