Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Зрухаў у бок чалавечага ў Беларусі чакаць не даводзіцца»


У Вярхоўным судзе Беларусі распачаліся слуханьні паводле скаргі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» на Міністэрства юстыцыі за адмову ў рэгістрацыі.

Лідэры «Гавары праўду» называюць дзеяньні Мін’юсту палітычна матываванымі, просяць прызнаць, што адмова ў рэгістрацыі кампаніі была незаконнай, і скасаваць яе.

На першае судовае паседжаньне ў Вярхоўны суд прыйшоў лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў. На пачатку працэсу ён выступіў з заявай, што «Гавары праўду» спрабуе зарэгістравацца трэці раз, чарговая адмова Міністэрства юстыцыі мае палітычны характар і гэткім чынам Мін’юст выканаў замову прэзыдэнцкай адміністрацыі і сілавых структураў. Тым ня менш, не зважаючы на аргумэнты пазоўнікаў, прысутны ў судзе пракурор падтрымаў пазыцыю Міністэрства юстыцыі Па заканчэньні першага дня працэсу Ўладзімер Някляеў сказаў Свабодзе:

«Тое, што адбылося сёньня, ізноў сьведчыць пра тое, што рэальных зрухаў у бок лібэралізацыі, дэмакратызацыі, у бок чалавечага, заснаванага на выкананьні законаў жыцьця ў Беларусі пакуль што чакаць не даводзіцца».

Падставай для адмовы ў рэгістрацыі кампаніі «Гавары праўду» Міністэрства юстыцыі назвала факт зьмены юрыдычнага адрасу, які на момант падачы заявы адпавядаў рэчаіснасьці. Таксама парушэньнем Мін’юст назваў некаторыя тэхнічныя акалічнасьці правядзеньня ўстаноўчага сходу, якія заканадаўствам не абумоўліваюцца. Акрамя таго, як падкрэсьліў яшчэ адзін удзельнік судовага працэсу, актывіст «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк, дзейнае заканадаўства дазваляе выправіць названыя нібыта парушэньні падчас рэгістрацыі. Аднак у Міністэрстве юстыцыі палічылі за лепшае забараніць рэгістрацыю. Вярхоўны суд гэтае рашэньне падтрымае, мяркуе спадар Вазьняк:

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

«Рашэньне — яно відавочнае, але мы ў гэты пінг-понг гуляць ужо навучыліся і прывыклі, бо гэта ў нас ужо трэцяя спроба рэгістрацыі. Нам гэтак нават прасьцей: пры рэгістрацыі мы мусім мець банкаўскі рахунак, весьці дакумэнтацыю, нас могуць і абавязаныя правяраць. А так мы дзейнічаем у рамках стварэньня грамадзкай арганізацыі і гэткім чынам абараняем нашых людзей ад артыкула 193 Крымінальнага кодэксу, які прыцягвае да адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Правядзем яшчэ адзін устаноўчы сход, будзем спрабаваць ізноў рэгістравацца, і гэтак далей».

Днямі Вярхоўны суд не падтрымаў аналягічную скаргу да Міністэрства юстыцыі ад заснавальнікаў грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары», раней быў зачынены праваабарончы цэнтар «Вясна», ціск уладных і міліцэйскіх структур адчуваюць на сабе дзясяткі іншых грамадзкіх арганізацый. Уладзімер Някляеў мяркуе, што гэткім чынам цяперашняя ўлада вельмі неабачліва ставіцца да незалежнай беларускай грамадзянскай супольнасьці:

«У сувязі з акцыяй Расеі адносна «Беларуськалія», можна меркаваць, што гэта першая сур’ёзная ластаўка, але не апошняя. І на месцы сёньняшняга кіраўніцтва я моцна падумаў бы, ці варта ўціскаць добрую волю беларускай грамадзянскай супольнасьці. Якая ў выпадку абароны незалежнасьці, дзяржаўнасьці Беларусі стаіць на тых жа пазыцыях, якія прынамсі дэкляруе (але бачым, як выконвае) сёньняшні рэжым. Пара ўжо ўзяцца за галаву, а не займацца хітрыкамі, якія зьяўляюцца не палітыкай, а нейкімі «разборкамі».

Рашэньне паводле скаргі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» да Міністэрства юстыцыі Вярхоўны суд абвесьціць у сераду, 7 жніўня.
XS
SM
MD
LG